Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хай прыходзіць у нашу сэкцыю боксу, сустрэнемся ў сумленным баі» — судзяць менчука, які зьбіў амапаўца пасьля «Маршу недармаедаў»

абноўлена

Сьвятаслаў Барановіч у зале суду
Сьвятаслаў Барановіч у зале суду

У Маскоўскім судзе Менску распачаўся працэс над будаўніком зь Менску Сьвятаславам Барановічам, якога вінавацяць у зьбіцьці міліцыянта пасьля акцыі «Марш недармаедаў», якая прайшла ў Менску 15 сакавіка 2017 году. Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Вядзе працэс судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка.

Пракурор Валерыя Сяргеенка зачытала абвінавачаньне.

Паводле зьвестак сьледчых, Барановіч удзельнічаў у «Маршы недармаедаў». Некаторыя ўдзельнікі акцыі былі ў масках і адмовіліся іх зьняць. Пацярпелы Арцём Паўлаў выконваў свае абавязкі па ахове парадку, спрабаваў затрымаць гэтых асобаў, калі яны зьбіраліся зьехаць.

«Але Барановіч, каб перашкодзіць Паўлаву, нанёс яму ня менш як 4 удары ў вобласьць галавы і шыі», — сказала пракурор.

Пракурор Валерыя Сяргеенка
Пракурор Валерыя Сяргеенка

Барановіч: «Віну прызнаю, але гэта не была помста»

Барановіч даў тлумачэньні. Ён прызнаў віну, але з агаворкай, што зь ягонага боку гэта не была помста — міліцыянта Арцёма Паўлава ён раней ня ведаў.

Ён распавёў, што «браў удзел у акцыі супраць дэкрэту № 3, далучыўся да шэсьця каля кінатэатру „Кастрычнік“. Бачыў там міліцыянтаў у форме, прайшоў з шэсьцем да плошчы Бангалор, маскі на твары ў мяне не было».

«Хацеў ужо ехаць дадому, ішоў па ходніках за анархістамі да прыпынку, у іх былі твары ў масках, — казаў Барановіч пра сам інцыдэнт на прыпынку. — Яны хацелі зайсьці ў тралейбус, каб зьехаць, я быў ззаду. Раптам нейкія людзі бяз знакаў адрозьненьня, якія былі побач, сталі іх хапаць, і я машынальна ўдарыў аднаго зь іх. Потым мяне выцягнулі з тралейбуса, ударылі, павалілі на зямлю. Тады зразумеў, што гэта былі міліцыянты».

Барановіч сказаў, што ня памятае дакладна, колькі разоў ударыў: магчыма, 3–4 разы.

«Першы раз ударыў чалавека па галаве, другія удары былі «нямоцныя».

«Пацярпелы не паваліўся, толькі яго крыху павяло, ён ухіліўся. Пашкоджаньняў у яго не назіраў, ня думаў, што там было нешта сур’ёзнае, — казаў Барановіч. — Не магу сам патлумачыць дакладна, чаму ўдарыў, такая склалася сытуацыя. Намеру біць раней ня меў».

Барановіч з адвакатам
Барановіч з адвакатам

​Ці разумеў ён, што перад ім былі пераапранутыя міліцыянты?

«Што людзі ў цывільным, якія перашкаджалі анархістам зьехаць, былі міліцыянты, я зразумеў пазьней, калі паглядзеў відэа гэтага здарэньня», — сказаў Барановіч.

Спачатку, казаў падсудны, ён гэтага дакладна ня ведаў, хоць, магчыма, дапускаў. «Сэкунды гэта ўсё цягнулася, ня думаў. Гэты чалавек прайшоў наперад, і я яго ўдарыў».

Потым сказаў, што «разумеў, што гэта быў супрацоўнік міліцыі».

Пасьля інцыдэнту ён сышоў зь месца здарэньня і паехаў дадому. Пра сваю чырвоную куртку сказаў, што яна знаходзіцца ў сябра, але не назваў, у каго дакладна.

У канцы прамовы падсудны выказаў раскаяньне і папрасіў прабачэньня ў пацярпелага.

«Хай мне даруе, я сапраўды подла паступіў адносна яго, — сказаў Барановіч і прапанаваў пацярпеламу Паўлаву, калі ў таго будзе жаданьне, прыходзіць да іх у залю боксу. — Мы сустрэнемся ў сумленным баі».

Ці адчуваў ён нэгатыўныя пачуцьці да міліцыянтаў? Сказаў, што аднойчы бачыў, як некалькі міліцыянтаў зьбівалі дубінкамі чалавека, гэта выклікала ў яго непрыемныя пачуцьці, але збольшага пачуцьця помсты да міліцыянтаў ня мае. «Проста хацеў, каб тым анархістам не перашкаджалі».

Валянціна Іванаўна, у якой пражывае Барановіч
Валянціна Іванаўна, у якой пражывае Барановіч

Барановіч пражывае ў кватэры Валянціны Іванаўны, якая прыйшла на суд. Называе яе «бабуляй», хоць яна проста знаёмая. Сказаў, што з роднай маці кантактуе мала, зь сёстрамі — часьцей.

Падсудны згадаў, што ў сьнежні 2010 году браў удзел у мітынгу супроць фальсыфікацыі выбараў (быў асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі без накіраваньня ў месцы адбываньня пакараньня. — РС) і бачыў на плошчы міліцыянтаў у цывільным.

Амапавец Паўлаў: «Прэтэнзій да Барановіча ня маю»

Суду даў паказаньні і амапавец Арцём Паўлаў, якога сьледзтва прызнала пацярпелым.

Гэта высокі малады чалавек з выразнай мускулатурай.

Паўлаў сказаў, што Барановіча заўважыў яшчэ каля кінатэатру «Кастрычнік», дзе сабраліся ўдзельнікі акцыі. Зьвярнуў увагу на чырвоную куртку падсуднага.

«Ён знаходзіўся каля калёны анархістаў і трымаўся побач зь ёй падчас шэсьця, — казаў Паўлаў. — Каля „Макдональдса“ анархісты выкрыквалі лёзунгі і раптам пабеглі да прыпынку. Я атрымаў загад ехаць зь імі. Першы зайшоў мой напарнік, але анархісты яго заўважылі, пачалі выходзіць».

Арцём Паўлаў
Арцём Паўлаў

Тут, згадаў Паўлаў, ён атрымаў ня менш за чатыры ўдары па галаве і шыі. Нават ня ведаў, хто яго біў. Яму потым сказалі, што яго біў «чалавек у чырвонай куртцы», які зьбег.

Пры гэтым Арцём Паўлаў сказаў, што цяпер ня мае прэтэнзій да падсуднага Барановіча, у тым ліку маральных. Пазьней ён бачыў відэа інцыдэнту, на якім чалавек у чырвонай куртцы з надпісам «Беларускі бокс» наносіў яму ўдары на прыпынку.

Па мэдычную дапамогу пасьля здарэньня пацярпелы не зьвяртаўся, у яго было лёгкае галавакружэньне і крыху пабольвала ў «вобласьці патыліцы».

Суд пачаў допыт сьведак: «Жартаўлівы, але мог паспрачацца»

Алена, сястра Барановіча, жыве ў Маладэчне. Яна пагадзілася даваць паказаньні па справе брата, але нечага істотнага пра падзеі 15 сакавіка ня ведае. Пра брата сказала, што ён не агрэсіўны, жартаўлівы, але бывала, што і спрачаўся зь ёй. Чырвонай курткі з надпісам «Беларускі бокс» у яго сьведка ня бачыла, але бачыла ягоны спартовы строй, на якім таксама было напісана «Беларускі бокс».

Другая сястра, Натальля, жыве ў Менску. Пра падзеі 15 сакавіка таксама нічога ня ведала, да таго як убачыла відэа ў інтэрнэце з бойкай. Ахарактарызавала Сьвятаслава Барановіча станоўча. Згадала, што брат займаўся боксам і спартовай хадзьбой. Бачыла ў яго чырвоную куртку з капюшонам з надпісам «Беларускі бокс» на сьпіне. Ведала, што браў удзел у падзеях 2010 году, бо потым быў суд.

Усяго ў справе Барановіча 4 тамы дакумэнтаў. Пасьля абеду суд пачаў допыт сьведак-міліцыянтаў, якія працавалі падчас «маршу недармаедаў» 15 сакавіка. На гэтае паседжаньне прыйшло шмат актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў, якіх не было ў судзе раніцай. Барановіча публіка вітала словамі «Жыве Беларусь!» і «Трымайся!».

Сьвятаслаў Барановіч па-ранейшаму ў жалезнай клетцы, побач зь ім міліцыянт — іх рукі злучаныя аднымі кайданкамі.

«Гэта чалавек зь вялікай літары»

Вось што ў перапынку распавяла пра Сьвятаслава Барановіча Валянціна Іванаўна Сьмятана, у чыёй кватэры Барановіч жыве ў Менску.

«Гэта было гадоў 15 таму. Ён толькі ў горад прыехаў, а мой пляменьнік прыйшоў да яго на працу. Потым пляменьнік прывёў Славу да мяне, і мы пазнаёміліся. Ён мяне ўратаваў, калі я ўпала і зламала хрыбетнік на вуліцы. Дык ён за мной глядзеў і дапамагаў. Я не хацела жыць, есьці не хацела, а ён мяне словамі прымусіў есьці і гэтак выратаваў.

Выдатна гатуе бліны, дапамагае ва ўсім, адзінае — ня вельмі любіць пасьля сябе посуд прыбіраць і мыць. Але ўсё роўна я вельмі яго люблю, як сына. Мы як родныя. Мне вельмі не хапала яго гэтыя месяцы. Не разумею, за што яго судзяць? Бо той міліцыянт яму дараваў, сказаў, што ня мае да яго прэтэнзій. Я называю яго чалавекам зь вялікай літары. Ён нас з унучкай адправіў на Ўкраіну на курорт, у Затоку, адпачыць, як толькі ў яго зьявіліся грошы — такі чалавек, усё аддае людзям. Нават на працы, ведаю, усё аддасьць, а сабе заробку можа не пакінуць. Затое зь людзьмі разьлічыцца».

Сьведка, сябар Барановіча: «Слава казаў пра тузаніну зь міліцыянтамі»

Сьведка Максім, які назваўся сябрам Барановіча, даў суду паказаньні, паводле якіх Барановіч «адцягваў маладых людзей ад тых, хто спрабаваў іх затрымаць, дапамагаў людзям». Пра тое, што на прыпынку была «сутычка анархістаў зь міліцыянтамі», паводле сьведкі, яму апавёў сам Сьвятаслаў Барановіч. Але каб ён казаў, што кагосьці ўдарыў, сьведка ня памятае.

«Ён добры як чалавек, у асноўным спакойны, але бывае, што ўскіпіць, каб адстаяць свой пункт гледжаньня», — ахарактарызаваў Барановіча Сяргей.

Паказаньні Максіма на сьледзтве адрозьніваліся ад таго, што ён сёньня паведаміў суду. Гэтак, на сьледзтве Максім казаў, што Барановіч яму расказваў пра нэгатыўнае стаўленьне да міліцыі, што быў праціўнікам улады, быў незадаволены сытуацыяй у Беларусі. «Казаў, што на акцыю 15 сакавіка пайшоў сьвядома, каб падтрымаць людзей». Таксама сьведка згадаў аповед Сьвятаслава Барановіча пра акцыю і тое, што ён на ёй ударыў міліцыянта. «Ці казаў ён вам гэта?» — перапытала судзьдзя. «Пэўна такога ня памятаю, але што Слава казаў пра тузаніну — памятаю». Увогуле свае паказаньні падчас сьледзтва сьведка пацьвердзіў часткова.

Сьведка Аляксандар Мельнікаў: «Барановіч — ён запальчывы»

Як і ў паказаньнях сьведкі Максіма, суд убачыў разыходжаньні ў паказаньнях другога сьведкі — Аляксандра Мельнікава, які працаваў разам з Барановічам на будоўлі. На сьледзтве Мельнікаў казаў, што Барановіч яму апавядаў пра ўдзел у «Маршы недармаедаў» і што «стукнуў там міліцыянта». А вось у судзе Мельнікаў гэта спачатку не пацьвердзіў, сказаў, што ня памятае. Судзьдзя перапытала сьведку ды нагадала пра адказнасьць за дачу ілжывых паказаньняў. «Няхай, даваў», — у выніку пагадзіўся сьведка.

«Дзякуй ад анархістаў»

Наступнае паседжаньне суду па справе Барановіча прызначана на аўторак, 20 лютага. Па заканчэньні паседжаньня Барановічу ў судзе крычалі «Дзякуй ад анархістаў».

Удзельнік Плошчы-2010, затрыманы ў кастрычніку 2017 году

Сьвятаслаў Барановіч вядомы таксама як удзельнік Плошчы-2010, якога адным з апошніх судзілі за ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць несумленных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Восеньню 2011 году Барановіча асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

Сьвятаслаў Барановіч: «Не такія мы злачынцы, каб нас у турмы садзіць»

З кастрычніка 2017 году Сьвятаслаў Барановіч знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, паведаміла карэспандэнту Свабоды ягоная сястра Натальля.

Святаслаў Барановіч — прадпрымальнік, займаецца будаўнічым бізнэсам. «Пакуль ягоная фірма не працуе, няма каму ёй кіраваць», — сказала сястра Барановіча Натальля.

15 сакавіка 2017 году пасьля «Маршу недармаедаў» сілавікі спрабавалі затрымаць групу анархістаў у масках, калі тыя садзіліся ў тралейбус, каб зьехаць зь месца правядзеньня акцыі. Узьнікла бойка, пасьля якой на іншых прыпынках некаторых удзельнікаў бойкі міліцыя затрымала, ім прысудзілі адміністрацыйныя арышты. У інтэрнэт трапіла відэа, зьнятае падчас бойкі. Цяпер сьледчыя сьцьвярджаюць, што зьняты на ім чалавек у чырвонай куртцы, які ўжывае сілу ў дачыненьні да міліцыянтаў у цывільным, — гэта Сьвятаслаў Барановіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG