Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муж Насьці Рыбкі: «Яна пакуль не зьбіраецца вяртацца ў Расею»


Насьця Рыбка. Фота з інстаграму
Насьця Рыбка. Фота з інстаграму

Бабруйчанін Мікалай Вашукевіч расказаў Свабодзе падрабязнасьці пра жыцьцё сваёй жонкі, вядомай таксама як Насьця Рыбка. Беларуска набыла шырокую вядомасьць пасьля расьсьледаваньня ​«Фонду барацьбы з карупцыяй» Аляксея Навальнага пра расейскіх алігарха Алега Дзерыпаску і віцэ-прэм'ера Сяргея Прыходзьку, заснаванага на кнізе і Instagram-акаўнце дзяўчыны.

Па словах Мікалая Вашукевіча, Анастасія Вашукевіч, яна ж Насьця Рыбка, па-ранейшаму зьяўляецца яго жонкай, хаця пара не жыве разам больш за два гады.

«З Насьцяй я размаўляў сёньня, мы абмяркоўвалі гэтую сытуацыю, — гаворыць Міхаіл. — Спытаў у яе, ці ўсё нармальна. Яна сказала, што ўсё нармальна. Што пакуль не зьбіраецца вяртацца (цяпер Насьця знаходзіцца ў Дубаі - РС) ў Расею».

Па словах Мікалая Вашукевіча, з жонкай ён апошні раз бачыўся яшчэ да Новага году, прыкладна паўгоду таму, калі быў у Расеі.

«Я катэгарычна супраць усёй гэтай сытуацыі. Ролік на сайце Навальнага бачыў, вядома, — расказвае Мікалай. — Ня ведаю, як было на самой справе, але ў эскорце яна дакладна не працавала. У Маскве яна працавала мэнэджарам па продажам. Але атрымлівалася не вельмі, таму чым яна зараз займаецца, я не зусім ведаю. Шчыра кажучы, мне ўсё адно. Я нават кнігу не чытаў (маецца на ўвазе кніга аўтарства Насьці Рыбкі — РС)».

Мікалай Вашукевіч прызнае, што на фота з роліка Навальнага насамрэч яго жонка, яны ўзятыя з яе інстаграма. У тым ліку тыя, на якіх Насьця Рыбка знаходзіцца на яхце Дзерыпаскі.

Пра магчымае супрацоўніцтва жонкі з сайтам «Хартыя97» і затрыманьне ці то міліцыяй, ці то КДБ, пра што згадваецца ў яе кнізе «Дзёньнік спакушэньня мільярдэра», Мікалай выказваецца скептычна.

«Яе затрымлівалі, так. На некалькі дзён, — гаворыць ён. — Але гэта па-мойму было не па палітычных справах. Я дакладна не памятаю. Нехта заяву напісаў на яе».

Мікалай гаворыць, што не жыве разам з жонкай «прыкладна гады два, два з паловай». Пазнаёміліся прыкладна ў 2010 годзе, зарэгістравалі шлюб прыкладна ў 2014.

Error rendering VK.

Зараз Мікалай жыве пэрыядычна ў Менску і Бабруйску, займаецца фатаграфіяй. «Сын жыве са мной. Насьця мае магчымасьць бачыцца зь ім, — кажа Мікалай Вашукевіч. — Але яна занятая вельмі. Сваімі справамі, разьвіцьцём, кнігай».

Інфармацыйны шум, які ўзьнік вакол яго жонкі, Мікалай успрымае нэгатыўна.

«Вядома, я супраць усяго гэтага. Супраць таго, што зараз пішуць пра Насьцю, як яе падаюць, — кажа Мікалай. — Я супраць, гэта маё меркаваньне. Яна не прастытутка, гэта няпраўда. Яе хочуць ачарніць... Я таму сёньня і зьвязаўся зь ёй, каб даведацца, ці ўсё ў парадку. Яна сказала, што пакуль не зьбіраецца ў Расею. Сказала, каб я не перажываў».

Што вядома пра Насьцю Рыбку — бабруйскую «сэкс-паляўнічую», якая здала расейскага алігарха

«У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці Рыбкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG