У Стэнфардзкім тэсьце на разуменьне прачытанага саманавучальныя праграмы на аснове нэйронавых сетак (іх часта называюць «штучным інтэлектам») паказалі вынік 82,65 балаў — супраць 82,3 у людзей.
Праграмы для разуменьня тэксту (natural language processing) спрабуюць быць падобнымі да людзей у тым, як яны распазнаюць значэньне словаў і прапаноў. Разьвіцьцё гэтай галіны дапаможа кампутарам больш дакладна і правільна адказваць на пытаньні.
Вучоны Сі Лёо, кіраўнік гэтага кірунку ў дасьледчым філіяле Alibaba, кажа, што кампутары цяпер будуць больш дакладна адказваць на фактычныя пытаньні, кшталту «што выклікае дождж?».
Хаця унівэрсальны «штучны інтэлект» пакуль ня створаны, саманавучальныя кампутарныя праграмы на аснове нэйронавых сетак ужо абганяюць людзей, у шэрагу дысцыплін — ад гульняў да распазнаваньня вобразаў, а зараз і разуменьня тэкстаў.