Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) выпусьціла ўласную каўбасу і «цяпер прасоўвае яе ў найлепшых традыцыях савецкай агітацыі і прапаганды», паведамляе сайт незалежнага прафсаюзу РЭП.
Ліст, у якім «просяць аб аказаньні судзеяньня», быў разасланы па прафсаюзных арганізацыях. У лісьце прафсаюзам, якія ўваходзяць у ФПБ, рэкамендуюць прадаваць сэрвэлат «Прафсаюзны» ў крамах, а таксама увесьці ў мэню кожнай сталовай, турбазы і санаторыя.
Аўтары ліста «рэклямуюць» свой брэнд такімі словамі: «гэты каўбасны выраб мае высокія органалептычныя якасьці і прымальную палітыку цэнаўтварэньня, паколькі выпускаецца са зьніжкай „ад вытворцы“», прычым словы «ад вытворцы» чамусьці ўзятыя ў двухкосьсе. Адзначаецца, што асаблівасьць дызайну ўпакоўкі «нясе ў сабе пазыцыянаваньне беларускага арнамэнту і яднаньне працоўнага калектыву». Заканчваецца «піяр-кампанія» словамі: «Сэрвэлат „Прафсаюзны“ — для дружнага калектыву!»
Свабода зьвязалася з начальнікам галоўнага ўпраўленьня культуры і грамадзкай работы Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Глебам Лапіцкім. Ён нічога камэнтаваць ня стаў, сказаў толькі, што каштаваў тую каўбасу і яна смачная. Параіў зьвярнуцца ў прэсавую службу ФПБ, але дазваніцца да прэсавай службы не ўдалося.