Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзед Дармаед і Падатковы Інспэктар, або Новыя героі старых традыцый


Калядаваньне. Ілюстрацыйнае фота
Калядаваньне. Ілюстрацыйнае фота

Для тых, хто яшчэ не пасьпеў на ўсю моц адчуць чарадзейную сілу спрадвечных зімовых сьвятаў, засталося зусім мала часу. Але і ў гэтую пару дзён ці вечароў вы зможаце з галавой акунуцца, бы ў тую вадохрышчанскую палонку, у прыцягальны вір калядаваньня. Асабліва калі да народных традыцый далучыце свае навацыі. Якія, дарэчы, ужо з посьпехам апрабаваныя адной вясёлай кампаніяй магілёўскіх каляднікаў, да якой і я, грэшная, была з ахвотаю далучылася.

У нашым гурце, які вырашыў павесяліць сябе і прыўзьняць сьвяточны настрой людзям ды ўвогуле разбавіць шматлікія лесапаркавыя спаборніцтвы на найдухмянейшы шашлык, найтаўсьцейшую кілбасу і найнаварысьцейшую юшку, былі тыя, хто спрабаваў сябе ў такой ролі ўпершыню, і тыя, хто ўжо калісьці хадзіў у каляднай чарадзе. Толькі у іншых умовах. Што да мяне, то надта ж памятныя і яскравыя засталіся ўражаньні ад першага калядаваньня ў далёкім ужо 2000 годзе, у пасёлку Леніна на Бабруйшчыне, падчас адбыцьця пасьляінстытуцкага разьмеркаваньня.

Калядуюць у тых мясьцінах толькі на Шчадрэц. Памятаю зорны зімовы вечар, шчасьлівыя вочы маіх вучняў, куляньне Казы ў гурбах сьнегу і рогі, зламаныя ўжо ў другой хаце^; цяжкі мех з пачастункамі^; гаспадара, што даў малым каляднікам ажно мільён рублёў, па тым часе — дзясятую частку заробку^; калядныя бяседы ў хаце і мясцовым ДК^; дзіцячае зычэньне на разьвітаньне: «Няхай шчасьце ў вашай хаце!» і журлівае пытаньне старога: «Вось іх вучаць калядаваць, а чаму мяне малога не вучылі?» Мне тады сьледам за ім вельмі хацелася запытацца тое ж самае, толькі не было ў каго.

Аднак, як паказаў досьвед, калядаваньне ў вялікім горадзе і малой вёсцы — розныя рэчы. Калі па вёсках гэты дзень строга вызначаны традыцыяй (там, дзе яна яшчэ захавалася), дык у горадзе лепш калядаваньне ладзіць бліжэй да выходных. Тутака не падыдзеш да любой хаты — у дамафон сьпяваць не пачнеш, дый гаспадары мусяць быць хаця б трохі знаёмымі. Лепш не зьбіраць вялікі гурт, асабліва ідучы ў малагабарытную гарадзкую кватэру, не ладзіць доўгай па часе праграмы. Па-першае, у малым напаленым памяшканьні ў калядных уборах горача, ды і разьвярнуцца няма дзе^; па-другое, пабачыўшы вялікі натоўп дарослых людзей, гаспадар адчувае сябе няёмка. Паспрабуй адарыць усіх!

Што да зьместу праграмы, то ведаць калядныя песьні, безумоўна, трэба, дамовіцца між сабою і падрыхтаваць касьцюмы таксама, а вось складаць дакладны сцэнар, ладзіць шматразовыя рэпэтыцыі — не. У сталага чалавека, занятага працай і сям’ёю, проста няма на гэта часу. Але галоўнае, што празьмерныя высілкі даюць адчуваньне працоўнай перамогі, а не сьвята. Зьнікае нязмушанасьць, магчымасьць імправізацыі, зьяўляецца падабенства з літмантажом на піянэрскім ранішніку. Даўней каляднікі не былі ні народнымі артыстамі, ні рэжысэрамі самадзейных тэатраў. Яны проста малявалі вугельчыкам вусы, выварочвалі кажухі. Сьпявалі і гаварылі, як умелі.

Калі вас запрашаюць прыйсьці пакалядаваць, але нешта пайшло ня так, як сьпярша плянавалі, трэба не расчароўвацца, не засмучацца, а ісьці ўсё роўна, хай сабе меншым гуртам і ня ў тых строях. Інакш потым не паклічуць, ды й Каляды вечна ня доўжацца.

Аднак мы гэтым разам не абмежаваліся сяброўскімі кватэрамі ды карпаратывамі, а выйшлі калядаваць у горад. Найперш завіталі ў кавярню «Шпаркі лось» на вуліцы Першамайскай. Пасьля пад традыцыйныя сьпевы і гукі дуды з саламянаю каляднай зоркаю неверагоднай прыгажосьці шпацыравалі па горадзе ды па дарозе калядавалі па іншых кавярнях.

Цудоўны атрымаўся калядны гурт! Тутака быў мядзьведзь («Пачастуйце, і сьвіньні ня будуць хварэць»)^; Цыганка маладая («Каму хочаш пагадаю»), Дудар («Жалезна пячонка, граю там, дзе ёсьць самагонка!»). Ну, і, вядома, Дзед з Казой, а дакладней, яго больш актуальнае аблічча — Дзед Дармаед, які абышоў з казой увесь сьвет. Ну і ягоны антыпод — пазнавальны суворы Падатковы Інспэктар у акулярах, які ўвесь час страшыў: «А, дармаед! Падаткаў ня плаціш — казу канфіскую!» Ад такога запалохваньня Каза адразу млела і падала, ажывіць яе магла толькі добрая пачостка: «Дайце казе сала, каб каза ўстала, а дасьцё цукерак — будуць кішэні поўныя зялёных паперак!»

Супрацоўнікі ўстаноў і госьці ўспрымалі імправізацыю прыхільна, шчодра адорвалі каляднікаў, фатаграфаваліся з намі. У адной з кавярняў у наш гонар зладзілі ледзьве не фаер-шоў, у іншай прапаноўвалі прыходзіць яшчэ. Толькі аднойчы кампанія з трох чалавек за столікам у куце спачатку падзівілася з каляднікаў, а потым ці то пашкадавала грошыкаў, ці то слова «дармаед» спужалася — зьнікла раптоўна і арганізавана. Што зробіш: і ў вёсцы не паўсюль дзьверы адчыняюць, а дзе-нідзе нават вокны чорным завешваюць.

А ўжо пазьней сьвятым вечарам па спрадвечнай завядзёнцы наш гурт гуляў сам. Накалядаванага хапіла на добрую сьвяточную бяседу. Жартавалі, працягвалі сьпяваць калядныя песьні: «Тонкі явар», «Добры вечар табе, пане гаспадару...» Дзяліліся ўражаньнямі.

«На Каляды нельга сядзець, зашыўшыся па сваіх катухах, трэба хадзіць у госьці, весяліцца», — падсумоўвала Цыганка ў стракатай хустцы з пазнавальнай плястыкавай клятчатай валізкаю.

«Мне так спадабалася! Яшчэ пайду», — захаплялася Козачка, адзінаццацігадовая дзяўчынка. Яна раней толькі бачыла каляднікаў, а сёлета калядавала ўпершыню. Малая справілася са сваёю роляю выдатна. І пад дуду ў кажушку гоцала спрытна і памірала натуральна. Поўны кулёк цукерак — найлепшае таму сьведчаньне. Але дзіцячыя ўспаміны яшчэ каштоўнейшыя за ласункі, на ўсё жыцьцё застаюцца. І ў дарослыя гады на якой каляднай бяседзе яна падзеліцца гэтымі ўспамінамі з маладзейшымі гасьцямі, не дакараючы: «А чаму мяне малую калядаваць не вучылі?»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG