У МЗС Украіны падкрэсьліваюць, што міратворчы кантынгент павінен быць на мяжы Ўкраіны з Расеяй.
У Міністэрстве замежных спраў Украіны заяўляюць, што беларускіх міратворцаў на Данбасе ня будзе, калі ў рэгіёне ня будзе міратворцаў краін-сябраў Арганізацыі паўночнаатлянтычнага альянсу (NATO).
Пра гэта сказала ў эфіры «5 канала» намесьнік міністра замежных спраў Украіны ў пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі Алена Зэркаль.
«Наколькі я ведаю, Беларусь не пакінула АДКБ і зьяўляецца сябрам гэтай арганізацыі. А калі мы выключаем NATO, то цалкам лягічна, каб мы не казалі пра тое, што краіны АДКБ таксама прымаюць удзел у гэтай місіі», — сказала Зэркаль.
Кажучы аб разгортванmні міратворцаў, дыплямат таксама падкрэсьліла, што тэрарыстычныя арганізацыі «ДНР» і «ЛНР» не зьяўляюцца бокам канфлікту, таму зь імі Украіна ня будзе весці перамовы па гэтым пытаньні.
«Гэта зразумела ня толькі нам, але і ўсім нашым заходнім партнэрам», — заявіла Зэркаль.
Яна дадала, што сустрэчы спэцыяльнага прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША па справах Украіны Курта Ўолкера з памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым праводзяцца для таго, каб «прымусіць Расею зразумець, што гуляць па іх правілах ніхто ня будзе».
«Цяпер я думаю, што асноўнае і сапраўды ключавое пытаньне — што міратворцы павінны быць на мяжы Ўкраіны з Расеяй. І потым як будзе разгортвацца місія паэтапна. Дыскусія з гэтай нагоды ўжо ідзе пэўны час», — заявіла Зэркаль.
На мінулым тыдні міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што Менск гатовы дапамагчы ва ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе. Ён сказаў, што ў 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску існуе міратворчая рота са ста вайскоўцаў, якія вывучаюць ангельскую мову, праходзяць падрыхтоўку ў розных дзяржавах, маюць вопыт міратворчай дзейнасьці і гатовыя выконваць задачы ў любым рэгіёне сьвету. Але рашэньне аб іх удзеле ў місіі павінна прыняць рада Бясьпекі ААН, заявілі ў Менску.