Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарнобыльскі шлях» без палітыкі? Нонсэнс


Чарнобыльскі шлях, 2017 год
Чарнобыльскі шлях, 2017 год

Сёлета арганізатары Чарнобыльскага шляху акцэнтуюць увагу выключна на экалягічных праблемах, без палітычных. Галоўнае экалягічнае пытаньне: магчымыя пагрозы, якія паўстануць пасьля запуску Астравецкай АЭС. Другі аспэкт — традыцыйна памінальны.

Адзін з суарганізатараў Чарнобыльскага шляху, прадстаўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сярод іншага, зазначыў:

«У мінулыя гады мы бачылі, як нейкія арганізацыі ператваралі Чарнобыльскі шлях ледзьве не ў карнавал, прыходзілі з барабанамі папіярыцца. Таму мы хочам яшчэ раз падкрэсьліць, што гэтае мерапрыемства прысьвечана памяці ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі».

Барабаны могуць біць трывожна, тэатар можа граць драматычна, музыка можа гучаць як рэквіем. Навошта адмаўляцца ад творчасьці ахвочых далучыцца? Чаму мэмарыяльнае шэсьце з экалягічным ухілам павінна быць традыцыйна панурым, традыцыйна вонкава малапрывабным?Справа ў тым, што чарнобыльская трагедыя ўсеагульная. Яна закранае кожнага беларуса незалежна ад полу, узросту, веравызнаньня і палітычных поглядаў. Таму слова «піярыцца» можна ўжыць абсалютна да кожнага, хто прыйдзе на Шлях. Больш за тое, якую заўгодна публічную актыўнасьць можна назваць словам «піярыцца»: public relations — адносіны з грамадзкасьцю.

Ад самага пачатку, ад 1989 году, першасны сэнс Чарнобыльскага шляху складаўся зь дзьвюх частак: памяць пра ахвяраў трагедыі і пратэст супраць трывалага падману з боку ўладаў. Найперш пратэст супраць хаваньня ад людзей інфармацыі пра рэальны стан рэчаў з забруджваньнем тых ці іншых тэрыторый.

Улады лавілі за руку на гарачым, тлумачылі на пальцах, дзе канкрэтна падман і што трэба рабіць. Самае простае — гэта выяўленьне харчовых прадуктаў з забруджаных тэрыторый, якія прадаваліся (прадаюцца?) у крамах і на рынках. Ад 1989 году нічога прынцыпова не зьмянілася. Хіба стан рэчаў пагоршыўся. Лукашэнка вывеў многія тэрыторыі са статусу забруджаных, і там займаюцца сельскай гаспадаркай.

Як па мне, гэта самая не раскрытая палітыкамі і грамадзкімі арганізацыямі тэма — што там на тых колішніх афіцыйна забруджаных тэрыторыях, адкуль нам на стол ідуць харчы?

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху-2018» абвясьцілі збор грошай на ўлёткі і «вялікі экран»

Тэма Чарнобылю настолькі старая (32 гады!), настолькі намуляла вока, што многія яе ўжо не ўспрымаюць, а маладзейшая генэрацыя проста ня ведае сутнасьці праблемы. Магчыма, таму ў заяўнікаў акцэнт на сьвежай праблеме — на будаўніцтве Астравецкай АЭС. Але ўсе цудоўна разумеюць, што праблема АЭС — гэта таксама палітыка. Бо, выступаючы супраць АЭС, ты выступаеш супраць пэрсанальнай палітыкі Лукашэнкі.

Чарнобыльскі шлях — гэта заўжды дазволенае шэсьце. Шэсьце да капліцы, збудаванай на памяць пра ахвяры Чарнобылю. Той адзіны выпадак, калі «ісьці на Бангалор» нікому ня сорамна.

Той выпадак, калі памяць пра ахвяры і палітычны кантэкст ніколі не замінаюць адзін аднаму.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG