Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчана сымболіка адзначэньня стагодзьдзя БНР


Нацыянальны аргкамітэт зацьвердзіў эмблему і сымболіку сьвяткаваньня 100-годдзя БНР. Яна будзе выкарыстоўвацца для аздабленьня візуальнай прадукцыі, падчас акцый, сьвяточных і творчых мерапрыемстваў.

На афіцыйнай эмблеме сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР зьмешчаны герб Пагоня, які сустракаецца на пячатках, блянках і іншых дакумэнтах Рады БНР у эміграцыі. Аздабляе эмблему надпіс «Беларуская народная рэспубліка — 100 гадоў аднаўленьня незалежнасьці. 1918-2018».

Эмблема сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР
Эмблема сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР

Сярод сябраў Нацыянальнага аргкамітэту была гарачая дыскусія над надпісам зьнізу на галоўнай эмблеме, вырашылі зьмясьціць надпіс «100 гадоў аднаўленьня незалежнасьці». Былі прапановы «100 гадоў незалежнасьці», «100 гадоў абвяшчэньня незалежнасьці», але спыніліся на «аднаўленьні».

Ідэя лягатыпу да стагодзьдзя БНР належыць кіраўніку крамы symbal.by і сябру Нацыянальнага аргкамітэту Паўлу Белавусу. Дапамог усё зрабіць і ўзнавіць выяву з малюнкаў, блянкаў і пячатак вельмі дрэннай якасьці графітыст Макс Пякарскі. Мастацкая камісія на чале з Алесем Марачкіным дапрацавала яго і стварыла асноўную эмблему.

«Выпадкова, яшчэ летам 2017-га, я трапіў на дакумэнты Беларускай эміграцыйнай калекцыі. Там я і заўважыў прыгожую дынамічную „Пагоню“, якая сустракаецца на дакумэнтах Рады БНР, Сусьветнага аб’яднаньня беларускай эміграцыі ды іншых арганізацый па-за межамі Беларусі. Тады і нарадзілася ідэя ўзяць гэтую „Пагоню“ для фірмовага стылю сьвяткаваньня 100-годдзя БНР, бо яна рэальна выкарыстоўвалася ў рознай дзейнасьці БНР на працягу ўсіх 100 гадоў у шматлікіх краінах сьвету», — распавёў Свабодзе Павел Белавус.

Герб Пагоня на дакумэнтах беларускай эміграцыі
Герб Пагоня на дакумэнтах беларускай эміграцыі

Спампаваць сымболіку сьвяткаваньня 100-годдзя БНР у вэктарным і растравым фарматах можна тут. Воблачны архіў даступны для шырокага выкарыстаньня і будзе дапаўняцца дызайнамі разнастайнай прадукцыі: плякаты, налепкі, паштоўкі, банэры і іншае.

Прапановы і дызайны з выкарыстаньнем эмблемы Нацыянальны аргкамітэт па сьвяткаваньні стагодзьдзя БНР заклікае публікаваць у сацыяльных сетках з тэгам #БНР100 ці дасылаць на скрынку artsiadziba@gmail.com.

Абвешчаны збор сродкаў на сьвяточны канцэрт да 100-годзьдзя БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG