Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак падпісаў пагадненьне на пастаўку амэрыканскіх сыстэмаў проціракетнай абароны «Patriot» у рамках адмысловай праграмы «Вісла», перадае Польскае Радыё.
У цырымоніі падпісаньня гістарычнага пагадненьня ў Варшаве прынялі ўдзел прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі і амбасадар ЗША ў Варшаве Пол Джонс.
Па словах кіраўніка польскай дзяржавы, дзякуючы падпісанаму пагадненьню Польшча далучыцца да сусьветнай эліты.
«Гэтая сыстэма паслужыць асновай супрацьракетнай абароны Польшчы на бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Само сабой, з гадамі яна будзе абнаўляцца. Самае галоўнае, што пачатак пакладзены, што Польшча далучаецца да элітных дзяржаваў, у распараджэньні якіх знаходзіцца сыстэма ПРА «Patriot». Гэта зусім новая старонка польскай гісторыі і, перш за ўсё, гісторыі польскай арміі», — адзначыў Анджэй Дуда.
Згодна з дакумэнтам, першыя сыстэмы «Patriot» прыбудуць у Польшчу ў 2022 годзе. Кошт кантракту складае 4 млрд 750 млн даляраў. Яшчэ ў лістападзе мінулага года працягваліся перамовы аб тым, каб сума ўгоды не перавышала 10 млрд даляраў.