У Менску адкрылася выстава «Фокус на інавацыі». Сярод 24 дыплёмаў, якія прысуджаліся за самыя арыгінальныя праекты, 7 атрымалі матэрыялы Радыё Свабода.
У выставе, якую арганізаваў Прэс-клюб, узялі ўдзел 18 рэдакцыяў беларускіх СМІ: сярод іх TUT.BY, Наша Ніва, Комсомольская правда о Беларуси, Эўрарадыё, Citydog, Спутнік, БЕЛТА ды іншыя.
Дыплёмы атрымалі наступныя матэрыялы Радыё Свабода:
Алесь Пілецкі за падвядзеньне вынікаў 2017. Журналіст прасьпяваў пра асноўныя падзеі году ў стылі рэп. Прасьпяваў ён, разам з Жанай Новік, і на ўручэньні сёньняшняга дыплёму, ужывую.
Інстаграм Скарыны. Жыцьцё першадрукара ў 13 падарожжах.
Праз Раку. Як жыве мястэчка, падзеленае на дзьве краіны Беларусьсю і Латвіяй.
«Нават з Амэрыкі прыяжджаюць». Рэпартаж зь пяцідзясятніцкай вёскі на Палесьсі
Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў.
Відэатрансьляцыя Радыё Свабода на Дзень Волі 25 сакавіка
Інтэрактыўная мапа беларускага вандроўніка.
Нядаўна публікацыі журналістаў беларускай Свабоды перамаглі ў конкурсе «Найлепшае ад Радыё Свабода». Журы конкурсу ацэньвала матэрыялы ўсіх рэдакцыяў РС за лістапад-сьнежань 2017 году.