Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія зьбірае Раду бясьпекі праз атручваньне Скрыпаля, магчымыя новыя санкцыі супраць Расеі


Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй
Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй

Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй можа афіцыйна абвінаваціць Расею ў спробе забойства былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі. Пра гэта піша The Times са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.

Паводле іх, адпаведная заява можа быць зроблена ў панядзелак, 12 сакавіка пасьля пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі, на якой будуць агучаныя апошнія дадзеныя расьсьледаваньня. Як сьцьвярджае крыніца The Times ва ўрадзе, брытанскія спэцслужбы гатовыя прад’явіць доказы сувязі Масквы і атрутнага нэрвова-паралітычнага рэчыва, якое было выкарыстана для замаху на Скрыпаля. Міністры зьбіраюцца жорстка настойваць на хуткай рэакцыі ў адказ, сказаў адзін з суразмоўцаў выданьня. Сярод магчымых захадаў называюцца выправаджэньне расейскіх дыпляматаў і ануляваньне візаў расейцам, якія пастаянна пражываюць у Вялікай Брытаніі і якіх зьвязваюць з Крамлём.

Пра гатоўнасьць брытанскага ўраду абвясьціць пра новыя санкцыі супраць Расеі ў сувязі з гэтым атручваньнем піша і The Financial Times. Найбольш жорстка за фінансавыя і іншыя абмежаваньні ў дачыненьні Расеі выступаюць кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан і міністар абароны Гэвін Уільямсан.

Раней брытанскія СМІ паведамлялі, што Лёндан кансультуецца з амэрыканскімі і эўрапейскімі саюзьнікамі наконт скаардынаваных адказных захадаў, якія могуць быць зроблены, калі будзе высьветлена, што Масква стаіць за атручваньнем.

Сяргей Скрыпаль — былы палкоўнік ГРУ. У Расеі яго асудзілі паводле абвінавачваньня ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абменялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. 4 сакавіка Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя ў крытычным стане з прычыны атручваньня нэрвова-паралітычным рэчывам. У бальніцы апынуўся і паліцыянт, які ўдзельнічаў у расьсьледаваньні. Раней паведамлялася, што былы афіцэр ГРУ за некалькі дзён да атручваньня паведамляў брытанскай паліцыі пра асьцярогу за сваё жыцьцё.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG