Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве забаранілі пікет да #БНР100


Пляцоўка перад кінатэатрам «Радзіма» ў Магілёве, дзе хацелі правесьці пікет да 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР
Пляцоўка перад кінатэатрам «Радзіма» ў Магілёве, дзе хацелі правесьці пікет да 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР

Чыноўнікі не дазволілі пікет у цэнтры гораду, але прапанавалі перанесьці яго на вызначаную імі пляцоўку ўдалечыні ад людных вуліц.

Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў правесьці ў Дзень Волі інфармацыйны пікет у цэнтры гораду, перад кінатэатрам «Радзіма». Фармальная прычына — гэтай пляцоўкі няма сярод вызначаных уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Чыноўнікі прапанавалі перанесьці пікет на стадыён па вуліцы Чалюскінцаў, дзе ня ходзяць людзі. Пра гэта сказаў Свабодзе адзін з заяўнікаў акцыі, сябра аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алег Аксёнаў.

«Магілёўскі гарвыканкам чарговы раз пацьвердзіў, што баіцца гуртаваньня людзей зь любой нагоды», — пракамэнтаваў ён рашэньне ўладаў.

Паводле Алега Аксёнава, на пусты стадыён адзначаць Дзень Волі ніхто ня пойдзе. Ці праводзіць пікет у цэнтры гораду бяз санкцыі гарвыканкаму, арганізатары яшчэ ня вырашылі.

З усіх імпрэзаў да юбілею БНР Магілёўскі гарвыканкам выказаў гатоўнасьць спрыяць правядзеньню круглага стала пра гісторыю БНР у адным зь мясцовых унівэрсытэтаў. На прапанову працоўнай групы правесьці супольна сьвяточны канцэрт гарвыканкам не адрэагаваў. Канцэрт адбудзецца ў грамадзкім цэнтры «Кола», бо на іншыя пляцоўкі, як тлумачыць старшыня працоўнай групы Алег Дзьячкоў, няма рэсурсаў.

У рэгіёнах сьвяткаваць стагодзьдзе БНР дазволілі пакуль у Берасьці, Баранавічах, Горадні і Лідзе. У Гомлі канцэрт на Дзень Волі забаранілі. Празь нястачу грошай правядзеньне акцый пад пагрозай у Віцебску і Баранавічах. Гарвыканкамы ў Берасьці, Менску, Горадні ўзялі на сябе арганізацыю аховы, мэдычнага абслугоўваньня і працы камунальных службаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG