Кіраўніцтва футбольнага клюбу «Крумкачы» да канца працоўнага дня 27 лютага падасьць апэляцыю ў Беларускую фэдэрацыю футболу (БФФ). Пра гэта Свабодзе сказаў адзін з заснавальнікаў Уладзіслаў Маяроўскі.
Напярэдадні Камітэт клюбнага ліцэнзаваньня БФФ адмовіў менскаму калектыву ў допуску да старту чарговага сэзону найвышэйшай лігі.
Падставай, паводле БФФ, сталі сыстэматычныя парушэньні патрабаваньняў рэглямэнту ў ліцэнзаваньні і кантролі дзейнасьці клюбаў. На гэтай падставе вырашана не прымаць да разгляду заяву «Крумкачоў», пададзеную 12 лютага.
Па словах Ўладзіслава Маяроўскага, Апэляцыйны камітэт клюбнага ліцэнзаваньня БФФ мусіць разгледзець іх заяву цягам тыдня і даць афіцыйны адказ. Сам ён кажа, што ня бачыць прычынаў, па якіх «Крумкачоў» могуць пазбавіць месца ў футбольнай эліце.
У сваю чаргу кіраўніцтва фэдэрацыі адзначае, што яшчэ адной прычынай нядопуску каманды да сэзону стала крытычная сытуацыя з запазычанасьцю — сумарны доўг «Крумкачоў» дасягнуў 600 тысяч рублёў. У гэтай сувязі на калектыў накладзена забарона на рэгістрацыю новых гульцоў.
Той жа Ўладзіслаў Маяроўскі выказваў падазрэньні, што такім чынам «зачышчаецца» дарога для менскага «Тарпэда». Па выніках мінулага сэзону аўтазаводцы ня здолелі трапіць у мацнейшы дывізыён, заняўшы трэцяе месца ў першай лізе. Пры гэтым яны ня маюць праблемаў зь фінансаваньнем, што для фэдэрацыі зьяўляецца больш важкім момантам, чым непрадказальныя «Крумкачы»: пасьля сэнсацыйнага ўзьлёту з другой лігі ў найвышэйшую каманда аматараў не змагла пазбавіцца фінасавых праблемаў.
Фінансавыя праблемы «Крумкачоў»
Фінансавыя праблемы «Крумкачоў» паўсталі яшчэ да таго, як клюб пачаў гуляць у Найвышэйшай лізе. У 2016-м яны сталі першымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. Традыцыйна каманды замацаваныя альбо за раённымі і гарадзкімі выканкамамі, альбо за буйнымі прадпрыемствамі.
Сэзон-2017 каманда зноў пачала з абмеркаваньня фінансавага становішча. Яшчэ напачатку 2016 году барысаўскі БАТЭ пазычыў «Крумкачам» 150 тысяч даляраў. Палову грошай каманда мусіла вярнуць у жніўні 2016-га, палову — у сьнежні. Аднак празь цяжкае фінансавае становішча «Крумкачы» разьлічыцца ня здолелі. У пачатку 2017-га эканамічны суд Менску вынес рашэньне спагнаць грошы з «Крумкачоў» у загадным парадку.
Праз перабоі з выплатай заробкаў склад «Крумкачоў» пакінуў тузін гульцоў і галоўны трэнэр. Дайшло нават да байкатаваньня матчаў з боку футбалістаў — затрымкі дасягнулі некалькі месяцаў.
Увосень 2017 клюб сабраў праз краўдфандынг звыш 29 тысяч рублёў — чвэрць ад патрэбнай сумы.
На фінішы леташняга чэмпіянату Беларусі «Крумкачы» да апошняга змагаліся за выжываньне і аказаліся 13-мі сярод 16 клюбаў. Калі матэрыяльная частка так і застанецца нявырашанай, новы сэзон стане чарговым жорсткім выпрабаваньнем.