Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены кіроўца, які слаў скаргі Лукашэнку, выйграў суд у аўтапарку


Мікалай Мурач
Мікалай Мурач

Кіроўца Горадзенскага аўтапарку Мікалай Мурач дамогся праз суд, каб яго звольнілі з працы паводле ягонай заявы, а ня так, як хацеў наймальнік — не працягнуўшы кантракт.

Падчас судовага паседжаньня наймальнік прапаноўваў кіроўцу вярнуцца на працу, але ён адмовіўся. Цяпер у працоўнай кніжцы Мікалая Мурача мае зьявіцца новы запіс аб ягоным звальненьні з аднае і тае ж працы: замест звальненьня «з прычыны заканчэньня кантракту» — «звольніць за парушэньне наймальнікам умоваў дамовы і з выплатай трох сярэднямесячных акладаў».

Пісаў скаргі — не працягнулі кантракт

Былы кіроўца Горадзенскага аўтапарку Мікалай Мурач падаў у суд на адміністрацыю пасьля таго, як яму без прычыны не працягнулі кантракт на працы.

У судовым працэсе выказаў вэрсію, што кантракт яму не падоўжылі таму, што ўзяў актыўны ўдзел у зборы подпісаў кіроўцаў Горадзенскага аўтапарку пад скаргамі ў адміністрацыю Лукашэнкі і да мясцовых уладаў пасьля таго, як адзін з кіроўцаў зрабіў спробу самагубства — спыніў на мосьце празь Нёман аўтобус з пасажырамі, выйшаў зь яго і скочыў з моста ў раку.

У лістах да чыноўнікаў кіроўцы скардзіліся на перапрацоўкі, малыя заробкі, на цяжкія ўмовы працы. Тлумачылі, што такое жыцьцё і прывяло чалавека да спробы суіцыду.

Пасьля таго, як выявілі, што я займаюся зборам подпісаў пад скаргамі, адразу атрымаў паведамленьне ад адміністрацыі, што мне не падаўжаюць на наступны год кантракт.

«Пасьля таго, як выявілі, што я займаюся зборам подпісаў пад скаргамі, адразу атрымаў паведамленьне ад адміністрацыі, што мне не падаўжаюць на наступны год кантракт безь якіх-кольвек тлумачэньняў. Літаральна празь некалькі дзён я напісаў заяву, каб мяне звольнілі з прычыны таго, што наймальнік парушаў умовы працоўнай дамовы, і прывёў канкрэтныя прыклады парушэньняў. На што мне камісія па працоўных спрэчках ААТ „Аўтобусны парк г. Горадні“ пісьмова адказала, што ўмовы кантракту наймальнікам выконваліся. А адміністрацыя адразу паведаміла, зь якой даты я ўжо не працую. Тады я вырашыў падаць у суд».

500 гадзін перапрацоўкі за год

У судовым паседжаньні спадар Мікалай выказаў сваю прававую пазыцыю па 16 пунктах, якія, паводле яго, сьведчаць аб парушэньні наймальнікам умоваў кантракту. Адзін з найбольш яскравых пунктаў той, у якім гаворыцца, што Мурач меў больш за 500 гадзін перапрацоўкі на год і яму не далі належнага адпачынку.

«І гэта ў той час, — канстатаваў Мурач, — калі заканадаўствам дапускаецца ня больш як 180 гадзін перапрацоўкі за год».

Факт задакумэнтаваны, суду перададзеныя графікі працы і табэлі ўліку працоўнага часу. Мурач цытаваў закон, паводле якога «замена грашовай кампэнсацыяй адпачынкаў, дадатковых адпачынкаў за працу з шкоднымі альбо небясьпечнымі ўмовамі працы і за асаблівы характар працы не дапускаецца».

Кіроўца прыводзіў прыклады, калі ён прыцягваўся да работ у тэхнічным абслугоўваньні транспарту, але пры гэтым не забясьпечваўся спэцвопраткай, мыйнымі сродкамі, што, паводле яго, таксама зьяўляецца парушэньнем кантракту. І так яшчэ па 14 пунктах са спасылкамі на кантракт і дзейнае заканадаўства.

«Перапрацоўка ня лічыцца злосным парушэньнем кантракту»

Прадстаўніца адказчыка, юрыстка Горадзенскага аўтапарку, на 16 пунктаў парушэньня ўмоваў кантракта адказвала, што Мурач пры прыёме на працу на працягу трохмесячнага выпрабавальнага тэрміну бачыў, на якую працу ён ідзе. А праца гэтая, паводле яе, сацыяльна значная — перавозкі пасажыраў.

Яна настойвала на тым, што праца звышурочна адбывалася са згоды самога Мурача, і за гэта ён атрымліваў дадатковую аплату. Усе яе довады зводзіліся да таго, што вышэйпералічаныя 16 пунктаў, якія сьведчаць аб парушэньні працоўнага заканадаўства, не зьяўляюцца істотнымі.

Урэшце аказалася, што Мікалай можа вярнуцца на працу

Горадзенскі аўтапарк
Горадзенскі аўтапарк

​Амаль на кожным судовым паседжаньні судзьдзя зьвяртаўся да бакоў канфлікту з прапановай разысьціся мірным шляхам, але аж да апошняга паседжаньня яны на гэта не рэагавалі.

І раптам ужо перад вынясеньнем судовага рашэньня юрыст аўтапарку заявіла, што, паразмаўляўшы з дырэктарам, яны вырашылі працягнуць спадару Мікалаю кантракт на далейшую працу, і прапанавала яму вярнуцца ў калектыў.

«Уяўляеце, дырэктар сказаў, што я быў нядрэнным кіроўцам, спраўляўся з працай і магу вярнуцца назад. Мяне, папраўдзе, гэта ўразіла. І ўразіла найбольш тое, як высокія начальнікі сёньня могуць не працягнуць кантракт, нічога не тлумачачы, а заўтра сказаць, што быў добрым кіроўцам і можаш працаваць далей. Гэта ня проста цынізм. У аўтапарк я больш не вярнуся, бо там сапсаваная атмасфэра для працы», — кажа спадар Мікалай.

Вялікім зьдзіўленьнем для Мурача стала тое, што да яго патэлефанаваў сам дырэктар аўтапарку і папрасіў сустрэцца. Мікалай кажа, што адмовіўся ад сустрэчы, паколькі ня бачыць у ёй сэнсу. Больш за тое, ён знайшоў іншую працу і не зьбіраецца вяртацца назад.

Ёсьць прэцэдэнт, але ці іншыя захочуць судзіцца?

Паводле Мурача, рашэньне суду ў пэўным сэнсе стварыла прэцэдэнт, паколькі некаторыя з кіроўцаў, адчуўшы да сябе такое ж стаўленьне з боку адміністрацыі, пачалі самі пісаць заявы на звальненьне, а некаторым адмовілі ў працягненьні кантракту. Цяпер, пасьля судовага рашэньня, на думку спадара Мікалая, у суд могуць падаць і іншыя ягоныя калегі.

Я асабіста вырашыў ісьці да канца з тае прычыны, што лічу сябе чалавекам і не хачу, каб са мной абыходзіліся, як ім захочацца.

«Я асабіста вырашыў ісьці да канца з тае прычыны, што лічу сябе чалавекам і не хачу, каб са мной абыходзіліся, як ім захочацца. У нашай краіне ёсьць закон, ёсьць Канстытуцыя, і я таксама маю правы, а ня толькі абавязкі», — сказаў пасьля вынясеньня рашэньня Мікалай Мурач.

Гэта ўжо другі суд работніка Горадзенскага аўтапарку, звольненага пасьля канфліктнай сытуацыі з адміністрацыяй. У першым выпатку работніку таксама зьмянілі запіс у працоўнай кніжцы, праўда, рашэньне было прынята па дамоўленасьці бакоў і ўжо па-за судовым паседжаньнем.

***

Гісторыя з Горадзенскім аўтапаркам пачалася з таго, што адзін з кіроўцаў зрабіў спробу самагубства — спыніў на мосьце празь Нёман аўтобус з пасажырамі, выйшаў зь яго і скочыў з моста ў раку. Кіроўца застаўся жывы. Прычыны ягонага ўчынку дагэтуль застаюцца невядомымі. Але гісторыя на гэтым ня скончылася.

У адміністрацыю Лукашэнкі, пракуратуру, да мясцовых уладаў былі накіраваныя лісты ад работнікаў Горадзенскага аўтобуснага парку. Кіроўцы гарадзкіх аўтобусаў скардзіліся на перапрацоўкі, малыя заробкі, на цяжкія ўмовы працы. Тлумачылі, што такое жыцьцё і прывяло чалавека да спробы суіцыду.

У Горадзенскім аўтапарку пасьля спробы суіцыду звальняюць кіроўцаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG