Міжнародны Алімпійскі камітэт ухваліў форму для расейскіх спартоўцаў, якія будуць выступаць на зімовай Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі пад нэўтральным сьцягам. Пра гэта паведамляе агенцтва RNS.
З формы расейцам давялося прыбраць колеры расейскага сьцягу, герб і лягатып Алімпійскага камітэту Расеі. Замест іх будзе толькі эмблема OAR — Olympic Athlete from Russia (алімпійскі спартовец з Расеі). Форма будзе мець тры асноўных колеры: шэры, белы і чырвоны.
Міжнародны алімпійскі камітэт 5 сьнежня адхіліў зборную Расеі ад удзелу ў Алімпіядзе 2018. У МАК на падставе двух расьсьледаваньняў палічылі даказаным фактам, што Крэмль арганізаваў сыстэму прымяненьня допінгу ў спорце. Паводле рашэньня МАК, таксама быў дыскваліфікаваны Алімпійскі камітэт Расеі. Расейскім спартоўцам, якія даказалі, што не ўжывалі допінгу, дазволілі спаборнічаць пад нэўтральным сьцягам.