Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік NATO Расмусэн увайшоў у раду дырэктараў латыскага банку, якім валодае расеец


Андэрс Фог Расмусэн
Андэрс Фог Расмусэн

У канцы студзеня Андэрс Фог Расмусэн, дванаццаты генэральны сакратар NATO (жнівень 2009 — кастрычнік 2014) увайшоў у раду восьмага па велічыні актываў латыскага банку Norvik.

Расмусэн заняў пасаду намесьніка старшыні. А старшынём зьяўляецца акцыянэр банку Рыгор Гусельнікаў — расейскі бізнэсмэна і грамадзянін Вялікабрытаніі, які жыве ў Лёндане.

Латыскі банк зьяўляецца часткай Norvik Group, у якую ўваходзяць таксама расейскі Вятка-банк і ангельскі Norvik Banka UK Limited.

Гусельнікаў вядомы удзелам у тэлевізійнай віктарыне «Што? Дзе? Калі?» і рызыкоўнымі інвэстыцыямі. Вельмі рызыкоўнай здавалася ўжо купля ў 2014 годзе праблемнага банку Norvik.

Галоўнаю яго праблемай быў крэдыт на 18,5 млн эўра, выдадзены год раней будаўніку найбуйнейшага ў Латвіі парку ветракоў Winergy фактычна без закладу. Крымінальная справа была заведзена па факце махлярства, а прагал у бюджэце новым уладальнікам, як мяркуюць экспэрты, не ўдалося закрыць дагэтуль.

Карэспандэнт Радыё Свабода пагутарыў з інвэстыцыйным банкірам Гіртам Рунгайнісам.

— Як вы трактуете прызначэньне Андэрса Фога Расмусэна ў раду Norvik?

— Латыская эканоміка «забанкаваная»: у Латвіі занадта шмат банкаў. І на працягу амаль 30 гадоў частка латыскай банкаўскай індустрыі працавала на астатнія краіны экс-СССР. У частцы банкаўскай сыстэмы большасьць кліентаў былі нерэзыдэнты. Сытуацыя з абслугоўваньнем гэтых кліентаў паступова, але няўхільна становіцца больш жорсткай.

Цяпер нерэзыдэнцкія банкі спрабуюць паказаць рэгулятару, што яны чыстыя. Прыцягненьне членаў радаў з Захаду, асабліва калі ў іх дастаткова пазнавальныя імёны — гэта нешта накшталт знак якасьці для банку.

Таму, як я разумею, спадар Расмусэн і стаў чальцом рады Norvik. Акцыянэр Гусельнікаў спрабуе рабіць тое, што да яго рабілі і іншыя латыскія банкіры. Да прыкладу, Baltic International Bank Валерый Белаконеў наняў былога супрацоўніка ЦРУ і ўраду ЗША.

— «Вясельны генэрал»?

— Я спадзяюся, што такія людзі, як Андэрс Расмусэн, правяраюць, у якую гісторыю іх уцягваюць, і можа ацаніць надзейнасьць інстытуцыі, якая іх запрашае, зь якой яны зьвязваюць сваё імя і якая зьявіцца ў іх у CV.

Вядома, што нагляд прад’яўляе банку масу патрабаваньняў датычна дастатковасьці капіталу і адсяваньне непажаданых кліентаў, а таксама працэдуры супрацьдзеяньня адмываньня грошай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG