Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За атрыманьне хабару ад кампаніі Кныровіча ў Берасьці асудзілі двух чалавек


Аляксандар Кныровіч, архіўнае фота
Аляксандар Кныровіч, архіўнае фота

У Берасьці суд прызнаў вінаватымі двух былых інжынэраў прадпрыемства «Брэстжылбуд» за атрыманьне хабару памерам ня менш як 10 500 рублёў. Пра гэта TUT.BY паведаміла старэйшы памочнік пракурора гораду Алена Кавальчук.

Паводле матэрыялаў справы, хабар давалі прадстаўнікі фірмы «СарматТэрма-Інжынірынг», якая належыць затрыманаму бізнэсоўцу Аляксандру Кныровічу. Так кампанія Кныровіча перамагала ў біржавых таргах.

Сьцьвярджаецца, што з 2011 да 2017 году інжынэры «Брэстжылбуду» атрымалі ня менш як 10 500 рублёў хабару ад фірмы «СарматТэрма-Інжынірынг».

«Усім вядома, што ў ЖКГ існуе практыка адкатаў», — бізнэсоўцы пра справу Кныровіча

Адзін з інжынэраў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, яго калега — на 3 гады. Абодва страцяць маёмасьць і ня змогуць 5 гадоў займаць службовыя пасады. Прысуд яшчэ не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Паводле інфармацыі TUT.BY, двух прадстаўнікоў кампаніі Кныровіча вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці, бо яны «добраахвотна» паведамілі пра хабарніцтва ў КДБ.

Аляксандар Лукашэнка пра Кныровіча: «Злодзей павінен сядзець у турме»

Бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча затрымалі 25 студзеня 2017 году разам з супрацоўнікамі ягоных фірмаў, некаторых дзяржаўных структур, у тым ліку «Брэстэнэрга». Усіх 11 затрыманых зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.

Паводле афіцыйных крыніц, сярод эпізодаў справы — хабар адказным супрацоўнікам ЖКГ і арганізацыя фіктыўных тэндэраў на пастаўкі труб. Гаворка ідзе пра суму ня менш як 2,8 мільёна рублёў.

У лютым 2017 году Кныровічу выставілі абвінавачаньне ў «нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры» (арт. 243.2 Крымінальнага кодэксу).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG