Раней пра гібель некалькі соцень грамадзян Расеі ў ходзе баявых дзеяньняў заявіў і дырэктар ЦРУ.
Памочнік дзяржсакратара ЗША Уэс Мітчэл заявіў, што ў Сырыі дзейнічаюць расейскія найміты, паведамляе «Голас Амэрыкі». Выступаючы 18 красавіка на слуханьнях у Камітэце міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў на тэму «Палітыка ЗША на неспакойным Блізкім Усходзе», ён падкрэсьліў, што, заяўляючы аб імкненьні ліквідаваць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі, Масква насамрэч «накіроўвае свае бомбы на байцоў і нават цывільных асобаў, якія супрацьстаяць рэжыму» Башара Асада.
Ён заявіў, што дзеяньні Крамля могуць прывесьці да далейшай эскаляцыі канфлікту, пагражаючы прамой ваеннай канфрантацыяй у ЗША.
«Неабдуманае ўмяшаньне (у канфлікт) у Сырыі і падтрымка рэжыму Асада павялічваюць рызыку канфрантацыі з Захадам, — паведаміў Мітчэл. — Правалы атакі расейскіх наймітаў на падразьдзяленьне ЗША ў Сырыі стала лішнім выцьверажальным напамінам пра гэта».
Нагадаем, што 7 лютага стала вядома пра спробу нападу на штаб-кватэру «Сырыйскіх дэмакратычных сіл» пад Дэйр-Эс-Зорам. У выніку атакі ў адказ, у якой удзельнічалі і амэрыканскія сілы, паводле розных паведамленьняў, загінула да 200 нападнікаў. Пазьней СМІ знайшлі сьведчаньні таго, што ў іх ліку былі і грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, якія падпісалі кантракты на службу ў так званай ЧВК Вагнера.
На мінулым тыдні, адказваючы на пытаньні Сэнату ў верхняй палаце Кангрэсу, дырэктар ЦРУ Майк Пампэо заявіў, што ў адным з баявых сутыкненьняў у Сырыі загінула «некалькі соцень» грамадзян РФ.
Расейскія ўлады спачатку адмаўлялі факт гібелі расейцаў у рэгіёне, але затым паведамілі пра тое, што пацярпелыя расейскія грамадзяне не знаходзіліся на вайсковай службе і былі ў Сырыі «з уласнай ініцыятывы».
Выступаючы ў Кангрэсе, Уэс Мітчэл падкрэсьліў, што ЗША па-ранейшаму разьлічваюць вырашыць канфлікт у Сырыі дыпляматычным шляхам.
«Мы аказваем ціск на Расею для таго, каб яна праявіла сябе як канструктыўны ўдзельнік гэтага працэсу і пераканала Асада сесьці за стол перамоваў, — сказаў памочнік дзяржсакратара ЗША. — Але да гэтага часу Расея ігнаравала нашы заклікі, спрабуючы сарваць (кансультацыі) у Жэнэве».