Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Роскомнадзор» прыгразіў заблякаваць Facebook у Расеі ў 2018 годзе


«Роскомнадзор» да канца 2018 году правядзе праверку Facebook і, калі патрабаваньні расейскіх уладаў да сацыяльнай сеткі да гэтага часу выкананыя не будуць, можа паўстаць пытаньне аб яе блякаваньні. Пра гэта кіраўнік ведамства Аляксандар Жараў заявіў у інтэрвію газэце «Вести».

Чыноўнік пералічыў пункты, якія «павінны быць выкананы» кампаніяй да канца 2018 году. У іх ліку лякалізацыя базаў дадзеных расейскіх грамадзян на тэрыторыі Расеі, выдаленьне забароненай інфармацыі, а таксама «захаваньне іншых законаў». Кіраўнік «Роскомнадзора» адзначыў, што калі што-небудзь з гэтага ня будзе выканана ці расейская дзяржава ня будзе праінфармаваная пра намер правесьці такія дзеяньні, Facebook можа быць заблякаваны. Ён таксама дадаў, што рэгулярна сустракаецца з прадстаўнікамі кампаніі і што на апошніх перамовах у лютым яшчэ раз пацьвердзіў пазыцыю ведамства.

Пра магчымае блякаваньне Facebook на тэрыторыі Расеі кіраўнік «Роскомнадзора» казаў яшчэ ў верасьні.

Камэнтуючы выданьню сытуацыю вакол блякаваньня мэсэнджара Telegram, Жараў заявіў, што ў ведамства няма пляну «класьці ўвесь інтэрнэт».

Telegram блакуюць у Расеі за адмову падаць ФСБ ключы шыфраваньня ад перапіскі карыстальнікаў. У панядзелак «Роскомнадзор» пачаў блякаваць зьвязаныя з Telegram IP-адрасы кампаній Amazon і Google. Ад гэтага пацярпелі сотні онлайн-сэрвісаў, у іх ліку інтэрнэт-крамы, кур’ерскія службы, воблачныя сховішчы, онлайн-гульні, сэрвісы кампаніі Microsoft, мэсэнджар Viber, а таксама расейская сацсетка «Одноклассники».

Каля 60 расейскіх кампаній зьвярнуліся па юрыдычную дапамогу да праваабарончай групы «Агора» з прычыны масавага блякаваньня «Роскомнадзором» IP-адрасоў. Зараз уладальнікі пацярпелых сэрвісаў ацэньваюць нанесеную ім шкоду і, магчыма, зьвернуцца ў суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG