Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст Legalize Belarus: «Змагацца супраць наркотыкаў — гэта папулізм»


Пятро Маркелаў
Пятро Маркелаў

Госьць «Інтэрвію тыдня» — актывіст грамадзянскай кампаніі Legalize Belarus Пятро Маркелаў. Ён заяўляе, што трэба скасаваць крымінальнае пакараньне за захоўваньне кантраляваных рэчываў у малых колькасьцях, тлумачыць, чаму палітыку «вайны з наркотыкамі» трэба зьмяніць на палітыку зьмяншэньня шкоды, і настойвае на тым, каб перастаць называць тэрмінам «наркотыкі» такія рэчывы, як марыхуана.

«Існуе такі стэрэатып, які навязваецца дзяржавай, што нейкая група рэчываў, якая называецца „наркотыкамі“, — гэта зло»

— Каб падчас інтэрвію не было ніякіх розначытаньняў, давайце пачнём нашу размову з пытаньня: за што канкрэтна выступае грамадзянская кампанія Legalize Belarus?

— Я скажу пра кірункі нашай дзейнасьці. Па-першае, мы займаемся адукацыяй у пытаньнях псыхаактыўных рэчываў. Мы даносім да людзей навуковую аб’ектыўную інфармацыю пра тое, якія існуюць рэчывы, як яны дзейнічаюць, да чаго можа прывесьці іх адказнае ці безадказнае спажываньне.

Па-другое, мы выступаем за рэформу заканадаўства. За тое, каб перш за ўсё скасаваць крымінальнае пакараньне за захоўваньне гэтых рэчываў у малых колькасьцях.

Таксама мы кажам пра легалізацыю марыхуаны для мэдыцынскага і прамысловага выкарыстаньня.

— Давайце патлумачым больш падрабязна, як юрыдычна выглядае цяпер сытуацыя з ужываньнем наркотыкаў. Само ўжываньне ў Беларусі ня ёсьць незаконным. Але калі ты пакурыў марыхуану і перадаў іншаму гэтую цыгарку — то гэта ўжо распаўсюджваньне або захоўваньне. І за гэта ўжо саджаюць?

— Так, у Беларусі існуе артыкул 328 Крымінальнага кодэксу, там няма панятку «ўжываньне», але там ёсьць «захоўваньне». І зразумела, калі ты ўжываеш, то ты так ці інакш «захоўваеш». То бок калі ты трымаеш у руцэ, гэта ўжо лічыцца «захоўваньнем». Калі ты перадаеш сябру — то, як кажуць, «перадаў касяк — атрымаў 10 гадоў». Судовая сыстэма лічыць, што перадача «касяка» — гэта ўжо распаўсюд, і гэта караецца тэрмінам у сярэднім 8 гадоў.

— То бок відавочна, што людзі толькі спажыўцы, яны не наркабароны, не распаўсюднікі — і такія людзі трапляюць у турму на 8 гадоў?

— Так. Рух «Маці 328» — гэта рух сваякоў і маці асуджаных — сьцьвярджае, што сярэдні тэрмін зьняволеньня па гэтым артыкуле 8 гадоў. Але афіцыйных дадзеных няма. Няма і дакладных дадзеных пра колькасьць асуджаных па гэтым артыкуле.

Падчас пікету за адмену крымінальнага пакараньня за захоўваньне лёгкіх наркотыкаў у малых памерах 17 лютага
Падчас пікету за адмену крымінальнага пакараньня за захоўваньне лёгкіх наркотыкаў у малых памерах 17 лютага

— Я сачу за дзейнасьцю «Маці 328». Напрыклад, на іхным сайце ёсьць інфармацыя пра пікет, у якім удзельнічаў і адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі, і там сказана, што яны выступаюць супраць наркотыкаў, супраць легалізацыі марыхуаны. У гэтым сэнсе, наколькі я разумею, вы зь імі не супадаеце, бо вы выступаеце за легалізацыю марыхуаны?

— Калі яны кажуць, што яны супраць наркотыкаў, то гэта хутчэй папулізм. Яны хутчэй гэта кажуць для таго, каб не выклікаць хвалю адчужэньня і непаразуменьня.

Як увогуле можна быць супраць наркотыкаў, што ўвогуле гэта значыць? Існуе такі стэрэатып, якія навязваецца дзяржавай, што нейкая група рэчываў, якая называецца «наркотыкамі», — гэта зло. Але ж, згодна з вызначэньнем Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, наркотыкамі зьяўляюцца рэчывы, якія ўводзяць чалавека ў ступар, робяць яго нечульлівым да болю. І ў першую чаргу гэта апіёіды. А таксама ў ангельскай мове ёсьць слова drugs — яно азначае ўсе іншыя псыхаактыўныя рэчывы, прэпараты.

— Вы так цікава сказалі — «як можна выступаць супраць наркотыкаў». Прагучала гэта вельмі радыкальна. То бок вы выступаеце за наркотыкі?

— За ці супраць наркотыкаў — гэта нейкая маральная пазыцыя. Мы ня кажам пра мараль, мы кажам, што чалавек павінен валодаць інфармацыяй і адказна падыходзіць да спажываньня ці неспажываньня тых ці іншых рэчываў.

Мы ня кажам пра мараль, мы кажам пра закон і палітычную сыстэму.
Мы выступаем за адмену крымінальнага пакараньня за захоўваньне кантраляваных рэчываў у малых колькасьцях.

— Вы хочаце дазволіць марыхуану, прадстаўляючы аргумэнт, што за яе саджаюць шмат або фактычна невінаватых, або ня вельмі вінаватых людзей. Але калі вы хочаце дапамагчы гэтым людзям, ці не было б больш лягічна змагацца за скасаваньне ці прынамсі зьмякчэньне тых артыкулаў, з прычыны якіх спажыўцоў саджаюць за краты? І, можа, пакуль адсунуць убок пытаньне легалізацыі марыхуаны?

— Я ж ужо казаў, што мы выступаем у першую чаргу за адмену крымінальнага пакараньня за захоўваньне кантраляваных рэчываў, якія ўведзеныя ў рэспубліканскі пералік наркатычных рэчываў і псыхатропных прэпаратаў, у малых колькасьцях. Гэта значыць, што трэба ўвесьці такі панятак у закон — «малая колькасьць», які ўведзены ў шматлікіх эўрапейскіх краінах. Калі ты захоўваеш колькасьць рэчываў, якая не перавышае гэтай «малой колькасьці», то да цябе не прымяняецца крымінальнае пакараньне. Гэта будзе штраф ці адміністрацыйнае пакараньне.

— А што, цяпер у заканадаўстве няма ніякай градацыі па колькасьці?

— Няма, і нярэдка судзяць «за пыл». Шмат выпадкаў, калі знаходзяць колькасьць той самай марыхуаны, якой ня хопіць нават на «касяк», але за гэта таксама могуць пасадзіць.

«Праваахоўныя органы зацікаўленыя ў тым, каб саджаць больш людзей»

— А для чаго беларуская праваахоўная сыстэма саджае звычайных спажыўцоў?

— Сытуацыя ў Беларусі не ўнікальная, тое самае адбываецца ў многіх іншых краінах, напрыклад у ЗША. Што да Беларусі, то праваахоўныя органы зацікаўленыя ў тым, каб саджаць больш людзей. Так працуе сыстэма. Чым больш пасадзіш людзей, тым большая «эфэктыўнасьць», болей атрымаеш фінансаваньня, зорак і прэмій. Таму праваахоўнікі фабрыкуюць такія справы. Часам яны правакуюць людзей, напрыклад, каб сябры набылі рэчывы. А потым гэтых сяброў, якія ані разу не ўжывалі, саджаюць на тэрміны. Паводле сьведчаньняў з руху «Маці 328», праваахоўнікі нават валодаюць некаторымі інтэрнэт-крамамі па продажы кантраляваных рэчываў.

— Мне проста цікава, наколькі вы разумееце, як функцыянуе сыстэма распаўсюду і збыту наркотыкаў у Беларусі. У прэсе і сацыяльных сетках гучаць такія меркаваньні, што міліцыянты часам працуюць проста ў зьвязцы з наркагандлярамі, што называецца, «крышуюць» іх. І што наркагандляры дзеляцца сваімі даходамі зь сілавікамі. Калі вы згодныя з такімі вэрсіямі і меркаваньнямі... ці разумееце вы, у што ўвязваецеся і з кім зьбіраецеся змагацца?

— Усё так і ёсьць. Гэтая сыстэма, гэты падыход «вайны з наркотыкамі» прыводзіць да таго, што на рынку застаюцца гэтыя вялікія гульцы. Часам тыя кантраляваныя рэчывы, якія канфіскуюць, зноў зьяўляюцца на рынку.

Але трэба гаварыць у шырэйшым кантэксьце. Казаць пра тое, што дзяржава не павінна абмяжоўваць правы чалавека на сябе. Яна не павінна забараняць чалавеку як заўгодна карыстацца сабою, калі гэта не прыносіць шкоды іншым.

Зразумела, калі чалавек нешта ўжыў, а потым нешта скраў — то гэта павінна карацца законам. Але калі ўжываць рэчывы — гэта ўласны выбар чалавека, то за гэта нельга караць.

У нас дзяржава забірае свабоду, не выконвае сваёй базавай функцыі, не абараняе правы і свабоды грамадзян.

«Мы настойваем на тым, каб перастаць ужываць тэрмін „наркотыкі“ адносна такіх рэчываў, як марыхуана»

— Ну, сапраўды, дзяржава не забараняе піць алькаголь, быць п’яным дома (калі ты не знаходзісься ў публічным месцы), і за гэта ніхто не карае. А з наркотыкамі зусім іншы падыход. Але колькі на сёньня дзяржаваў, якія падзяляюць тое лібэральнае стаўленьне, якое вы адстойваеце?

— Вы кажаце ўвесь час «наркотыкі». Але мы настойваем на тым, каб перастаць ужываць гэты тэрмін у адносінах да такіх рэчываў, як марыхуана. Марыхуана можа зьмяншаць боль, яна выкарыстоўваецца для лекаваньня сымптомаў раку — яе яшчэ можна назваць «наркотыкам». Але іншыя рэчывы зусім не адносяцца да гэтай групы, — напрыклад, ЛСД — яны ўвогуле не наркотыкі. Гэта кантраляваныя рэчывы, якія прыводзяць да зьмененага стану сьвядомасьці.

Калі казаць пра легалізацыю марыхуаны для мэдычнага выкарыстаньня, то гэта 11 штатаў у ЗША, Уругвай, Партугалія і некаторыя іншыя краіны.

— Нават у славутай Галяндыі няма поўнай легалізацыі марыхуаны?

— «Вайна з наркотыкамі», якая пачалася даўно, існуе на міжнародным узроўні. Ёсьць міжнародная канвэнцыя ААН, якая навязвае дзяржавам, якія яе падпісалі, тое, як яны павінны кантраляваць гэтыя рэчывы. Краіны, якія здолелі легалізаваць марыхуану, проста знайшлі пралазы ў заканадаўстве.

— Вы кажаце, што чалавек вольны рабіць з сабой, што хоча. Але мы бачым кадры, як падлеткі, ужыўшы спайсы, нікому ня робяць шкоды, але проста скачуць зь пятага паверха і сканчаюць сваё жыцьцё...

— Што такое спайсы? Гэта сынтэтычныя канабіноіды. Яны зьявіліся якраз таму, што натуральная марыхуана была забаронена. Спайсы таньнейшыя, іх прасьцей вырабляць, транспартаваць, прадаваць. Яны менш вывучаныя і нашмат больш шкодныя. Бо ў параўнаньні з натуральнай марыхуанай сынтэтычныя канабіноіды — гэта чыстае рэчыва, нанесенае на нейкую расьліну.

А ў натуральнай марыхуане ўтрымліваецца іншы, вельмі важны кампанэнт — канабідыёл, які не прыводзіць да зьмененага стану сьвядомасьці, які выкарыстоўваецца ў мэдыцыне як сродак для расслабленьня і які якраз зьмякчае эфэкт тэтрагідраканабінолу. Гэта значыць, што людзі, якія ўжываюць натуральную марыхуану, не атрымліваюць такіх жорсткіх наступстваў.

— Вы актывіст грамадзкага руху «Дзея». Як лідэр руху Алесь Лагвінец ставіцца да вашай актыўнасьці менавіта ў рэчышчы легалізацыі марыхуаны?

— Супольная пазыцыя «Дзеі» па гэтым пытаньні ў тым, што кампанія Legalize Belarus не зьяўляецца супольнай кампаніяй грамадзкага руху «Дзея». Бо сапраўды існуюць пытаньні па тым, як мы гэта робім.
Але пазыцыя «Дзеі» па гэтай праблеме ў тым, што заканадаўства павінна быць мякчэйшае, што захоўваньне кантраляваных рэчываў у малых колькасьцях павінна быць дэкрыміналізаванае.

— Чаго б вы хацелі ў ідэале? Калі б раптам усе пагадзіліся з вашымі аргумэнтамі, што б вы палічылі неабходным зьмяніць? Якое грамадзтва, якія законы павінны быць у аспэкце стаўленьня да кантраляваных рэчываў?

— Трэба замяніць палітыку «вайны з наркотыкамі» на палітыку зьмяншэньня шкоды. Гэта той шлях, якім пайшлі такія краіны, як Партугалія і Швайцарыя. Быў пэрыяд, калі ў Партугаліі было вельмі шмат залежных ад гераіну. І замест таго каб саджаць людзей, яны вырашылі , што гэта не працуе, і стварылі спэцыяльныя цэнтры, дзе людзі, якія церпяць на залежніцкія разлады, маглі б легальна атрымаць той прэпарат, ад якога ў іх была залежнасьць.

Акрамя таго, гэтым людзям дапамагалі знайсьці мэту ў жыцьці, вярнуцца ў грамадзтва — замест таго каб яшчэ глыбей маргіналізаваць гэтых хворых людзей. Такім чынам, я лічу, што трэба дапамагаць хворым людзям і не саджаць звычайных спажыўцоў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG