Пра гэта паведамляе партал dev.by са спасылкай на Facebook Інстытута павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БНТУ. У межах спэцыяльнасьці «Апэрацыі з каштоўныя паперамі» будуць навучаць працы з сучаснымі крыптавалютамі і традыцыйнымі інвэстыцыйнымі інструмэнтамі.
У спэцыялізацыі «Крыптавалюты» будуць вывучаць наступныя тэмы:
- Апэрацыі з крыптавалютамі;
- Апэрацыі з ф’ючэрсамі крыптавалют;
- Выкарыстаньне тэхналёгіі блокчэйн;
- ICO як альтэрнатыва IPO.
Як пазначана ў абвестцы, навучаньне будзе завочным ці завочна-дыстанцыйным. Адбіраюць на праграму паводле сумоўя, а прэтэндаваць на месца могуць спэцыялісты з найвышэйшай адукацыяй і студэнты старэйшых курсаў ВНУ. Курс разьлічаны на 1 год і 8 месяцаў. Заняткі пачнуцца ўжо 12 сакавіка. Хто будзе выкладаць студэнтам новы прадмет, пакуль невядома.
Назаўтра пасьля падпісаньня «ІТ-дэкрэту»
Адкрыцьцё новай спэцыяльнасьці адбылося на наступны дзень пасьля падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Дэкрэт легалізуе крыптавалюты і пашырае спэктар дзейнасьці Парку высокіх тэхналёгій, а таксама дае ягоным рэзыдэнтам шырокія прэфэрэнцыі.
Паводле новага закону беларусам дазволяць здабываць і абменьваць крыптавалюты (у тым ліку на беларускія рублі) і ня будуць лічыць гэта за прадпрымальніцкую дзейнасьць. Кампаніям праз ПВТ дазволяць рабіць біржы крыптавалютаў і здабываць крыптавалюты, нават ствараць уласныя.
З «крыптавалютчыкаў» абяцаюць ня браць падаткі на прыбытак, на даход зь фізычных асобаў, на дададзеную вартасьць і падатак па спрошчанай схеме да 2023 году.