Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Івацэвіцкім раёне чыноўнікам прапанавалі перавезьці на свае двары звалку сьвінцовых адходаў


«Колькі яшчэ будзем труціцца?». Чыноўнікам кінулі пакет зь сьвінцовымі адходамі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:39 0:00

«Колькі яшчэ будзем труціцца?». Чыноўнікам кінулі пакет зь сьвінцовымі адходамі

Эмацыйна прайшоў сход жыхароў і чыноўнікаў у пасёлку Зялёны Бор Івацэвіцкага раёну на Берасьцейшчыне. Каля гэтага мястэчка знаходзіцца незаконная звалка з больш за 7,5 тысячы тон сьвінцовых адходаў з акумулятарнага заводу.

Звалка адходаў знаходзіцца ў сотнях мэтраў ад Зялёнага Бору, мястэчка, якое апраўдвае сваю назву, таму што літаральна патанае ў сасновым лесе.

Сьвінцовыя адходы каля пасёлка Зялёны Бор
Сьвінцовыя адходы каля пасёлка Зялёны Бор

Дыхаць побач вельмі цяжка: што такое 7 тысяч тон сьвінцовага попелу

Тысячы тон адходаў 3-й клясы небясьпечнасьці былі зьвезеныя пад гэты пасёлак і захоўваюцца пад адкрытым небам. Дыхаць там надзвычай цяжка.

Пляцоўка ўяўляе сабой асфальтаваную тэрыторыю, якая належыць мясцовай дарожнай службе, але здавалася ў арэнду прадпрымальнікам, якія і звозілі незаконна сюды адходы з акумулятарнага заводу з Белаазёрску.

Адходы звозіліся сюды пад выглядам дабаўкі да асфальту
Адходы звозіліся сюды пад выглядам дабаўкі да асфальту

Паводле дакумэнтаў, прадпрымальнікі мусілі вывозіць адходы на адзінае прадпрыемства, якое перапрацоўвае падобныя рэчывы ў Беларусі і знаходзіцца ў Віцебскай вобласьці. Аднак яны цягам 2015–2017 гадоў складавалі гэтыя 7 тысяч тон сьвінцовага попелу за 20 кілямэтраў ад заводу, зэканоміўшы тым самым сотні тысяч даляраў. Супраць гэтых прадпрымальнікаў, адзін зь якіх знаходзіцца на ўцёках, Сьледчы камітэт летась распачаў крымінальную справу.

Журналісты Свабоды здолелі падысьці непасрэдна на саму звалку гэтых адходаў, якая ўяўляе сабой пагоркі бурага рэчыва зь вельмі непрыемным серным пахам. Праз 20 хвілін тут цягне на ваніты.

Дажджамі адходы, агароджаныя толькі плотам з эўрападдонаў, змываюцца непасрэдна ў лес. Дрэвы ж за звалкай пакрытыя бурым налётам, такім жа, як рэчыва на пляцоўцы. Некаторыя дрэвы з боку звалкі пачынаюць сохнуць.

Бяроза за звалкай пакрытая бурым налётам
Бяроза за звалкай пакрытая бурым налётам

Чыноўнікі: няма грошай на вываз адходаў

Увечары 2 траўня ў клюбе пасёлку Зялёны Бор адбыўся сход жыхароў і чыноўнікаў. Раней жыхары сабралі подпісы пад зваротам з патрабаваньнем прыбраць адходы з-пад іхнага мястэчка, а таксама патлумачыць, чаму гэтая справа так марудна рухаецца.

На сход прыехалі намесьнік старшыні Берасьцейскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Сяргей Шылінчук, івацэвіцкі начальнік гэтай жа арганізацыі Станіслаў Маціеўскі, начальнік Івацэвіцкага аддзелу па надзычайных сытуацыях Васіль Бацкалевіч, галоўны ўрач Івацэвіцкай цэнтральнай раённай лякарні Васіль Юзэфовіч. Вёў сход старшыня Стайкаўскага сельсавету і дэпутат Івацэвіцкага райсавету Мікалай Басалай.

Камісія чыноўнікаў прыехала тлумачыць людзям, якім чынам будуць прыбіраць адходы
Камісія чыноўнікаў прыехала тлумачыць людзям, якім чынам будуць прыбіраць адходы

Людзі прыйшлі падрыхтаваныя — час ад часу ўздымалі плякаты, якія выстаўляліся ўжо на мітынгу супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці, што прайшоў 29 красавіка. На адным зь плякатаў было напісана «Мы хочам жыць! Далоў сьвінцовыя адходы зь Зялёнага Бору».

Дыскусія на сходзе разгарнулася гарачая — людзі патрабавалі прыбраць адходы ад іх мястэчка неадкладна. Чыноўнікі ж спрабавалі патлумачыць, што сытуацыя няпростая — перапрацоўваць гэтыя адходы можа толькі адзін завод у Беларусі, які знаходзіцца ў Талачыне на Віцебшчыне. Адну тону адходаў можна перапрацаваць за больш як 200 рублёў, апроч таго, дастаўка ў Віцебскую вобласьць 7 тысяч тон вымагае вялікіх грошай.

Чыноўнікі тлумачылі, што ў пэрспэктыве будуць весьціся судовыя разборы, каб спагнаць з заводу грошы на ўтылізацыю, а пасьля ўжо хай сабе завод спаганяе страты з прадпрымальнікаў.

Аднак людзі на сходзе абураліся, не хацелі чакаць сканчэньня судовага разбору.

Людзі ня стрымлівалі эмоцыяў
Людзі ня стрымлівалі эмоцыяў

«Прыбярыце адходы зь Зялёнага Бору» — скандавала заля.

На сходзе прысутнічалі і праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу зь Берасьця, якія прапанавалі чыноўнікам, каб яны прасілі ў старшыні аблвыканкаму Анатоля Ліса грошы, выдзеленыя на сьвяткаваньне тысячагодзьдзе Берасьця:

«Мы абыдземся і бяз гэтых пустых фэервэркаў і сьвятаў. Вазьміце гэтыя грошы на вываз звалкі зь Зялёнага Бору», — прапанавалі жыхары Берасьця.

Жыхары Зялёнага Бору на сход прыйшлі зь плякатамі
Жыхары Зялёнага Бору на сход прыйшлі зь плякатамі

Людзі чыноўнікам: «Вывезіце гэтыя адходы сабе на падворкі»

Жыхары Зялёнага Бору тлумачылі на сходзе, што непакояцца за здароўе сваіх дзяцей, якія, бавячы час, могуць хадзіць і да небясьпечнай звалкі.

Аднак адзін з чыноўнікаў прапанаваў людзям «правесьці тлумачальную працу зь дзецьмі, каб туды не хадзілі». Чыноўнік патлумачыў, што вялікай шкоды здароўю гэтыя адходы не нанясуць, калі да іх ня будуць людзі хадзіць.

«Дык вазьміце машыны ды вывезіце гэтыя адходы сабе на падворкі, раз яны ня шкодныя!» — запрапанавалі жыхары Зялёнага Бору на такую заяву.

Невядомы ў адгазьніку кінуў чыноўнікам на стол торбачку з адходамі

Падчас выступу галоўурача невядомы прынёс на стол чыноўнікам торбачку з адходамі
Падчас выступу галоўурача невядомы прынёс на стол чыноўнікам торбачку з адходамі

У часе сходу адбыўся сапраўдны пэрформанс, калі невядомы чалавек у адгазьніку і чорным плашчы зайшоў у памяшканьне Дома культуры ды дэманстратыўна кінуў на стол чыноўнікам поліэтыленавы пакет з адходамі.

Намесьнік старшыні Берасьцейскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Сяргей Шылінчук у гэты момант усьміхаўся, аднак пасьля таго, як невядомы пайшоў, торбачку са стала прыбраў.

У канцы сходу чыноўнікі паабяцалі людзям, што цягам 15 дзён дадуць пісьмовыя адказы на ўсе пытаньні, на якія не змаглі адказаць на сходзе.

Прыгразілі пратэстамі

Людзі ж разыходзіліся незадаволенымі і расчараванымі.

«Сход нічога ня вырашыў,» — казалі журналістам зеленаборцы.

Жыхары Зялёнага Бору не задаволеныя адказамі чыноўнікаў на іх пытаньні
Жыхары Зялёнага Бору не задаволеныя адказамі чыноўнікаў на іх пытаньні

Адзін з пэнсіянэраў нават прыгадаў нядаўнія словы Лукашэнкі, калі той выказваўся наконт падзеяў у Армэніі:

«Лукашэнка крычыць, што там, за мяжой, людзі ўзьняліся на прэзыдэнта. Кажа, маўляў, баюся, каб у нас такога ня было. Неўзабаве і нас будзе такое! Такое будзе і ў нас хутка!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG