Як паведамляе Meduza, першым у інтэрнэце зьявіўся ролік, зьняты навучэнцамі Разанаўскага сельскагаспадарчага тэхнікуму Ўльянаўскай вобласьці.
Пазьней на партал Youtube выклалі кліп з маладымі людзьмі ў футболках Міністэрства надзвычайных сытуацый. Яго прыпісваюць курсантам Акадэміі грамадзянскай абароны МНС Расеі і Ўральскага інстытуту дзяржаўнай супрацьпажарнай службы.
Відэаролік, зьняты ў Расеі курсантамі-першакурснікамі лётнага факультэту Ўльянаўскага інстытуту грамадзянскай авіяцыі як пародыя на кліп да песьні Satisfaction італьянскага дыджэя Бэні Бенасі, стаў прычынай разбору з боку ўладаў. «Сваімі дзеяньнямі курсанты нанесьлі абразу ўсім работнікам грамадзянскай авіяцыі, якія сумленна выконваюць свой працоўны абавязак», — гаворыцца ў заяве Фэдэральнага агенцтва паветранага транспарту («Росавиация»).
Ведамства ўтварыла камісію, каб расьсьледаваць «усе абставіны і прычыны пачварнага выпадку» ў авіяцыйным інстытуце. У заяве падкрэсьліваецца, што падобнага не было за 90-гадовую гісторыю грамадзянскай авіяцыі. Прыволскае транспартная пракуратура таксама арганізавала праверку ў сувязі з публікацыяй роліка, прычым гэтае ведамства пабачыла ў ім «прыкметы эротыкі».
На відэа, зьнятым у інтэрнаце ВНУ, курсанты у жартаўлівай гратэскавай манэры паказваюць свой побыт, прычым «акторы» адзетыя толькі ў майткі і падцяжкі, а таксама форменныя фуражкі, якія хаваюць твары. Ролік быў разьмешчаны пад назвай «Як забаўляюцца пілёты паміж палётамі». Відэа, якое першапачаткова зьявілася ў сацыяльнай сетцы «Укантакце», больш там недаступна, але пасьпела разысьціся па інтэрнэце.
Рэктар Ўльянаўскага інстытуту грамадзянскай авіяцыі Сяргей Красноў даў сваю ацэнку таго, што здарылася, у інтэрвію праграме «Вести», назваўшы удзельнікаў здымак «гора-лётчыкамі», якія «зьдзекаваліся з галіны». «Я б нават параўнаў гэта з Pussy Riot, якія здзекаваліся ў храме, а гэта — храм навук, інстытут, які дае пуцёўкі [у жыцьцё]», — сказаў рэктар. Красноў заявіў, што гэтыя студэнты ня знойдуць сабе месца ў грамадзянскай авіяцыі, таму што дараваць такое немагчыма. У здымках прымалі ўдзел 14 чалавек.
На сайце change.org ідзе збор подпісаў у падтрымку навучэнцаў: «Гэтая пастановачная і цалкам пазытыўная пародыя не павiнна пазбавіць адукацыі маладых і пэрспэктыўных пілётаў. Ні адзін зь іх ня меў праблем з вучобай і дысцыплінарных пакараньняў. За бяскрыўдную пародыю не павінны адлічваць, дапаможам курсантам захаваць месца ў інстытуце!» — гаворыцца ў пэтыцыі.