Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пратэстуе, што МАК не пусьціў на Алімпіяду яе вядучых спартоўцаў


Расейскія біятляністы, другі справа Антон Шыпулін
Расейскія біятляністы, другі справа Антон Шыпулін

Камісія Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) абмеркавала ў Маскве пытаньні ўдзелу расейскіх атлетаў у Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.

Па выніках сустрэчы з кіраўніцтвам Алімпійскага камітэту Расеі (АКР) стала вядома, што ў сьпісе патэнцыйных удзельнікаў няма шэрагу вядомых атлетаў. Сярод іх біятляніст Антон Шыпулін, лыжнік Сяргей Усьцюгаў, шорт-трэкіст Віктар Ан, цэлая група хакеістаў зборнай.

«Такія спартоўцы, як Шыпулін, Усьцюгаў ці Ан, не былі фігурантамі разглядаў у рамках камісіі Освальда, ніколі не былі замешаныя ў якіх-колечы допінгавых гісторыях. Усе шматлікія пробы, здадзеныя за кар’еру, сьведчаць, што яны «чыстыя» спартоўцы. Тым ня менш іх прозьвішчы ў сьпісе патэнцыйных удзельнікаў Гульняў адсутнічаюць«,— цытуюць расейскія мэдыі першага віцэ-прэзыдэнта АКР Станіслава Пазьнякова.

У сувязі з гэтым, заявіў Пазьнякоў, 23 студзеня на адрас МАК накіраваны афіцыйны ліст з запытам адносна канкрэтных прычынаў, дзеля якіх лідэры расейскіх камандаў у шэрагу відаў спорту ня ўключаныя ў сьпіс патэнцыйных удзельнікаў Алімпійскіх гульняў — 2018.

«У адпаведнасьці з рашэньнямі выканкаму МАК валодае выключным правам запрашаць ці не запрашаць тых ці іншых спартоўцаў. Разам з тым гэтыя прычыны павінны быць абгрунтаваныя і растлумачаныя. Мы першапачаткова зыходзілі зь непарушнага права ўсіх „чыстых“ атлетаў удзельнічаць у Алімпіядзе. На вялікі жаль, у тым сьпісе, які нам падалі, не аказалася цэлага шэрагу вядучых расейскіх спартоўцаў па некалькіх відах спорту», — падсумаваў спартовы функцыянэр.

Акрамя таго, як стала вядома расейскім СМІ, Фэдэрацыя хакею Расеі вядзе «маштабную працу» дзеля ўключэньня ў выніковы сьпіс МАК вядомых гульцоў зборнай, якія маюць стратэгічную ролю ў нацыянальнай камандзе. Шмат каго зь іх таксама няма ў пераліку запрошаных у паўднёвакарэйскі Пхёнчхан.

Летась у сьнежні Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў расейскай зборнай выступаць на зімовых Гульнях-2018 у Пхёнчхане — у сувязі з «сыстэматычнымі маніпуляцыямі ў антыдопінгавай сыстэме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG