«Вавёрка-назіральніца» з «Экадому» ўсё ж перашкаджала
ЦВК: Яўка склала 77,05%
Паводле зьвестак ЦВК, на мясцовых выбарах яўка склала 77,05% — прагаласавала 5 333 613 чалавекі. Найменшай яўка, калі верыць ЦВК, была ў Менску (84,49%), найбольшай — у Віцебскай вобласьці (77,29%). Агулам у сьпісах для галасаваньня ў 2018 годзе — 6 929 525 выбарцаў пры больш як 22 тысячы кандыдатаў на больш як 18 тысяч мандатаў.
Агульная яўка на мясцовых выбарах 2014 году склала, паводле зьвестак ЦВК, 77,27%. У 2010 годзе «афіцыйная» яўка склала 79,1%, у 2007 годзе — 79,2%.
Незалежныя назіральнікі неаднаразова заяўлялі аб завышэньні яўкі, у тым ліку паводле «сакрэтнага коду 000-179» (старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала гэта «трызьненьнем»), а таксама аб розных перашкодах у назіраньні і аб нематываваным выдаленьні з участкаў.
Губарэвіч стане дэпутатам?
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч апублікаваў фота пратаколаў, зь якіх вынікае, што ён перамог на выбарчым участку №7 Акадэмічнай акругі ў Менску. Губарэвіч сьцьвярджае, што гэта «адзіны ўчастак, дзе не было накрутак датэрміновага галасаваньня».
Зьвестак зь іншых участкаў акругі пакуль не паступала. Папярэднія вынікі выбараў маюць зьявіцца ўночы або зранку ў панядзелак, 19 лютага.
Затрыманага і зьбітага міліцыяй Андруся Козела, давераную асобу кандыдата Мікалая Казлова, павезьлі ў ЦІП на вуліцы Акрэсьціна, паведамілі ягонай жонцы ў РУУС. Ёй адмовіліся паведамляць любыя іншыя зьвесткі.
Кандыдат сьцьвярджае, што яго давераную асобу «выкінуў з участку п’яны ахоўнік»
У Менску на адным з выбарчых участкаў затрыманы актывіст руху «Дзея» Пётар Маркелаў, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Мікіты Красналуцкага.
Паводле Красналуцкага, пасьля пачатку падліку галасоў «Маркелава выгнаў з участку п’яны ахоўнік», затым Маркелаў паехаў у Маскоўскі РАУС пісаць заяву на ахоўніка.
На момант публікацыі сам Маркелаў не адказвае на тэлефанаваньні.
Назіральніка і апэратара «Белсату» зьбілі на выбарчым участку
Як сьцьвярджае тэлеканал «Белсат», на адным з выбарчых участкаў у Менску быў затрыманы нібыта за «напад на міліцыянтаў» і зьбіты міліцыянтамі Андрусь Козел — давераная асоба кандыдата Мікалая Казлова і апэратар «Белсату».
Козел піша, «разьбілі галавой маёй дзьверы выбарчага ўчастка». Сьцьвярджаецца, што пасьля яго білі чацьвёра міліцыянтаў ужо. У РАУС Цэнтральнага раёну тэлеканалу паведамілі, што чалавека з такім імем «не дастаўлялі».
Ярмошына: «Выбарчая кампанія была спакойная, талерантная»
На дзяржаўным тэлеканале АНТ старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што выбарчая кампанія-2018 была «ў цэлым спакойная», нават «талерантная», піша БЕЛТА.
«Можна казаць пра тое, што ў нас абраныя будуць — я зусім у гэтым упэўненая, хоць, вядома, зьвесткі будуць ноччу — дэпутаты ва ўсе ўзроўні мясцовых саветаў, — казала Ярмошына. — Пры чым гэта будзе ў правамоцным складзе. Больш за тое, я ўпэўненая, што ўсюды, дзе выбары праводзіліся, па тых выбарчых акругах, яны адбыліся і далі вынік».
Паводле Ярмошынай, выбары не праводзіліся толькі ў адной акрузе ў Гомельскай вобласьці, дзе адзіны кандыдат выбыў яшчэ да выбараў. Таксама старшыня ЦВК пахваліла праекты БРСМ у падтрымку выбараў.
Папярэднія вынікі выбараў, паабяцала яна, зьявяцца ўночы, тады ж будуць апублікаваныя вынікі па абласных саветах і Менскім гарадзкім савеце. Астатнія папярэднія вынікі маюць зьявіцца бліжэй да 12 гадзін дня ў панядзелак.
Канчатковых лічбаў па яўцы пакуль няма – вядома толькі, што на 18 гадзінаў яўка склала 70,54%.
Незалежныя назіральнікі неаднаразова адзначалі парушэньні ў час выбараў, у тым ліку фіксавалі «каруселі». Адзін з такіх выпадкаў — «сакрэтны код 000-179» — пракамэнтавала раней сама Ярмошына. Яна заявіла, што «каруселі на мясцовых выбарах гэта трызьненьне».
Абышоў — выходзь
На ўчастку № 105 Альшанскай акругі ў Горадні выдалілі назіральніка Сяргея Верамеенку, які прадстаўляе кандыдата ў дэпутаты ад АГП Яўгена Дудкіна.
Паводле Верамеенкі, напачатку падліку галасоў назіральнік «праўладнага» кандыдата перашкаджаў яму глядзець за падлікам галасоў і ён папросту абышоў яго, каб стаяць убаку.
Старшыня выбарчай камісіі, паводле Верамеенкі, палічыла гэта парушэньнем парадку і заявіла, што нібыта ён рвецца да стала, дзе вядзецца падлік галасоў і гэтым самым парушае парадак. Верамеенку вывелі з залі для галасаваньня двое міліцыянтаў.
Ён намераны пісаць скаргу.
Выйшла замуж — пастарэла на год. Застаўся незамужні клон
Клімавіцкі раён ідзе на рэкорд. Прагаласавала болей за 80%
У Клімавіцкім раёне, што на ўсходзе Магілёўшчыны, яўка на выбарах склала больш за 80%, паведаміла тамтэйшая газэта «Родная ніва». Газэта падае зьвесткі на 18 гадзіну, але не спасылаецца на нейкую крыніцу.
Прадстаўнікі апазыцыі ў раёне не вылучаюцца. У райсавет хочуць трапіць 69 кандыдатаў. Трое з іх прадстаўляюць КПБ, астатнія беспартыйныя. Усе акругі маюць па два і болей прэтэндэнтаў.
Выніковых лічбаў пра яўку па ўсёй Беларусі пакуль не публікавалася.
Падлік галасоў на ўчастку, дзе спрацавала «схема 000-179»
Участак разьмешчаны ў 201-й менскай школе. Пасьля публікацыі гісторыі з галасаваньнем Краўчука назіральнікі, якія сачылі тут за ходам галасаваньня, сутыкнуліся зь ціскам сяброў камісіі.
Лідзія Ярмошына прызнала факт парушэньня выбарчага заканадаўства, аднак заявіла, што аўтар відэа (меркавана, гаворка пра Краўчука, але некаторыя агучаныя Ярмошынай дэталі не супадаюць з тым, што было на відэа) мэтанакіравана ўвёў сяброў камісіі ў зман.
Выбары прыходзяць без запрашэньня
Як сьцьвярджае кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у Воршы колькасьць тых, хто галасаваў дома, вельмі адрозьніваецца ў залежнасьці ад таго, ці быў з брыгадай незалежны назіральнік. Брыгада з назіральнікам атрымала толькі 14 запоўненых бюлетэняў са 100 («людзі або не адчынялі дзьверы, або адмаўляліся галасаваць»), брыгада без назіральнікаў «атрымала 200 бюлетэняў, праз тры гадзіны вярнулася з поўнаю скрыняю».
У сьпісах некаторых УВК колькасьць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі дома, удвая перавышае колькасьць тых, хто прыйшоў галасаваць на ўчастак. На ўчастак №8, паводле падлікаў назіральніка, прыйшло 130 выбаршчыкаў, затое ў сьпісах для галасаваньня дома ўжо было запісана 265. Зь іншага аршанскага ўчастку – №16 – выдалілі назіральніка ад АГП Міхаіла Чэмураку.
«Па-першае, ён не павітаўся, калі зьявіўся на ўчастак, а па-другое, калі ішоў да старшыні камісіі, каб спытаць, чаму яго не хочуць зноў узяць на галасаваньне па месцы жыхарства, то прайшоў каля скрыняў для галасаваньня», – гаворыцца на сайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Пра «незапрошаныя выбары» паведамляюць ня толькі з Воршы. Напрыклад, віцебскі блогер Аляксей Андраянаў піша:
«„Прадаю талент“ у дзень выбараў, каб выжываць»
Гамяльчук у гадах, які назваўся Мікалаем, на выбары не пайшоў. Іграў на Прывакзальнай плошчы на гармоніку.
«„Прадаю талент“ у дзень выбараў, каб выжываць. На выбары не хадзіў. А каго выбіраць, калі на плошчах зьбіваюць людзей? Трэба законы пісаць з чыстага аркуша. У нас улада неадэкватная. Яна бяз нас вырашыла, хто будзе дэпутатам. Разумных і прынцыповых людзей і ў мясцовыя саветы не дапусьцяць», — кажа гарманіст Мікалай.
ЦВК: Ёсьць 70% яўкі
Паводле зьвестак ЦВК, яўка на мясцовыя выбары на 18:00 склала па Беларусі 70,54% выбарцаў. Найменшай яўка была ў Менску (58,2%), найбольшай — у Віцебскай вобласьці (77,29%). Незалежныя назіральнікі неаднаразова заяўлялі аб завышэньні яўкі.
Агулам у сьпісах для галасаваньня ў 2018 годзе — 6 929 525 выбарцаў пры больш як 22 тысячы кандыдатаў на больш як 18 тысяч мандатаў. Агульная яўка на мясцовых выбарах 2014 году склала, паводле зьвестак ЦВК, 77,27%. У 2010 годзе «афіцыйная» яўка склала 79,1%, у 2007 годзе — 79,2%.