Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі праходзілі «мясцовыя» выбары. Усё самае важнае

18 лютага ў Беларусі праходзяць выбары ў 1309 мясцовых саветаў дэпутатаў па 18 111 выбарчых акругах. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістраваныя 22 278 чалавек. Зь іх: 14 886 вылучаліся шляхам збору подпісаў, 5 340 — працоўнымі калектывамі, 699 — палітычнымі партыямі. Апазыцыйныя партыі вылучылі сёлета 219 чалавек — амаль на 100 кандыдатаў меней, чым у 2014 годзе. 174 зь іх дапусьцілі да выбараў.

З усіх апазыцыйных партый толькі 26 чалавек трапілі ва ўчастковыя камісіі — менавіта яны лічаць галасы. Для параўнаньня, ад адной толькі праўладнай Партыі працы і справядлівасьці — болей за тысячу чалавек.

Апазыцыйныя актывісты ня раз называлі сёлетнюю выбарчую кампанію «самай сумнай» у гісторыі.

Асноўны дзень галасаваньня па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў — 18 лютага. Выбарчыя ўчасткі адкрыюцца ў 8.00 і будуць працаваць да 20.00. У сьпісы для галасаваньня ўключаныя 6 929 525 выбарнікаў.

Паводле ЦВК, у датэрміновым галасаваньні узялі ўдзел 34,95% выбарнікаў, і гэта новы рэкорд датэрміновага галасаваньня на мясцовых выбарах. На выбарах у сакавіку 2014 году датэрмінова прагаласавалі 32,04% выбарнікаў, у 2010 годзе — 29,3%, у 2007— 24,9%.

08:44 18.2.2018

Чаму беларусы ходзяць на выбары

Чым вызначылася сёлетняя кампанія мясцовых выбараў? Якія мэты перасьледавала апазыцыя, беручы ўдзел у кампаніі? Ці могуць нешта зьмяніць гэтыя выбары? Абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Уладзімер Глод і вядучая Ганна Соўсь. Чытайце далей тут.

Чаму беларусы ходзяць на выбары
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:25 0:00

​

08:46 18.2.2018

Чалавек прагаласаваў на двух участках у Менску. І ў яго атрымалася. ВІДЭА

Хлопец запісаў на камэру мабільнага тэлефону, як прагаласаваў на двух выбарчых участках у Менску — у школах № 185 і № 201. На другім выбарчым участку ён пацікавіўся ў старшыні камісіі, ці законна гэта, што яму выдалі бюлетэнь для галасаваньня, калі ён ня мае менскай рэгістрацыі.

Паказваем, як гэта магчыма.

Чалавек прагаласаваў на двух участках у Менску. І ў яго атрымалася
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:19 0:00

08:48 18.2.2018

«Там гарэлку, кілбасу прадаюць», — менчукі пра тое, чаму людзі ідуць на выбары

Мы спыталі выпадковых людзей на вуліцах Менску, ці пойдуць яны на выбары, ці трэба туды ісьці, а таксама ці могуць выбары дэпутатаў мясцовых саветаў нешта памяняць у краіне.

«Там гарэлку, кілбасу прадаюць», — менчукі пра тое, чаму людзі ідуць на выбары
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:08 0:00

08:53 18.2.2018

У якой з партый на мясцовых выбарах найбольш кандыдатаў з крымінальным мінулым

Да выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў Беларусі дапускаюцца і тыя асобы, якія раней былі асуджаныя. Але да пачатку выбарчай кампаніі іх судзімасьці ўжо павінны быць пагашаныя. А пачынаючы з 2013 году ў афіцыйных біяграфіях кандыдатаў у дэпутаты абавязкова паказваюць усе крымінальныя судзімасьці, якія былі раней, незалежна ад тэрміну прысуду. Ці шмат сярод зарэгістраваных кандыдатаў у абласныя і сталічны гарадзкі саветы людзей з крымінальным мінулым, высьвятлялі карэспандэнты Свабоды.

08:56 18.2.2018

«Мясцовыя» дэпутаты зьнікаюць, але ніхто гэтага не заўважае

​

Беларускія ўлады, дзеля таго каб людзі пайшлі галасаваць на мясцовых выбарах, цяпер шмат кажуць пра важнасьць менавіта мясцовых саветаў. Маўляў, бязь іх і «жыцьцё спыніцца». Насамрэч у некаторых рэгіёнах ужо паўтара года няма даволі шмат дэпутатаў найвышэйшага мясцовага роўню — абласных і Менскага гарадзкога саветаў. І, як ні дзіўна, амаль ніхто гэтага не заўважыў. Пра такі незвычайны аспэкт беларускіх выбараў — у матэрыяле Свабоды.

09:02 18.2.2018

«У райвыканкаме прапанавалі, і я не змагла адмовіцца». Навошта праўладныя кандыдаты ідуць на выбары

Датэрміновае галасаваньне ў Гомлі
Датэрміновае галасаваньне ў Гомлі

​У сельскай мясцовасьці ў бальшыні акругаў выбары будуць безальтэрнатыўнымі. Самая вялікая колькасьць акругаў з адным кандыдатам налічваецца ў Горадзенскай вобласьці — 40, у Віцебскай — 22, Берасьцейскай — 7, Менскай — 5, Гомельскай — 3.

8 безальтэрнатыўных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў з розных рэгіёнаў краіны расказваюць Свабодзе, чаму яны вырашылі ўдзельнічаць у выбарах і што будуць рабіць, калі перамогуць.

09:26 18.2.2018

Упершыню за ўсю гісторыю мясцовых выбараў датэрмінова прагаласавалі больш за траціну выбарнікаў

​

Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла вынікі датэрміновага галасаваньня на выбарах выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, якое праходзіла ў Беларусі 13-17 лютага.

Паводле ЦВК, за гэты час на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 34,95% выбарнікаў. То бок больш за траціну выбарнікаў прагаласавалі датэрмінова. Гэта новы рэкорд датэрміновага галасаваньня на мясцовых выбарах.

Дынаміка нарошчваньня заўчаснага прыходу на выбарчыя ўчасткі выглядае так:

  • студзень 2007 году — 24,9% выбарнікаў,
  • красавік 2010 — 29,3%,
  • сакавік 2014 — 32,04%,
  • люты 2018 – 34,95%.

7 галоўных спосабаў стварыць рэкордную яўку на мясцовых выбарах

10:27 18.2.2018

На мясцовых выбарах сёньня адкрылі 250 дадатковых участкаў

18 лютага, у асноўны дзень мясцовых выбараў па Беларусі адкрыліся 250 новых участкаў, паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Гэта так званыя закрытыя ўчасткі. Яны знаходзяцца ў лякарнях, прафілякторыях, санаторыях. Як і ўсе астатнія выбарчая ўчасткі, яны працуюць з 8 да 20 гадзін. «Адзінае, што яны могуць спыніць працу раней і пачаць падлік галасоў, калі прагаласуюць усе, хто ўнесены ў сьпісы на гэтым участку», — сказала Ярмошына.

Дадзеныя з такіх участкаў звычайна паступаюць раней, чым з астатніх.

10:49 18.2.2018

Выбары ўсё больш шакуюць: участак у Магілёве аплямбавалі... скотчам (ФОТАФАКТ)

Адзін з чытачоў mspring.online даслаў фота апячатаных дзьвярэй аднаго з выбарчых участкаў Магілёва. Як правіла, дзьверы плямбіруюць пры дапамозе плястыліну або сургуча і пячаткі. Аднак камісія ўчастку № 74 у Магілёве паступіла прасьцей і заклеіла дзьверы скотчам.

​

10:54 18.2.2018

Няроўныя ўмовы для кандытатаў — праваабаронцы па выніках назіраньня за перадвыбарчай агітацыяй

Кандыдаты былі пазбаўленыя роўных умоваў сустрэчы з выбарнікамі, праўладныя кандыдаты актыўна выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс, грамадзкасьць пераважна не інфармавалі пра правядзеньне сустрэч з выбарнікамі. Гэтыя і іншыя высновы зрабілі аналітыкі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» па выніках назіраньня за этапам перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Цалкам чытайце тут.

11:03 18.2.2018

Выбары як кумаўство. Топ-5 вэрсій навошта ўладам фальсыфікаваць выбары

Ілюстрацыйнае фота. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на датэрміновым галасаваньні ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на датэрміновым галасаваньні ў Менску

​«Усё марна», «нічога ня будзе», «усё пад кантролем», «вам спачатку дадуць пагуляцца, пасьля забяруць», «яны што хочуць тое і зробяць». Гэта прыблізны пералік заклінаньняў многіх беларусаў ад часоў «сярэдняга Лукашэнкі» — ад 2001 году.

У такіх вось «наканаванцаў» няма адказу на адно канкрэтнае пытаньне: калі ўсё пад кантролем, навошта ўладам фальсыфікаваць выбары? Журналіст Севярын Квяткоўскі разважае над гэтым пытаньнем у сваім новым блогу.

11:15 18.2.2018

96,4% — яўка на датэрміновае галасаваньне ў «Студэнцкай вёсцы» Менску

Яўка на датэрміновае галасаваньне на выбарчым участку № 35 у Маскоўскім раёне Менску, дзе знаходзіцца «Студэнцкая вёска» (у інтэрнаце № 11 БДУ), склала 96,4%, паведаміў праваабарончаму цэнтру «Вясна» выніковыя лічбы назіральнік Зьміцер Салаўёў. Паводле назіральніка, студэнты прыходзілі галасаваць групамі зь першага дня датэрміновага галасаваньня, у калідоры пэрыядычна ствараліся чэргі са студэнтаў.

На суседнім выбарчым участку № 36 Дзяржынскай выбарчай акругі, які знаходзіцца ў інтэрнаце № 1 Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсітэту, яўка за пяць дзён датэрміновага галасавання склала 74,1%. Паводле назіральніка Аляксея Лойкі, які ўсе пяць дзён дзяжурыў там, студэнты з інтэрнатаў МДЛУ і БДУІР таксама на галасаваньне зьяўляліся масава.

Раней студэнты пісалі ў сацсетках пра прымус да датэрміновага галасаваньня.

Студэнтаў гоняць галасаваць датэрмінова. Што пра гэта твіцяць

11:49 18.2.2018

Ужо прагаласавалі болей за 2,5 мільёна выбарнікаў

Паводле дадзеных ЦВК, з улікам датэрміновага галасаваньня і першых дзьвюх гадзін сёньняшняга да выбарчых скрыняў прыйшлі 2.635.883 выбарнікі. Гэта — 38,08% ад усіх выбарнікаў краіны.

11:56 18.2.2018

«Чорны лебедзь» — сотка за рубель 18 капеек

Як правіла, падчас выбараў у Беларусі на ўчастках для галасаваньня для выбарнікаў адчыняюць сталоўкі, дзе прадаецца алькаголь і закускі да яго, прычым каштуюць яны нярэдка таньней, чым у крамах. Свабода наведала некалькі такіх сталовак і распавядае вам.

На выбарчым участку № 17 Цэнтральнага раёну сталоўка падсобнай гаспадаркі «Беларуснафта-Асобіна» прапаноўвае гараджанам гарэлку трох гатункаў: «Чорны лебедзь» — 50 грам каштуе 59 капеек, «Сотка» — таксама 59 капеек, «Радамір» — 61 капейка. Армянскі каньяк «Арарат» нашмат даражэйшы — за тыя ж пяцьдзясят грамаў трэба заплаціць 1 рубель 24 капейкі. Багата разнастайнай закускі. Але а 9-й гадзіне участак, па сутнасьці, пуставаў. Толькі гараджане сталага веку зрэдку ішлі галасаваць.

11:59 18.2.2018

Не на ўсіх участках ёсьць буфэты з таннай выпіўкай

У самай вялікай вёсцы ў Беларусі — у Альшанах, што на Століншчыне, тры выбарчыя ўчасткі — № 46, 47 і 48, на якіх налічваецца каля пяці тысячаў выбарнікаў. Ніводзін з участкаў ня мае буфэтаў з таннай гарэлкай і прадуктамі харчаваньня.

Першыя выбарнікі прыходзяць на ўчасткі пасьля 10-й гадзіны. Да гэтага многія вяскоўцы праводзяць нядзелю ў пратэстанцкай царкве (больш за траціну з 8000 месьцічаў наведваюць пратэстанцкую царкву). А тым, хто прыйшоў першым на ўчастак, камісія дорыць сымбалічныя падарункі: шакаляд і набор ручнікоў.

Падобная сытуацыя і ў суседнім Давыд-Гарадку. На выбарчых участках № 11 и № 8, якія знаходзяцца ў школе і мясцовым Доме культуры адпаведна, няма буфэтаў.

12:05 18.2.2018

Народны дэпутат СССР: «Улады ператвараюць выбары з фарсу ў камэдыю»

«Улады баяліся дзьвюх рэчаў: першай — што ня будзе ніякай яўкі наагул, другой — што пры адсутнасьці парогу яўкі актыўныя кандыдаты зь непраўладных сьпісаў маглі прайсьці ў дэпутаты». Такое тлумачэньне рэкордных вынікаў датэрміновага галасаваньня выказаў у размове са Свабодай народны дэпутат СССР і дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі.

На ягоную думку, калі б улады не прыкладалі намаганьняў, каб загнаць выбарнікаў да скрыняў, і не фальсыфікавалі вынікі галасаваньня, то рэальна на выбары прыйшло б 10–12%. Пры такім раскладзе мог лёгка перамагчы любы кандыдат, які добра працаваў у перадвыбарную кампанію і загітаваў людзей прагаласаваць за яго.

«А гэта рэальная пагроза для праўладных кандыдатаў. Вось адкуль такія неймаверныя прыпіскі. Улады ператвараюць выбары з фарсу ў камэдыю», — кажа Дабравольскі.

12:26 18.2.2018

Прэс-цэнтар кампаніі назіраньня «Права выбару-2018» спыніў эфір, яго прадстаўнікоў змушаюць пакінуць памяшканьне

Прадстаўнікоў кампаніі «Права Выбару» зьмушаюць пакінуць памяшканьне культурнага цэнтру «Корпус» (вул. Машэрава, 9), дзе 18 лютага была арганізаваная праца прэс-цэнтру па назіраньні за мясцовымі выбарамі. Пра гэта праз паўгадзіны пасьля пачатку трансьляцыі працы прэс-цэнтру ў інтэрнэце паведаміў прэс-сакратар кампаніі Ігар Барысаў.

Ён сказаў БелаПАН, што кіраўніцтву «Корпус», а таксама арганізацыі, у якой цэнтар арандуе памяшканьне, пачалі паступаць званкі «зьверху» з патрабаваньнем спыніць трансьляцыю і пакінуць памяшканьне. У цяперашні час прадстаўнікі «Права выбару» шукаюць новае памяшканьне для арганізацыі працы прэс-цэнтру.

13:44 18.2.2018

Відэафакт. Лукашэнка прыйшоў на выбарчы ўчастак бяз Колі

​18 лютага прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у галасаваньні па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Традыцыйна Лукашэнка галасаваў на выбарчым участку № 1 Вясьнянскай выбарчай акругі № 39 у корпусе БДУФК.

У апошнія некалькі гадоў Лукашэнка заўсёды прыходзіў на выбарчы ўчастак з малодшым сынам Мікалаем. Але ў гэты раз традыцыя была парушаная.

На пытаньне журналістаў, за каго ён прагаласаваў, Лукашэнка адказаў так:

«У нас таемнае галасаваньне, не гавораць, за каго. Але мушу вам намёк зрабіць: за дзейнага чалавека, які працуе і прыносіць карысьць нашай дзяржаве. Гэта галоўны матыў для мяне як прэзыдэнта, і іншага матыву, напэўна, быць ня можа», — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

13:52 18.2.2018

Ярмошына: «За тыдзень датэрміновага галасаваньня Цэнтарвыбаркам атрымаў 74 скаргі. Чалавечае глупства ніхто не адмяняў»

Лідзія Ярмошына прагаласавала датэрмінова
Лідзія Ярмошына прагаласавала датэрмінова

74 скаргі — такую лічбу назвала ў інтэрвію тэлеканалу СТВ старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

«Так, на жаль, яны ёсьць, чалавечае глупства ніхто не адмяняў. З боку арганізатараў выбараў яно таксама сустракаецца. За тыдзень, які папярэднічае гэтаму дню, то бок, за тыдзень датэрміновага галасаваньня ў Цэнтральную выбарчую камісію паступілі 74 пісьмовыя скаргі. На шчасьце, большая частка зь іх зьяўляецца абсалютна надуманымі», — сказала чыноўніца.

Паводле яе, са скаргамі цяпер працуюць. Калі ЦВК ня можа даць адказ па скарзе, то яна накіроўваецца ў тэрытарыяльныя камісіі.

«Я прашу прабачэньня. І прыйсьці на выбарчыя ўчасткі»

Таксама ў сувязі з праваслаўнай «Даравальнай нядзеляй» старшыня ЦВК папрасіла ў беларусаў прабачэньня:

«Я прашу прабачэньня таксама ва ўсіх, у тым ліку ў гледачоў канала СТВ, за зло вольнае і міжвольнае, як той казаў. І я прашу ўсіх выбарнікаў нашых дараваць сваім блізкім, дараваць ўладам, дараваць дэпутатам, якія, можа быць, недастаткова добра спрацавалі. І прыйсьці на выбарчыя ўчасткі».

15:01 18.2.2018

ЦВК: На 14:00 яўка па краіне — 55%

Як піша БЕЛТА, ЦВК зафіксаваў на 14:00 яўку на мясцовыя выбары роўнай 55,69%. Найменшай яўка была ў Менску (48,58%), найбольшай — у Віцебскай вобласьці (61,41%). Незалежныя назіральнікі неаднаразова заяўлялі аб завышэньні яўкі.

Агулам у сьпісах для галасаваньня ў 2018 годзе — 6 929 525 выбарцаў пры больш як 22 тысячы кандыдатаў на больш як 18 тысяч мандатаў. Агульная яўка на мясцовых выбарах 2014 году склала, паводле зьвестак ЦВК, 77,27%. У 2010 годзе «афіцыйная» яўка склала 79,1%, у 2007 годзе — 79,2%.

Загрузіць яшчэ

​
XS
SM
MD
LG