Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы раскажуць у ААН, як Беларусь выконвае Канвэнцыю супраць катаваньняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія праваабаронцы прадставяць у Жэнэве на 63-й сэсіі Камітэту супраць катаваньняў ААН даклад, прысьвечаны выкананьню беларускімі ўладамі Канвэнцыі супраць катаваньняў.

Пра гэта піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». Перад гэтым даклад прадставяць і ў Менску — з 11 да 13 гадзіны 5 красавіка ў менскім гатэлі «Гарні».

Над дакладам працавалі сябры ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаваньняў» у супрацы з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», цэнтрам «Прававая ініцыятыва», установай «Беларускі дакумэнтальны цэнтар», «Беларускім Хэльсынскім камітэтам» і «Офісам па правах людзей з інваліднасьцю».

Што ў дакладзе

«Вясна» апублікавала і тэкст дакладу (PDF). Паводле яго, у Беларусі катаваньні расцэньваюцца як злачынствы незалежна ад месца ўчыненьня, але асобнага крымінальнага артыкула за іх няма, шэраг іншых артыкулаў не ахоплівае ўвесь спэктар катаваньняў. Беларуская дзяржава не зьмяніла заканадаўства, каб адносна катаваньняў не ўжываліся тэрміны даўнасьці.

Агулам дакумэнт утрымлівае 263 пункты з апісаньнем парушэньняў і рэкамэндацыямі ўладам Беларусі

Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаў

У тэксьце згадваюцца розныя выпадкі катаваньняў (справы Коржыча, Левінава, Бяляцкага, Танкачовай, Судаленкі, Жамчужнага, Халіп, Пачобута і іншых) і рэакцыя ўладаў на іх — у прыватнасьці, гаворыцца пра тое, як Аляксандар Лукашэнка публічна прадэманстраваў абыякавасьць да катаваньняў, калі казаў пра зьбіцьцё і катаваньні затрыманага жанчынай-міліцыянтам: «Калі ўжо жанчына зьбіла мужыка, то ў мяне адразу цікавасьць зьнікла да гэтай тэмы».

Рукі Васіля Сарочыка, які ў 2012 годзе расказаў, што ў пастарунку яго катавала міліцыянтка
Рукі Васіля Сарочыка, які ў 2012 годзе расказаў, што ў пастарунку яго катавала міліцыянтка

Турмы як месца катаваньня

Таксама ў дакладзе згадваецца, што беларускае заканадаўства ня мае нормаў, якія б прадугледжвалі права зьняволеных у турмах на агляд незалежным лекарам — а турэмныя лекары могуць дзейнічаць пад кантролем адміністрацыі турмы і ўтойваць катаваньні. Падчас праверак месцаў зьняволеньня пракурораў ня водзяць па праблемных месцах кшталту штрафнога ізалятара і мэдчасткі. Інфармацыя пра ўмовы ўтрыманьня зьняволеных не выдаецца праваабаронцам. Цалкам незалежных органаў для праверак месцаў зьняволеньня няма, інфармацыя пра прадухіленьне і расьсьледаваньне сьмерцяў за кратамі вельмі абмежаваная. Допыты затрыманых не абавязкова здымаюцца на відэа.

Адзначаюцца і дзеяньні «людзей у цывільным», якія ў час мірных сходаў могуць затрымаць, выкрасьці і зьбіць дэманстрантаў, не ідэнтыфікаваўшы сябе. Згадваецца, што не даведзена да канца расьсьледаваньне зьнікненьняў у 1999–2000 гадах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага.

Таксама ўздымаецца пытаньне незалежнасьці судоў — канчатковыя рашэньні па асноўных пытаньнях іхнай працы прымае выканаўчая ўлада ў асобе Аляксандра Лукашэнкі. Адвакатаў могуць лёгка пазбавіць ліцэнзіі. Судзьдзі «крытычна ацэньваюць» заявы абвінавачаных пра ціск і катаваньні, а зьмена паказаньняў пасьля заяваў пра катаваньні «ўспрымаецца як спроба апраўдаць сябе».

Апісваюцца таксама праблемы ўцекачоў зь іншых краінаў і высыланьне зь Беларусі ўцекачоў, якім на радзіме пагражае небясьпека.

Сьмяротная кара як від катаваньня

Сьмяротная кара ня проста ўжываецца (хоць Беларусь на міжнародным узроўні пастаянна заклікаюць яе скасаваць або ўвесьці мараторый), але і ўжываецца таемна, дата расстрэлу і месца пахаваньня пакаранага трымаецца ў сакрэце. Расстрэлы бываюць падчас разгляду хадайніцтваў абвінавачаных у Камітэце па правах чалавека ААН, няма гарантыяў абскарджаньня сьмяротнага прысуду ў Вярхоўным судзе.

Асобна адзначаецца, што ў Беларусі ў законах няма забароны на цялесныя пакараньні непаўналетніх, у тым ліку ў школах і дома.

Апошні раз Адмысловы дакладчык ААН па пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў мог наведаць Беларусь больш за 15 гадоў таму — і з рэкамэндацыяў ягонага дакладу па выніках візыту большасьць ня выкананая. Адмысловых дакладчыкаў па пытаньнях катаваньняў, абароны правоў на свабоду думкі і выказваньня, становішча праваабаронцаў, права на мірныя сходы не пускаюць у краіну зь візытам. Мандат адмысловага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі не прызнаецца.

«Былі гісторыі, пасьля якіх мне рабілася дрэнна». Ілюстратарка дзіцячых кніг зрабіла праект пра катаваньні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG