Для Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта, які атрымаў нэгатыўныя ацэнкі экспэртаў і апынуўся на парозе закрыцьця, плянуецца стварыць плян выратаваньня, паведамляе delfi.lt.
У чацьвер у Сэйме Літвы адбылася нефармальная сустрэча палітыкаў, прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі і замежных спраў для абмеркаваньня сытуацыі, якая склалася ў ЕГУ.
«Мы абмяркоўвалі, як забясьпечыць рашэньне праблем, якія акцэнтаваліся ў высновах экспэртаў, — заявіла пасьля сустрэчы міністарка адукацыі і навукі Літвы Юргіта Пятраўскене. — Мы шукаем рашэньне, рыхтуецца плян».
Дырэктарка Цэнтру па ацэнцы якасьці навучаньня Нора Скабурскене заявіла, што ЭГУ ўжо ня ў першы раз атрымлівае нэгатыўныя ацэнкі і што яму патрэбныя радыкальныя перамены.
Паводле яе слоў, да 11 студзеня ўнівэрсытэт можа падаць апэляцыю Міністэрству адукацыі і навукі з нагоды ацэнкі экспэртаў.
Паводле Закону аб навучаньні і навуцы, калі вышэйшая школа двойчы атрымлівае нэгатыўныя ацэнкі міністар вырашае пытаньне аб адмене дазволу на ажыцьцяўленьне адукацыйнай дзейнасьці.
Зь іншага боку, яна прызнала выключны статус ЭГУ.
«Гэта не акадэмічны, гэта палітычны праект, таму ўрад павінен вырашыць, як юрыдычна і якасна абгрунтаваць, бо экспэрты ясна паказалі якасныя недахопы ў іх дзейнасьці, якія відавочна паўтараюцца з моманту адкрыцьця ўнівэрсытэта, і з гэтым нічога ня робяць. Я думаю, што павінны быць прыняты радыкальныя рашэньні », — сказала Скабурскене.
ЭГУ, у сваю чаргу, паведаміў, што ня згодны з нэгатыўнымі вынікамі ацэнкі ўнівэрсытэта. Па словах кіраўніцтва навучальнай установы, рэформы, рэалізаваныя ў 2015-2017 гадах, аказалі істотны ўплыў на стратэгічнае разьвіцьцё кіраваньня, навукова-адукацыйную дзейнасьць, што прызналі ўнівэрсытэцкія донары.