Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкрэт Лукашэнкі «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва» пацягнуў зьмены ў 74 заканадаўчыя акты


На цэнтральным рынку ў Горадні
На цэнтральным рынку ў Горадні

Для таго, каб прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва» запрацаваў на поўную моц, неабходна ўнесьці зьмены ў 6 кодэксаў, 21 закон, 13 указаў і 34 пастановы. Такія лічбы назваў 25 красавіка на круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Матусевіч. Калі скласьці ўсё, то атрымліваецца, што рэдагаваць давядзецца 74 дакумэнты.

Эканаміст Леў Марголін кажа Свабодзе, што яго такі вялікі пласт дакумэнтаў для зьменаў не зьдзіўляе.

Леў Марголін
Леў Марголін

«У гаспадарчай практыцы ўсё пераплятаецца. Калі хтосьці зарэгістраваў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства на свой хатні адрас, то зь яго адразу будуць браць камунальную плату паводле іншых тарыфаў. Хоць ён можа займацца чым заўгодна. Напрыклад, даваць кансультацыі ці чытаць публічныя лекцыі. І калі сапраўды дбаць аб прадпрымальніках, то такую норму трэба адмяняць. Але ж гэта азначае карэктаваньне пэўнага закону. І так ва ўсім», — тлумачыць Марголін.

Эканаміст зьвяртае ўвагу на тое, што калі рыхтуецца нейкі новы заканадаўчы акт, то ў ім заўсёды бывае артыкул, дзе прапісана, якія заканадаўчыя акты (законы, пастановы ўраду і г.д.) страчваюць моц. А калі рыхтуюць прэзыдэнцкі дэкрэт, то гэтага ня робяць. І атрымліваецца, што «пра тое, як дэкрэт суадносіцца зь іншымі заканадаўчымі актамі, ніхто і не падумаў».

Цяпер можна адкрыць бізнэс праз заяўляльны прынцып. Ці гэта спрацуе?

Намесьнік міністра эканомікі сказаў, што, згодна з Дэкрэтам № 7, ужо 35 дзён у Беларусі прадпрымальнік можа адкрыць сваю справу праз паведамляльны прынцып, а не дазвольны, як гэта было раней. За гэты час 802 чалавекі паведамілі, што прыйшлі ў бізнэс.

Найбольш ахвотных займацца перавозкай пасажыраў і грузаў, а таксама займацца раздробным гандлем.

Такія аблегчаныя магчымасьці для малога і сярэдняга бізнэсу, лічыць Дзьмітры Матусевіч, дапамогуць зламаць нэгатыўную тэндэнцыю апошніх гадоў. Бо пакуль атрымліваецца так: на пачатку кожнага году колькасьць ахвотнікаў зарэгістраваць сваю фірму даволі вялікая. Але цягам году шмат хто кідае ранейшую справу. І ў выніку ў канцы кожнага году агульная колькасьць людзей, якія пакінулі бізнэс, перавышае колькасьць тых, хто пачаў сваю справу.

Леў Марголін абсалютна ня верыць, што такі пералом адбудзецца сёлета.

«Мяне цікавяць дзьве лічбы. Першая — агульная колькасьць людзей у Беларусі, якія займаюцца малым і сярэднім бізнэсам. Другая — колькі зь іх запаўняюць справаздачу. Тое, што чалавек зарэгістраваўся, яшчэ ні аб чым не гаворыць. Ці зможа ён працаваць — гэта самае важнае», — кажа эканаміст.

Лідэр індывідуальных прадпрымальнікаў: «Мы пакуль ня можам дастукацца да Лукашэнкі»

Анатоль Шумчанка, лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», якое прадстаўляе інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў, сказаў Свабодзе, што пакуль словы Лукашэнкі «разыходзяцца са справай».

«Хочацца, каб сёньня былі зробленыя канкрэтныя крокі, якія зробяць бясьпечным бізнэс. Але ўсе мы бачым, што далей за словы справа не ідзе. У тым жа дэкрэце № 7, пра які ён кажа, там мала што ёсьць для індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён прымаўся пад буйны бізнэс. Магчыма, ён прымаўся пад той буйны бізнэс, які да яго бліжэй? Мы ж пакуль да яго дастукацца ня можам», — сказаў Анатоль Шумачнка.

Паводле лідэра «Пэрспэктывы», колькасьць дробных прадпрымальнікаў у гандлі за апошнія пяць гадоў скарацілася на 30 тысяч.

10 патрабаваньняў «іпэшнікаў» да ўладаў, якія дагэтуль ня выкананыя

23 лістапада 2017 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва» з мэтай палепшыць бізнэс-клімат у Беларусі. Дэкрэт рыхтаваўся ў межах дзейнасьці створанай у студзені 2017 году працоўнай групы ў стымуляваньні дзелавой актыўнасьці на чале з кіраўніцай Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай.

19 верасьня Лукашэнка падпісаў указ №337, які дазволіў індывідуальным прадпрымальнікам весьці шэраг відаў дзейнасьці без рэгістрацыі, але з выплатай адзінага падатку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG