Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Работнікі Google патрабуюць спыніць разьвіваць інтэлект баявых робатаў


Больш за 3 тысячы супрацоўнікаў Google падпісалі адкрыты ліст да кіраўніцтва карпарацыі, патрабуючы адмовіцца ад удзелу ў кіраванай Пэнтагонам праграме распрацоўкі штучнага інтэлекту для баявых бесьпілётнікаў.

Праграма Project Maven, выйсьці зь якой патрабуюць супрацоўнікі, прадугледжвае распрацоўку альгарытмаў аналізу малюнкаў, атрыманых з дронаў, для павышэньня дакладнасьці іх удараў.

У лісьце падкрэсьліваецца, што ўцягнутасьць Google у гэткія праекты можа нэгатыўна адбіцца на рэпутацыі кампаніі.

«Мы лічым, што Google ня варта займацца бізнэам, зьвязаным з вайной. Таму мы просім кампанію закрыць Project Maven», — гаворыцца ў лісьце, адрасаваным кіраўніку карпарацыі Сундару Пічаі.

Акрамя таго, падпісанты патрабуюць адрэгуляваць дзейнасьць Google такім чынам, каб ні яна, ні яе падрадчыкі не маглі ўдзельнічаць у праектах стварэньня баявых тэхналёгіяў у будучыні.

Ніякіх вайсковых праектаў

Паводле інфармацыі New York Times, у лісьце, які падпісалі 3100 супрацоўнікаў Google, уключаючы топ-мэнэджэраў, гаворыцца, што яны ўжо выказалі сваю занепакоенасьць вышэйшаму кіраўніцтва кампаніі. Усяго ў Google працуе больш за 88 тысяч супрацоўнікаў па ўсім сьвеце.

У адказ на выказаныя асьцярогі кіраўнік кірунку воблачных сэрвісаў Google Дыяна Грын запэўніла супрацоўнікаў, што распрацоўваная тэхналёгія ня будзе прымяняцца ва ўзбраеньнях або выкарыстоўвацца для кіраваньня дронаў.

Аднак супрацоўнікі, якія падпісалі ліст, лічаць, што інтэрнэт-гігант падрывае давер карыстальнікаў і грэбуе сваёй маральнай і этычнай адказнасьцю.

«Заяўленыя каштоўнасьці Google ясна даюць зразумець: кожны з нашых карыстальнікаў давярае нам. Ніколі ня стаўце гэта пад пагрозу. Ніколі», — гаворыцца ў лісьце.

«Стварэньне гэтай тэхналёгіі для дапамогі ўраду ЗША ў назіраньні за баявымі цэлямі, якое можа прывесьці і да гібелі людзей, непрымальнае», — падкрэсьліваюць супрацоўнікі.

«Негвалтоўныя мэты»

Пра тое, што Google дазваляе Пэнтагону выкарыстоўваць некаторыя з сваіх тэхналёгіяў распазнаньня малюнкаў у рамках вайсковага праекту, першым паведаміў у сакавіку сайт Gizmodo. Пазней сама карпарацыя пацьвердзіла гэта.

«Maven — шырока вядомы праект міністэрства абароны, і Google працуе над адной зь яго частак — прызначанай для негвалтоўных мэтаў і якая выкарыстоўвае праграмнае забесьпячэньне для распазнаваньня аб’ектаў, даступнае любому карыстальніку Google Cloud», — сказаў Бі-бі-сі прадстаўнік кампаніі.

Паводле яго, тэхналёгія, створаная на аснове адкрытых дадзеных, выкарыстоўваецца для распазнаньня малюнкаў і прызначаная для выратаваньня чалавечых жыцьцяў, а таксама для таго, каб пазбавіць людзей «ад неабходнасьці выконваць вельмі аднастайную працу».

«Любое выкарыстаньне тэхналёгіяў у вайсковых мэтах, натуральна, выклікае абгрунтаваныя асьцярогі. Мы актыўна ўдзельнічаем ва ўсебаковым абмеркаваньні гэтай важнай тэмы ўнутры кампаніі, а таксама з запрошанымі экспэртамі, паколькі мы працягваем працаваць над нашай палітыкай у дачыненьні да распрацоўкі і выкарыстаньня нашых тэхналёгіяў штучнага інтэлекту», — запэўнілі ў Google.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG