Трэція суткі ў Калінкавічах галадаюць сем жанчын, чые сыны, мужы і ўнукі асуджаны на вялікія тэрміны паводле крымінальнага артыкулу 328 («Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў»).
Жанчыны прыехалі ў Калінкавічы з Мазыра, Гомеля, Жлобіну, Магілёва. Сёньня да іх прыяжджала Тацяна Кавалёва з Буда-Кашалёва.
За зьмякчэньне прысудаў
Галадоўніцы патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам для таго, каб ён азнаёміўся з сытуацыяй і распарадзіўся стварыць камісію па перагляду жорсткіх прысудаў ад 2013 году па 328 артыкуле, а таксама паспрыяў зьмене заканадаўства, калі гэта не датычыцца цяжкіх наркотыкаў ды арганізацыі гандлю імі.
Гаспадыня кватэры Алена Казакова распавяла, што як толькі пайшоў розгалас пра галадоўку ў яе кватэры, два міліцыянты прывезьлі ліст з пракуратуры за подпісам выканаўцы абавязкаў пракурора Калінкавіцкага раёну.
«Мяне абавязвалі зьявіцца ў пракуратуру, як напісана ў лісьце, для дачы тлумачэньняў. Якіх, з нагоды чаго — ня сказана, таму я й не пайшла. Быццам я не магу ў сябе дома і пагаладаць», — кажа Казакова.
У Алены муж, Андрэй Забурунаў, знаходзіцца ў калёніі. Жанчына сьцьвярджае, што са спажыўца наркотыкаў Андрэя зрабілі збытчыкам і асудзілі на 8 гадоў.
Палявая кухня пад вокны
Увечары 27 красавіка да галадоўніц прыяжджалі старшыні райсавету і райвыканкаму Віктар Замосьцік і Сяргей Гвоздзь — абяцалі дапамогу ў арганізацыі сустрэчы 2 траўня з кіраўніцай Адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Качанавай. У адрозьненьне ад пракуратуры, кіраўнікі раёну паводзілі сябе досыць карэктна і міралюбіва.
Начальнікі прапаноўвалі нават даставіць пад вокны кватэры, дзе мы галадаем, палявую кухню з кашай і тушонкай
«Прапаноўвалі нават даставіць пад вокны кватэры, дзе мы галадаем, палявую кухню з кашай і тушонкай, а з другога боку — шаўрму з шашлыкамі, каб пахла», — наперабой распавядаюць жанчыны.
Галадоўніцы не бяруцца камэнтаваць, чым была тая прапанова — жаданьнем дапамагчы ці зьдзекам.
Аднак ня каша й ня шаўрма цікавіць цяпер сваякоў асуджаных, а сустрэча з Аляксандарам Лукашэнкам альбо кіраўнікамі Вярхоўнага суду, Генэральнай пракуратуры, МУС, Сьледчага камітэту, абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу. На думку галадоўніц, толькі яны могуць рэальна паўплываць на зьмякчэньне пакараньня па крымінальнам артыкуле 328 і.
Адначасова яны просяць незалежных журналістаў прысутнічаць пры паездцы ў Менск і сустрэчы ў Адміністрацыі Лукашэнкі.
«Усякае можа быць: завязуць ды пасадзяць за галадоўку. Нездарма ж выклікалі ў пракуратуру», — апасаюцца ўдзельніцы галадоўкі.
«Хуткая» для адной з удзельніц
Першыя дні галадоўніцы пачувалі сябе няблага. Яны не ўжываюць ежы, а толькі п’юць гатаваную ваду. Кажуць, што ў другі дзень амаль усіх стала хіліць да сну. Людміле Пімяноўскай, якая прыехала ў Калінкавічы са Жлобіну, давялося выклікаць «хуткую дапамогу».
«Мне 66 гадоў. Падняўся ціск. Ну й давялося зьвяртацца да мэдыкаў. Але я не зьбіраюся кідаць галадоўку. Я тут за ўнука Станіслава», — тлумачыць жанчына.
Станіславу Алімонцікаву, унуку Пімяноўскай, сёлета споўніцца 25. Асудзілі яго па артыкулу 328 на дзевяць гадоў.
«Адпусьціце тату!»
Пэрыядычна да галадоўніц далучаецца Інэса Крыцкая. Муж Інэсы Дзьмітры, бацька дваіх малалетніх сыноў, пакараны 9 гадамі і адным месяцам калёніі таксама паводле артыкулу 328. Меншы сын Крыцкіх Стасік напісаў лёзунг: «Адпусьціце тату!». Жанчыны прымацавалі гэты лёзунг над канапай, дзе галадаюць.
«Калі ў школе, дзе вучацца сыны, дазналіся, што я падтрымліваю галадоўку, сталі цікавіцца маімі дзецьмі. Выказваюць прэтэнзіі, што я нібыта не даглядаю дзяцей. Сыны з бабуляю: у іх пасьля школьнага абеду страўнікі расстроіліся. Трэба больш прыглядацца да якасьці школьных абедаў, а сыноў сваіх я сама дагледжу», — кажа Інэса.
Жанчыны рыхтуюць тэксты выступаў для сустрэчы ў Адміністрацыі Лукашэнкі. Спадзяюцца, што хопіць сілаў даехаць да Менску, бо гэта ўжо будзе шосты дзень галадоўкі.
Шкарпэткі для сустрэчы
Зямлячка кіраўніка краіны Тамара Пракофьева з Шклоўскага раёну, чый сын Руслан адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі, тлумачыць, што галава ў яе ў гэтыя дні занятая лёсам пакараных, а вось рукам працы бракуе. І дадае:
«Вяжу шкарпэткі на сустрэчу з прэзыдэнтам, калі толькі ён захоча нас пабачыць. Але мы спадзяемся».
«У барацьбе з наркотыкамі не павінна быць плянавасьці»
Напярэдадні падтрымаць галадоўніц прыяжджаў Сяргей Якушкін з Мазыра. Ягоны сын Ягор, пасьпяховы малады чалавек, «лятаючы» нафтавік, быў асуджаны летась напярэдадні жаніцьбы на 10 гадоў калёніі. Апроч артыкулу 328, сьледзтва прыпісала яму яшчэ й схіленьне да спажываньне наркотыкаў і ўтрыманьне наркапрытону. Касацыйны суд, аднак, скасаваў апошнія два абвінавачваньні.
«Я супраць любых наркотыкаў, я за барацьбу зь імі, — кажа Якушкін-старэйшы. — Але ў гэтай барацьбе не павінна быць плянавасьці. Гэтая барацьба не павінна рабіцца праз правакацыйныя закупкі, калі за дзесятыя грама амфітаміну ці марыхуаны даюць па 8-10 гадоў турмы — гэта страшна».
Галадоўка ўдзельнікаў руху «Маці-328» вядзецца ня толькі ў Калінкавічах, але і ў Пухавіцкім раёне.