Для ўдзелу ў нацыянальным адборы на «Эўравізію-2018» было пададзена 93 заяўкі, піша Белтэлерадыёкампанія. Прадстаўляць Беларусь на музычным конкурсе выказалі жаданьне сьпевакі з Расеі і Ўкраіны, а таксама два ўдзельнікі «Эўравізіі» мінулых гадоў.
Праслухоўваньне для ўдзелу ў нацыянальным адборы пройдзе 11 студзеня. Да кастынгу могуць дапусьціць ня ўсіх сьпевакоў, якія падалі заяўкі на ўдзел. Белтэлерадыёкампанія можа адхіліць заяўку, калі яна не адпавядае правілам нацыянальнага адбору.
Свае заяўкі на ўдзел у кастынгу падалі ўжо традыцыйныя для нацыянальных адбораў музыкі: сьпявачкі Гюнэш, Жанэт і Napoli, а таксама Аляксей Грос.
У выніку праслухоўваньня Белтэлерадыёкампанія назаве ня больш за 15 удзельнікаў, якія будуць змагацца за ўвагу журы і тэлегледачоў у фінале. Пераможцу нацыянальнага адбору абяцаюць назваць не пазьней за 1 сакавіка.
Ці чакаць беларускамоўнай песьні?
Свае заяўкі на ўдзел у адборы падалі гурт Shuma і сьпявачка Pauline. Гурт Shuma, падаючы сваю заяўку на Эўравізію, заклікаў слухачоў дапамагчы ім прайсьці адбор разам. На думку музыкаў, гэта нерэальна зрабіць без грамадзкай падтрымкі.
Сьпявачка Pauline заявіла пра жаданьне прадстаўляць Беларусь на «Эўравізіі» другі раз. Летась яна не прайшла праслухоўваньні адбору зь песьняй «Не маё жыцьцё». Сёлета яна будзе ўдзельнічаць у кастынгу зь беларускамоўнай песьняй «Ціха».
Іншаземцы на нацыянальным адборы
Удзел іншаземцаў у нацыянальным адборы Беларусі не забараняецца. У кастынгу могуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі і іншых дзяржаў, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту.
Паводле TUT.BY, на ўдзел у беларускім адборы «Эўравізіі-2018» падала заяўку маскоўская сьпявачка Соф’я Лапіна. У лістападзе 2017 году дзяўчына выпусьціла кавэр на песьню «Новы дзень» беларускага гурту Sonika.
Масквічка раскруцілася на YouTube зь беларускамоўнай песьняй і зьбіраецца на Эўравізію ад Беларусі
Беларускамоўны кавэр сьпявачкі ў беларускім сэгмэнце сацсетак амаль не раскручваўся. За тыдзень відэа набрала больш як 550 тысяч праглядаў.
Соф’я Лапіна вучыцца вакалу ў беларускага сьпевака Пятра Ялфімава, які прадстаўляў Беларусь у паўфінале «Эўравізіі-2009». Паводле прадусара Лапінай Сяргея Кіма, менавіта Ялфімаў папрасіў Лапіну ўдзельнічаць у нацыянальным адборы Беларусі. Плянавалася, што Лапіна будзе выступаць у беларускім адборы на Эўравізію з англамоўнай песьняй.
Сваю заяўку на ўдзел у нацыянальным адборы падаў і ўкраінскі сьпявак Мікіта Аляксееў. Тэлеканал «БелМузТВ» назваў Аляксеева найлепшым сьпеваком Беларусі за 2017 год.
Раней сьпявак заяўляў пра намер удзельнічаць у «Эўравізіі-2018», не ўдакладніўшы, якую краіну зьбіраецца прадстаўляць. Зь якой песьняй Аляксееў пойдзе на нацыянальны адбор, пакуль не паведамляецца.
Падала сваю заяўку на ўдзел у беларускім адборы і сьпявачка Тахміна Ніязава з Таджыкістану. У 2008 годзе яна перамагла ў расейскім конкурсе «Пять звезд. Интервидение».
Хочуць паехаць на Эўравізію зноў
Ранейшыя прадстаўнікі Беларусі на Эўравізіі сёлета паспрабуюць выйграць нацыянальны адбор другім разам. Сьпявачка Вольга Сацюк прадстаўляла Беларусь на першай «Дзіцячай Эўравізіі» ў 2003 годзе. Тады яна заняла чацьвёртае месца.
Прадстаўнік Беларусі на «Эўравізіі-2015» Юры Наўроцкі (Uzari) таксама падаў сваю заяўку на ўдзел у адборы. На конкурсе ў Вене англамоўны дуэт Uzari і скрыпачкі Маймуны ня выйшаў у фінал. У 2016 годзе Uzari стаў пісаць пісаць песьні па-беларуску. Ці чакаць ад сьпевака беларускай песьні для «Эўравізіі» сёлета, пакуль трымаюць у сакрэце.
Музычны конкурс «Эўравізія-2018» пройдзе 8–12 траўня ў партугальскім Лісабоне. Летась Беларусь на Эўравізіі прадстаўляў гурт NaviBand. У фінале Эўравізіі ў Кіеве песьня «Гісторыя майго жыцьця» заняла 17 месца.