Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўнікі «Мілкавіты» малака ня кралі. Нястачу 589 тон малака міліцыя патлумачыла кепскім улікам


Малакавоз на «Мілкавіце», архіўнае фота
Малакавоз на «Мілкавіце», архіўнае фота

Дырэкцыя адкрытага акцыянэрнага таварыства «Мілкавіта» 28 лютага ў судзе Савецкага раёну Гомля адмовілася ад намеру спаганяць з калектыву цэху № 1 кошт нястачы 589 тон малака на агульную суму 141,5 тысячы рублёў.

«Секануць» грошай з народу

Адмову агучыла ў судзе начальніца юрыдычнага аддзелу ААТ «Мілкавіта» Сьвятлана Барадзіна. Ні прадстаўніца гарадзкой пракуратуры Ганна Жалезьнякова, ні тым больш рабочыя малаказаводу гэтаму не пярэчылі.

Судзьдзя Анатоль Капусьцін пастанавіў спыніць справу аб кампэнсацыі шкоды паводле пазову малочнага прадпрыемства да сваіх працаўнікоў.

Камэнтаваць адмову прадстаўніца «Мілкавіты» не схацела, а вось працаўнікі, цяперашнія і былыя, рабілі гэта зь яўным задавальненьнем і адчуваньнем перамогі.

«Дырэкцыя, відаць, хацела „секануць“ грошай з народу. Але ж кампэтэнтныя органы сказалі, што людзі тут ні пры чым. Невядома яшчэ, калі тая нястача ўтварылася і як наагул праводзілі інвэнтарызацыю, калі мянялася кіраўніцтва прадпрыемства, нашага цэху цэльнамалочнай прадукцыі», — кажа апэратар Віталь Паляйчук.

Працаўніца цэху Тацяна Нічыпарэнка зьдзіўляецца, як можна было вінаваціць калектыў у нястачы больш як паўтысячы тон малака.

«Мы каб нават усім заводам прысмакталіся да малакаправоду, усё адно не змаглі б выпіць столькі малака. Вынесьці прадукцыі на такую суму таксама нерэальна. І вывезьці 50 малакавозаў сыравіны з тэрыторыі заводу таксама немагчыма. Гэта калі толькі малакавозы не заяжджалі на завод, а напрамкі ехалі „налева“», — мяркуе Нічыпарэнка.

Маршрут «налева» ў многіх працаўнікоў асацыюецца найперш зь некантраляваным вывазам сыравіннага малака або гатовай прадукцыі ў Расею.

«Думаю, што раскапалі, куды падзелася прадукцыя, але для нас гэта засталося таямніцай. Апамяталася нарэшце і дырэкцыя, бо ні на вытворчы глум, ні на непаладкі абсталяваньня столькі малака не магло пайсьці. І вынесьці людзі не маглі — усюды ж відэаназіраньне. На мяне вешалі амаль 800 рублёў нястачы. На некаторых — больш за тысячу. Я звольніўся зь „Мілкавіты“ і цяпер блізка да яе не падыходжу», — кажа былы вырабнік тварагу Вадзім Саламацін.

Былыя і цяперашнія працаўнікі «Мілкавіты» ў судзе Савецкага раёну
Былыя і цяперашнія працаўнікі «Мілкавіты» ў судзе Савецкага раёну

Хто нашкодзіў

У суд Савецкага раёну на кампэнсацыю шкоды гендырэктар «Мілкавіты» Сяргей Бабарыка зьвярнуўся яшчэ летась у траўні, пасьля інвэнтарызацыі, якая выявіла недахоп 549 тон абястлушчанага малака і 40 тон малака базавай тлустасьці. І паколькі ў прадпрыемства заключана дамова на калектыўную (брыгадную) матэрыяльную адказнасьць, то дырэкцыя «Мілкавіты» і прад’явіла пазовы ў суд 205 рабочым цэху на вяртаньне агулам 141,5 тысячы рублёў нястачы. Як сказана было ў пазове, у зьвязку з нанесенай шкодай «працаўнікамі прадпрыемства пры выкананьні працоўных абавязкаў». Інакш кажучы, нібыта кепска прымалі, перараблялі, не кантралявалі выхад і збыт прадукцыі.

Добраахвотна сплачваць 141 тысячу рублёў людзі не пажадалі. Некаторыя ўступілі ў незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці, каб той дапамог адбіцца ад прэтэнзій дырэкцыі. Падрыхтаваныя былі звароты ў Гомельскае ўпраўленьне Сьледчага камітэту і рэгіянальны Камітэт дзяржкантролю, каб тыя разабраліся ў канфліктнай сытуацыі.

Іншыя зьвярнуліся па дапамогу ў афіцыйны прафсаюз працаўнікоў аграпрамысловага комплексу.

Прэтэнзіі да ўліку

30 траўня мінулага году непасрэдна ў ААТ «Мілкавіта» распачаўся і быў прыпынены беспрэцэдэнтны выязны судовы працэс супраць цэлага калектыву цэху цэльнамалочнай прадукцыі № 1 разам зь яго начальнікам Аляксандрам Рыўкіным.

Гарадзкая пракуратура абавязала міліцыю праверыць «Мілкавіту», каб высьветліць, куды падзеліся 589 тон малака.

Чальцы прафсаюзу РЭП, якія патрабавалі расьсьледаваньня нястачы малака, атрымалі адказы ад опэрупаўнаважанага АБЭЗ Савецкага РАУС, старшага лейтэнанта Куляшова. Той паведаміў, што пасьля праверкі адмоўлена ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, бо ў дзеяньнях службоўцаў і працаўнікоў цэху ня выяўлена складу злачынства. Паводле міліцыі, крадзяжу не было, як не было і нядобрасумленнага выкананьня працаўнікамі сваіх абавязкаў. Міліцыя прыйшла да высновы, што на прадпрыемстве неналежным чынам вядзецца ўлік таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў. Адгэтуль нястачы альбо лішкі ня толькі малака, але і ўпаковачных матэрыялаў.

Будынак «Мілкавіты»
Будынак «Мілкавіты»

Прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка, які абараняў сваіх чальцоў, лічыць, што за дзесяць месяцаў, якія мінулі пасьля першага судовага паседжаньня, дырэкцыя «Мілкавіты» адумалася і перастала шукаць «стрэлачнікаў».

«Там, дзе шараговыя працаўнікі не ўспрымаюцца кіраўніцтвам як партнэры, а толькі як найманая працоўная сіла, і ўзьнікаюць непаразуменьні, напружаньне, а ўрэшце і забурэньні», — перакананы юрыст Судаленка.

Дошка гонару «Мілкавіты»
Дошка гонару «Мілкавіты»

Дзяржаўнае акцыянэрнае таварыства «Мілкавіта» — найбуйнейшая ў рэгіёне кампанія па вытворчасьці малака й малочнай прадукцыі. Працуе на прадпрыемстве звыш тысячы чалавек. Тут падкрэсьліваюць, што кантакт пэрсаналу з прадукцыяй зьведзены да мінімуму, бо выкарыстоўваецца закрыты тып вытворчага працэсу.

Суд абавязаў журналіста АР Юрася Карманава зьняпраўдзіць зьвесткі пра радыяактыўнае малако

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG