Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намёртва прырасьлі да крэслаў. Экспэрты з Масквы і Менску пра інаўгурацыі Пуціна і Лукашэнкі


Уладзімір Пуцін (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Хто ў каго вучыцца, Лукашэнка ў Пуціна ці Пуцін у Лукашэнкі, імкнучыся да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва.

18+6. Пуцін заступіў на пасаду прэзыдэнта Расеі. ВІДЭА

Апоўдні ў Маскве прайшла цырымонія ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна — 18 сакавіка ён быў перавыбраны на чарговы прэзыдэнцкі тэрмін. Ад 2012 году кіраўнік Расеі выбіраецца на 6 гадоў, тады Пуцін заступіў на пасаду трэці раз. Ад сёньня пачынаецца чацьвёрты тэрмін. Адзін тэрмін (2008–2012) Пуцін быў прэм’ерам пры залежным ад яго прэзыдэнту Дзьмітрыю Мядзьведзеву.

Урад Расеі на чале зь Мядзьведзевым сыдзе ў адстаўку

Паводле службы пратаколу, пасьля прысягі ў Андрэеўскай залі Вялікага Крамлёўскага палаца на Саборнай плошчы адбыўся агляд параду Крамлёўскага палка. Пасьля гэтага — набажэнства ў Дабравешчанскім саборы. Чакаецца, што 7 траўня Пуцін мае ўнесьці ў Дзяржаўную думу кандыдатуру новага кіраўніка ўраду — паводле Канстытуцыі, стары кабінэт на чале зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым падаў у адстаўку.

5 траўня па ўсёй Расеі прайшлі акцыі пратэсту «Ён нам ня цар» супраць узурпацыі ўлады Пуціным. Паводле праваабаронцаў, у трох дзясятках гарадоў былі затрыманыя 1597 чалавек, сярод іх дзеці і пэнсіянэры. Заведзеная прынамсі адна крымінальная справа.

Гефтэр: Інаўгурацыя як прыродная зьява

Аналітыкі адзначаюць, што Ўладзімір Пуцін упэўнена крочыць шляхам свайго «саюзнага» калегі Аляксандра Лукашэнкі. Праўда, той мае фору ў 6 гадоў, бо пачаў кіраваць Беларусьсю яшчэ ў 1994-м.

Расейскі праваабаронца, дырэктар Інстытуту правоў чалавека Валянцін Гефтэр жартуе, што інаўгурацыі Пуціна ў Маскве і Лукашэнкі ў Менску ператвараюцца ў «рэгулярную прыродную зьяву».

Валянцін Гефтэр
Валянцін Гефтэр

«У размовах зь беларускімі калегамі заўсёды абмяркоўваем, хто першы, хто другі, хто ў каго вучыцца, — кажа ён. — На гэтую тэму можна доўга філязофстваваць, але, як бы там ні было, усе аўтарытарныя рэжымы маюць агульныя рысы. Безумоўна, тут важныя і традыцыі, і карані — прычым ня толькі ў дачыненьні да тых, хто прагне ўлады, а і насельніцтва, якое ледзь не генэтычна баіцца не заўсёды прагназаваных пераменаў наверсе. Але так ці інакш, карыстаючыся пэўнай разгубленасьцю грамадзтва, кіраўнікі дзяржаваў намёртва прырастаюць да сваіх крэслаў».

Пуцін трымаецца на дубінках і нагайках

Акцыя ў Санкт-Пецярбургу 5 траўня
Акцыя ў Санкт-Пецярбургу 5 траўня

​Расейскія сілавікі даўно так брутальна не абыходзіліся з удзельнікамі акцый пад лёзунгам «Ён нам ня цар», на якія 5 траўня заклікаў адзін з апазыцыйных лідэраў Аляксей Навальны. Ці не ўпершыню для разгону мітынгоўцаў былі задзейнічаныя казакі, якія лупцавалі апанэнтаў нагайкамі.

«Удзельнікі такіх акцый таксама не заўсёды ідэальныя, таму справакаваць такія рэжымы на сілу — раз плюнуць, — працягвае расейскі праваабаронца. — Тым больш ня ўсё кіруецца з аднаго цэнтру нават у маленькай Беларусі, ня кажучы пра вялізную Расею — імпэт выслужыцца часьцяком зашкальвае. Ну вось нашы казакі аказаліся „круцейшымі“ за памагатых вашага „бацькі“. Што тычыцца брутальнасьці, раней яна была ў адных, цяпер у другіх. Гэта рэч пераменная, галоўнае агульны трэнд. А ён пра тое, што ня могуць знайсьці аптымальную форму зносінаў зь нязгоднымі. Я разумею, што вельмі цяжка, але часта яе нават і не шукаюць».

Валянцін Гефтэр кажа, што постсавецкія дыктатары трапілі ў зачараванае кола: прыватызавалі ўладу, але прапанаваць нейкія рэцэпты аздараўленьня ўжо ня здольныя — за столькі гадоў адчуваньне рэальнасьці проста страчанае.

«Тут важная не сама форма, хоць часта яна вельмі абуральная ў сваёй рэалізацыі — з гледзішча характару выбараў, перадвыбарнай кампаніі — а зьмест. Жахлівае дэжавю, калі дзесяцігодзьдзямі паўтараецца прыкладна адно і тое ж. Адны і тыя ж мэханізмы кіраваньня, адны і тыя ж твары на чале сыстэмы вэртыкалі. Ніякіх сур’ёзных пасоўваньняў або яны толькі ў бок большай жорсткасьці, кансэрвацыі палітычнага рэжыму. І гэта значна больш небясьпечная зьява, чым пэрсаналізацыя (хоць, безумоўна, гэта зьвязаныя рэчы). У вас жа таксама важна ня тое, што кіруе адзін чалавек, які ўсім надакучыў. Важна тое, што ў яго не хапае ні мудрасьці, ні сьмеласьці для таго, каб пайсьці на перамены, сур’ёзьнейшыя за касмэтычныя».

Хто лепшы прэзыдэнт: Лукашэнка ці Пуцін? Апытаньне ў Маскве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:27 0:00

Шушкевіч: Гэта шлях усіх кіраўнікоў камуністычнага мысьленьня

Колішні сьпікер Вярхоўнага Савету і першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч гэтаксама ня схільны шукаць, хто падае прыклад — Лукашэнка ці Пуцін.

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

«Я б не гаварыў пра нейкі „ўнікальны шлях“ Лукашэнкі, — адзначае ён. — Гэта шлях постсавецкіх кіраўнікоў камуністычнага мысьленьня — зірніце на Азэрбайджан, Казахстан, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан. Філязофія тых, хто прыкідваўся марксістам і нібыта змагаўся за правы працоўных, а цяпер надзяляе народным багацьцем блізкае атачэньне, а з астатніх выціскае сокі. Пратэст у Расеі, бо сьвядомая частка разумее, што адбываецца. Пакуль мала сіл, але нічога, зьбяруцца. Усё будзе адкінута, проста так хутка ня робіцца. А што да Беларусі, пакуль будзе культурны ўзровень лукашэнкаўскі, дабра чакаць ня варта. Ідзе прымітывізацыя па ўсіх кірунках».

Чаму ў Армэніі атрымалася, а ў Расеі і Беларусі — не

Станіслаў Шушкевіча адказаў на пытаньне, чаму супраціў кіраўнікам, якія рознымі хітрыкамі хочуць кіраваць пажыцьцёва, атрымліваецца ў армянаў і ўкраінцаў і ня мае вялікага плёну ў Расеі і Беларусі?

«Мэнталітэт — гэта адно, але я скажу, што важны і міжнародны фактар, — мяркуе Шушкевіч. — Армянская дыяспара ў сьвеце вельмі вялікая, гэта высокаадукаваныя людзі. Тое ж тычыцца ўкраінскай прысутнасьці ў сьвеце. Таму ў іх усё адбываецца хутчэй. Беларускі ўплыў, апроч Вялікай Брытаніі ды ЗША, слабы, няма ўзаемапаразуменьня з заходнімі каштоўнасьцямі. А што тычыцца Расеі, то мець 20 мільёнаў жабракоў і трыльён даляраў, прыхаваны алігархамі, гэта ня што іншае, як імітацыя змагарства за вялікую Расею, а на справе вырашэньне прыватных інтарэсаў на пакаленьні наперад — да ўнукаў».

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту 5 траўня ў Самары
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту 5 траўня ў Самары

Сацыёлягі «Левада-цэнтру» напярэдадні інаўгурацыі Пуціна вывучылі думку расейцаў наконт яго дасягненьняў і няўдач на пасадзе прэзыдэнта.

47% рэспандэнтаў назвалі ягоным галоўным посьпехам «вяртаньне Расеі статусу вялікай дзяржавы». Самыя частыя прэтэнзіі расейцаў да Пуціна зьвязаныя з сацыяльнымі праблемамі, і лідзіруе несправядлівае разьмеркаваньне даходаў. Пра гэта заявілі 45% апытаных. Траціна незадаволеныя няздольнасьцю кіраўніка дзяржавы падвысіць зарплаты і пэнсіі. Пачынаючы ад 2015 году, расьце колькасьць расейцаў, якія гавораць пра няўдачы Пуціна, у той час як ацэнка ягоных посьпехаў зьніжаецца.

Хто лепшы прэзыдэнт: Лукашэнка ці Пуцін? Апытаньне ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:09 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG