Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9-ы дзень галадоўкі. Агляды мэдыкаў, званкі сыноў з калёніяў, «перадача» ў Чачню Кадыраву


Галадоўніцы з Каленкавічаў
Галадоўніцы з Каленкавічаў

9-ы дзень ў Беларусі працягваецца галадоўка актывістак руху «Маці 328», якія дамагаюцца лібэралізацыі антынаркатычных законаў і перагляду спраў сваякоў, асуджаных на вялікія тэрміны за распаўсюд наркотыкаў.

«Аптымізм ёсьць, а сілы сыходзяць»

Па стане на 5 траўня ў галадоўцы па-ранейшаму бяруць ўдзел 14 чалавек. Лічба засталася нязьменнай таму, што 4 траўня адна галадоўніца далучылася да акцыі ў Віцебску, але ў той жа дзень адна жанчына ў Каленкавічах выйшла з галадоўкі у сувязі з дрэнным станам здароўя. Такім чынам, там працягваюць галадоўку 6 жанчын, яшчэ 7 галадаюць ў вёсцы Востраў у Пухавіцкім раёне, адна — ў Віцебску.

«Аптымізму яшчэ шмат, хаця сілы сыходзяць», — гэтак сказала пра сёньняшні маральны і фізычны стан галадоўніцаў лідэр руху «Маці 328» Ларыса Жыгар. Паводле яе, цяпер кожную раніцу ў лягер актывістак прыяжджаюць лекары, каб праверыць стан здароўя актывістак. «Сёньня бралі аналіз крыві, замяралі ціск. Агульны стан вызначылі як здавальняючы. Трымаемся», — сказала Лырыса Жыгар пра галадоўніц у Пухавіцкім раёне.

Тацяна Канеўская, якая прадстаўляе групу актывістак ў Каленкавічах, паведаміла, што да іх таксама кожную раніцу пачалі прыходзіць лекары. «Сёньня прыехала нейкая новая, тэрапэўт, нічога пра нас ня ведала, дык была „наехала“ на нас, што, маўляў, тут такое робіце з сабой? Пагаварылі. Зразумела, што тут 6 галодных цётак і як зь імі трэба размаўляць. Потым нават паспачувала», — распавяла Тацяна Канеўская.

«Хочам падаць ў суд на „Гомельскую праўду“»

Чым займаюцца галадоўніцы цягам дня? Ларыса Жыгар з пухавіцкай групы паведала пра кантакты з журналістамі незалежных мэдыяў і палітыкамі. «Вось Тацяна Караткевіч да нас прыяжджала, абяцала праз „Гавары праўду“ нас падтрымліваць. Заўтра зноў будзе група падтрымкі з ліку нашых актывістак. Кожны дзень людзі на нас прыходзяць, але чыноўнікаў гэтак і няма».

Тацяна Канеўская адказам на пытаньне пра цяперашні занятак зьдзівіла: «Які тэлевізар? Вось сядзім і калектыўна пішам адказ на артыкул ў „Гомельская праўдзе“ ад 3 траўня. З 16 тысяч крымінальных спраў пра наркотыкі выбралі як раз тыя, якія тычацца 5 нашых жанчын. Мяне, лічу, абразілі, факты з крымінальных справаў сказілі — будзем падаваць ў суд на гэту газэтку». Увогуле сытуацыю з асьвятленьнем галадоўкі ў дзяржаўных мэдыях Тацяна назвала «халоднай вайной» супроць яе удзельніц.

Што суцяшае галадоўніц?

2 траўня пасьля сустрэчы з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Качанавай галадоўніцы былі расчараваныя. «Цяпер з трох патрабаваньняў можна лічыць сапраўды рэальным толькі адно — зьмену заканадаўства», — казала галадоўніца Ліяна Шуба. Але ці ёсьць нешта, што суцяшае жанчын і падштурхоўвае іх да барацьбы?

«Нам дух падымаюць нашы хлопчыкі, іх рэакцыя на нашу галадоўку, а яна ўжо ёсьць», — паведаміла Ларыса Жыгар і зачытала электронны ліст маці, ў якой сын сядзіць ў ІК-2 — гэта калёнія для непаўналетніх у Бабруйску.

«Званіў сын, казаў, да іх прыходзіў міліцыянт, распавядаў пра нашу галадоўку. Казаў пра нас, што „маці ў вас залатыя“, бо падняліся на такую акцыю. Маўляў, зьявіўся шанец, што хутка гэта закончыцца і справы перагледзяць, зьменшаць тэрміны. Хлопцы сустрэлі ягоныя словы крыкамі „Ура!“, а сын сказаў, што „нарэшце разварушылі гэтае логава!“»

Тацяна Канеўская расказала, што актывісткі руху «Маці 328» працягваць разносіць заявы па амбасадах ў Беларусі. Ужо перадалі заявы ў пасольствы Расеі, Польшчы, Літвы, Латвіі, з панядзелка панясуць ў іншыя амбасады.

«У нас жа кажуць, нібыта суседнія краіны хочуць пераймаць наш досьвед ў змаганьні з распаўсюдам з наркотыкаў, дык хай там пабачаць, да чаго гэта можа прывесьці, што столькі моладзі пасадзілі на 10 гадоў і болей. Мы, вядома ж, ня супраць самой ідэі дэкрэту, якая ў тым, каб спыніць гэтую зьяву, паменшыць абарот наркаты. Але як яна выконвацца? Міліцэйскія чыны на ёй зарабляюць сабе пагоны, будуюць катэджы, а ніводнага наркабарону чамусьці не знайшлі. Як гэта можа быць?» —абураецца Тацяна Канеўская.

Паводле яе, заяву руху «Маці 328» перадалі ў тым ліку лідэру Чачні Рамзану Кадыраву. «У Беларусі сядзіць хлопчык з Чачні, дык ягоная маці павезла нашу заяву туды, каб праз знаёмых перадаць самому Кадыраву».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG