У 2006 годзе Бліноў стаў першым беларускім музыкам, які выступіў з сольным канцэртам у Карнэгі-Холе ў Нью-Ёрку. Ён атрымаў ступень доктара музычных мастацтваў у Вышэйшай школе музыкі Істмэна. З 2010 году жыве і працуе ў Беларусі. У 2015-м напісаў буйны музычны твор «Concerto-Krooso» ў гонар гульца мадрыдзкага «Рэалу» Тоні Кроса. Ад мінулага тыдня — ён яшчэ і сузаснавальнік новага клюбу «НФК Крумкачы». Як піяніст спалучае музыку і ўдзел у маратонах, якім чынам ён трапіў у кіраўніцтва каманды і якую пасаду ў новым клюбе зойме былы ўласьнік «Крумкачоў» Дзяніс Шунто, — пра гэта Бліноў распавёў Свабодзе.
Настаўніца музыкі забараніла стаяць на браме. Таму гуляў у абароне
Юры Бліноў нарадзіўся ў Дарагічыне на Берасьцейшчыне. У першую клясу пайшоў ужо ў Менску. Спачатку ў школу з музычным ухілам, а потым — у сярэднюю спэцыяльную музычную школу. На вакацыі вяртаўся ў Дарагічын, дзе гуляў зь сябрамі ў футбол. Ён меў добрую рэакцыю і часта стаяў на браме.
«Пра гэта даведалася мая настаўніца, і быў вялікі скандал. Рукі — гэта ж самае важнае для піяніста. Я даў цьвёрдае слова, што на браме больш стаяць ня буду».
Бліноў кажа, што ў дзяцінстве быў «даволі кволым, субтыльным хлопцам». Таму гуляў у асноўным на пазыцыі абаронцы.
«Там ня вельмі шмат трэба было бегаць, а больш думаць галавой», — кажа музыка.
Але сябе ён лічыць заўзятарам, а не гульцом. З 9-гадовага ўзросту сочыць за футболам. Спачатку гэта было менскае «Дынама». З канца 1980-х і па сёньня заўзятар зборнай Нямеччыны.
«Атмасфэра на стадыёне, заўзятары — гэта ўсё адрозьнівалася ад таго, да чаго мы прызвычаіліся»
Заўзятарам «Крумкачоў» Юры Бліноў стаў дзякуючы Тоні Кросу. На пачатку 2016 году музыка даў у Менску аўтарскі канцэрт, на якім выконваліся і тры часткі з «Concerto-Krooso». Пра гэта даведаўся сам Крос і напісаў у фэйсбуку ўсхваляваны водгук. Да Блінова сталі тэлефанаваць спартовыя журналісты. Распытвалі ў тым ліку, як ён ставіцца да «Крумкачоў» — на той час навічкоў Найвышэйшай лігі.
«Я сказаў, што ведаю пра іх, што гэта вельмі цікавы, унікальны для нашай краіны праект», — кажа Бліноў.
Стала вельмі хутка зразумела, што мы нібы адна сям’я
Ужо на наступны дзень з музыкам зьвязаўся мэнэджар клюбу Аляксей Важнік і падарыў яму сэзонны абанэмэнт на хатнія гульні каманды. Так Юры Бліноў зрабіўся сталым наведнікам матчаў «Крумкачоў». Асабліва ўдалай атрымалася першая палова сэзону, калі новая каманда перамагла амаль усю эліту беларускага футболу.
«Атмасфэра на стадыёне, заўзятары — гэта ўсё адрозьнівалася ад таго, да чаго мы прызвычаіліся на большасьці гульняў чэмпіянату, — кажа Юры. — Стала вельмі хутка зразумела, што мы нібы адна сям’я».
Празь вялікія даўгі ў сакавіку 2018 году «Крумкачоў» не дапусьцілі да ліцэнзаваньня, то бок да гульні ў Найвышэйшай ці Першай лізе. Каманда магла зьнікнуць, каб не заўзятары. На мінулым тыдні яны зарэгістравалі новую юрыдычную асобу — «НФК Крумкачы». Калі спатрэбілася ўзяць на сябе адказнасьць і стаць сузаснавальнікам каманды, адгукнуліся тры чалавекі: брамнік «Крумкачоў» Яўген Касьцюкевіч, Юры Бліноў і яшчэ адзін чалавек, які пажадаў не называць свайго імя.
«Нашае трыё сузаснавальнікаў можа добра дапаўняць адзін аднаго», — кажа Юры Бліноў.
Не выключае падтрымкі клюбу з уласнай кішэні
Першая гульня чэмпіянату ў Другой лізе — ужо ў нядзелю, 15 красавіка. Трэніроўкі праходзяць чатыры разы на тыдзень. У камандзе ўжо ёсьць 16 гульцоў, штодня на прагляд прыходзяць новыя спартоўцы. Са старых «Крумкачоў» перайшлі чатыры гульцы — брамнікі Яўген Касьцюкевіч і Антон Шунто, а таксама абаронцы Кірыл Алексіян і Аляксей Драчоў. Застаўся з камандай і яе трэнэр Аляксей Кучук, які падтрымаў ініцыятыву стварыць новы клюб.
Ад тых „Крумкачоў“ атрымалі ў спадчыну назву, атрыбутыку і спартовую гісторыю. Усё астатняе пачынаем з чыстага аркуша
«Кіраўнікі былых Крумкачоў — людзі, вельмі адданыя футболу. Яны маюць каштоўны досьвед. Зразумела, што мы падтрымліваем зь імі шчыльныя кантакты», — кажа Бліноў.
Найперш ён мае на ўвазе заснавальніка першых «Крумкачоў» Дзяніса Шунто, які таксама працуе з камандай. Праўда, толькі ў якасьці кансультанта па камплектацыі складу. У фінансавым і адміністрацыйным пляне новыя «Крумкачы» ня маюць нічога супольнага са старым клюбам.
«Ад тых „Крумкачоў“ мы атрымалі ў спадчыну назву, атрыбутыку і спартовую гісторыю. Усё астатняе пачынаем з чыстага аркуша», — кажа Юры Бліноў.
Разам зь іншымі сузаснавальнікамі Бліноў шукае фінансаваньне на сэзон. Ужо ёсьць дамоўленасьці з чатырма партнэрамі, адзін зь іх супрацоўнічаў з «Крумкачамі» ў мінулыя гады. Юры кажа, што бюджэт складаецца з разьлікам, каб гульцы атрымлівалі сталыя заробкі, што не заўжды здараецца ў Другой лізе. Пры неабходнасьці ён гатовы дапамагаць клюбу і з уласнай кішэні.
«Але пакуль мае функцыі даволі сьціплыя. Я заняты публічным прадстаўленьнем нашага праекту».
«НФК Крумкачы» — спадкаемца папярэдняй каманды. На вячэрняй трэніроўцы падчас інтэрвію зь Юрыем Бліновым мы сустрэлі Дзяніса Шунто. Ён цяпер мае меншае дачыненьне да каманды, але ўсё адно бярэ ўдзел у падрыхтоўцы да чэмпіянату. Ён перакананы, што каманда будзе існаваць у любым выглядзе
«„Крумкачы“ — гэта жывое, яно прарастае ў любой форме, — сказаў Шунто — Я ў прынцыпе прыйшоў дапамагаць і ў камандзе буду прысутнічаць. У значна меншай ступені, але буду. У спартовай частцы пастараюся дапамагчы».
Прысьвяціў «Крумкачам» фартэпіянны твор
Наколькі піяніст можа быць здатны да спорту? Юры Бліноў кажа: нічога дзіўнага ў гэтым няма. Спорт і музыка ў ягоным жыцьці добра спалучаюцца. Спорт дапамагае яму пераключацца з музыкі, а дзякуючы музыцы ён рыхтуецца да маратонаў.
«Добрая фізычная форма неабходная піяністу, якія канцэртуе. У той жа час вытрымка і трываласьць, напрацаваныя шматгадзіннымі заняткамі за інструмэнтам, спрыяюць, напрыклад, падрыхтоўцы да маратонскага забегу».
Юры Бліноў удзельнічаў у трох менскіх і адным мюнхенскім паўмаратонах, а ў кастрычніку 2017 году прабег свой першы маратон у Кіеве. У цёплы час году ён тры-чатыры разы на тыдзень робіць ранішнія прабежкі па 5–11 кілямэтраў. І яшчэ некалькі разоў на месяц бегае дыстанцыі ў 15 і больш кілямэтраў.
На спорт Юры часта глядзіць праз музыку. Акрамя канцэрту ў гонар Тоні Кроса, ён напісаў фартэпіянны твор, прысьвечаны «Крумкачам», пад назвай «Запрашэньне ў палёт». Музыка выканае яго на сваім бліжэйшым канцэрце ў вялікай залі Белдзяржфілярмоніі 26 красавіка.
А ўвогуле «Крумкачы» яму нагадваюць музыку расейскага кампазытара Аляксандра Скрабіна.
«Яна яскрава ўвасабляе моц і волю чалавечага духа, апантанасьць, пачуцьцё палёту, — кажа Бліноў. — Ёсьць у ёй і драматычныя, нават трагічныя моманты, калі музычная плынь дасягае неверагоднай экспрэсіі, а потым нібы распадаецца, самазьнішчаецца. Але кожны раз з таго ж пункту нараджаецца нанова».