Заяўка на правядзеньне сёлетняга Чарнобыльскага шляху была пададзеная ў Менскі гарвыканкам на мінулым тыдні. Арганізатары заплянавалі збор а 18-й гадзіне 26 красавіка на пляцоўцы каля Акадэміі навук, да 18.30 там будуць разгорнутыя стэнды, ад 18.30 да 19.00 пройдзе мітынг на прыступках Акадэміі навук, з 19.00 да 20.30 заплянаванае шэсьце традыцыйным маршрутам — праспэктам Незалежнасьці і вуліцай Сурганава да Чарнобыльскай капліцы ў Парку Дружбы народаў. Ля капліцы будуць памінаць памерлых ад чарнобыльскай катастрофы.
Заяўнікі спадзяюцца, што адказ будзе атрыманы ў канцы гэтага тыдня. Аргкамітэт даручыў кантактаваць з Менгарвыканкамам лідэру руху «За свабоду» Юрасю Губарэвічу.
Заяўку падалі 7 арганізацый: Партыя БНФ, АГП, рух «За свабоду», БСДП, БХД, рух салідарнасьці «Разам», партыя «Зялёныя», у аргкамітэт таксама ўвайшла экалягічная арганізацыя «Экадом». КХП БНФ будзе падаваць сваю заяўку на мітынг у Кіеўскім сквэры Менску.
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў абвясьціў збор сродкаў на Чарнобыльскі шлях. Грошы патрэбны на аплату хуткай дапамогі, закуп літаратуры, арганізацыю круглых сталоў. Вольга Кавалькова з аргкамітэту Партыі БХД заявіла, што арганізатары запросяць на Чарнобыльскі шлях міністра прыроды.
Кампанія «Астравецкі шлях» будзе доўжыцца 6 месяцаў
Арганізатары Чарнобыльскага шляху — 2018 расказалі, што акцыя 26 красавіка стане пачаткам маштабнай кампаніі «Астравецкі шлях». Кампанія будзе праходзіць цягам 6 месяцаў. Акцыі (круглыя сталы аб праблемах Чарнобыля, збор подпісаў за спыненьне будаўніцтва БелАЭС) у рамках кампаніі пройдуць у розных гарадах, у тым ліку ў Астраўцы, Заслаўі, Радашковічах, Маладэчне, Вілейцы, Навалукам’і, Белаазёрску. Арганізатары кампаніі будуць дамагацца спыненьня будаўніцтва Беларускай АЭС.
Зьміцер Кучук з Партыі зялёных (БПЗ) паведаміў, што 24 красавіка адбудзецца круглы стол «Паміж Чарнобылем і Фукусімай». Форум пройдзе ў менскім гатэлі «Манастырскі», на яго запрашаюць прадстаўнікоў Літвы.
Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, толькі 15% жыхароў Беларусі разумеюць рызыкі ад таго, што на будаўніцтве Беларускай АЭС выкарыстаныя расейскія тэхналёгіі і што Беларусь прывязваецца да расейскіх тэхналёгій і ядзернага паліва.
Як сказаў Янукевіч, Чарнобыльскі шлях сёлета будзе прысьвечаны памяці ахвяраў выбуху на ЧАЭС, пратэсту супраць дзеяньняў уладаў ня толькі ў Астраўцы, але і ў Берасьці, дзе пачалі будаваць акумулятарны завод насуперак пратэстам гараджан.
«Гэта каб быў пачуты чарнобыльскі звон, які б’е па будучыні беларускай нацыі», — заявіў Янукевіч.