«Гарэлку, само сабой, пілі да страты сьвядомасьці. Што ні кажыце, а праца была ня зь лёгкіх. Стамляліся так моцна, што на нагах часам ледзь трымаліся. А адэкалёнам мыліся. Да пояса. Інакш было не пазбавіцца ад паху крыві і пораху. Нават сабакі ад нас уцякалі і калі брахалі, то здалёку».
Так шмат гадоў пазьней успамінаў пра сваю працу адзін з удзельнікаў спэцгрупы камэндатуры НКВД, якая працавала ў Маскве пад кіраўніцтвам Васіля Блахіна — будучага генэрала дзяржбясьпекі, які асабіста застрэліў ня менш за 5 тысяч (паводле іншых зьвестак, да 15 тысяч) чалавек. Функцыі спэцгрупы былі катаўскія: прыводзіць у выкананьне прысуды і пазасудовыя рашэньні аб расстрэле, прынятыя рознымі інстанцыямі сталінскага рэжыму. Увесну 1940 году Блахіну і яго катам разам з такімі «спэцыялістамі» на месцах давялося выконваць асаблівае заданьне: зьнішчыць больш за 20 тысяч польскіх афіцэраў і цывільных асобаў, якія трапілі ў савецкі палон у верасьні 1939 году, калі СССР падзяліў з нацысцкай Нямеччынай тэрыторыю Польшчы.
Расстрэлы праводзіліся ў некалькіх месцах — галоўным чынам у Катынскім лесе пад Смаленскам, турмах у Калініне (цяпер Цверы) і Харкаве. У Катыні расстраляных закопвалі ў равах на месцы гібелі, з Калініну і Харкаву целы адвозілі для пахаваньня недалёка — адпаведна ў навакольлі пасёлку Меднае і гораду Пяціхаткі. Тым ня менш у гістарыяграфію, перш за ўсё польскую і эўрапейскую, гэтая трагедыя ўвайшла пад імем «Катынскага злачынства». Магчыма, самага вядомага ў сьвеце злачынства, зьдзейсьненага органамі ВЧК — ОГПУ — НКВД — МГБ — КДБ за іх гісторыю, з пачатку якой сёньня споўнілася роўна сто гадоў.
Катынскае злачынства, з аднаго боку, адносіцца да ліку найбольш падрабязна дасьледаваных, з другога — да гэтага часу актыўныя прыхільнікі старой савецкай вэрсіі тых падзей. Яна перакладала віну за расстрэл палякаў на акупацыйныя гітлераўскія войскі — і, адпаведна, пераносіла дату трагедыі з 1940 году на больш позьні тэрмін. Крымінальная справа па фактах расстрэлу польскіх грамадзян была спыненая ў 2004 годзе — у сувязі са сьмерцю вінаватых. Тым ня менш расейскі бок па-ранейшаму не перадаў Польшчы частку (35 з 183 тамоў) архіўных матэрыялаў, якія тычацца Катыні — яны застаюцца засакрэчанымі.
Што тычыцца вінаватых, то іх імёны — ад радавых выканаўцаў да вышэйшага кіраўніцтва Савецкага Саюзу і НКВД — добра вядомыя. Практычна поўны сьпіс датычных да Катынскага злачынства ўяўляе сабой сакрэтны загад № 001365, выдадзены 26 кастрычніка 1940 году — аб узнагароджаньні вялікай групы супрацоўнікаў НКВД за выкананьне нейкага асабліва важнага заданьня. Як адзначаецца ў прысьвечанай асобам, названым у гэтым загадзе, кнізе «Узнагароджаныя за расстрэл. 1940», нядаўна выдадзенай Цэнтрам польска-расейскага дыялёгу і згоды, лёгка ўстанавіць, што гэтым заданьнем быў расстрэл польскіх палонных у Смаленскай, Калінінскай і Харкаўскай абласьцях. Аўтар кнігі, расейскі гісторык, намесьнік кіраўніка Навукова-інфармацыйнага савету таварыства «Мэмарыял» Нікіта Пятроў расказаў аб сваім дасьледаваньні ў інтэрвію Радыё Свабода.
— Галоўным доказам, які дазваляе гаварыць аб удзеле гэтых людзей у Катынскім злачынстве, вы лічыце сакрэтны загад аб іх узнагароджаньні 26 кастрычнiка 1940 году. Зразумела, што ніякія расстраляныя палякі у загадзе не згаданыя. Чаму вы ўпэўнены, што гэтыя узнагароджаныя — гэта фактычна сьпіс катынскіх катаў?
— Тут усё вельмі проста. Па-першае, да таго, як я за гэтую справу ўзяўся, ніхто гэтага сьпісу не аналізаваў на прадмет таго, што гэта за людзі, якія яны пасады займалі. У прэамбуле загаду наўпрост сказана «за выкананьне спэцыяльнага заданьня», і гэта супрацоўнікі НКВД Смаленскай, Калінінскай і Харкаўскай абласьцей. Мы выдатна ведаем, што расстрэлы адбыліся менавіта там. Але гэта ўскосная здагадка. А сапраўдную прыроду гэтага загаду адкрыў на допыце былы начальнік упраўленьня НКВД па Калінінскай вобласьці Токараў, які гаварыў у пачатку 1991 году здымачнай групе, якая прыйшла ў пракуратуру з адпаведным запытам: усіх ўзнагародзілі, хто праводзіў гэтае забойства, а мяне няма, мяне ў гэтым сьпісе вы ня знойдзеце. Але для пракуратуры тады гэта была навіна, яны ўвогуле ня ведалі, што такі сьпіс існуе. А Токараў ім сказаў: вы пашукайце ў архівах, знойдзеце, быў такі сьпіс, ўзнагародзілі ўсіх. (…) Токараў паведаміў вельмі важную рэч сьледзтву, а сьледзтва потым у архіве знайшло менавіта гэты загад.
— Якую суму далі тым, хто значыўся ў загадзе?
— Сумы былі ад месячнага акладу да 800 рублёў.
— Які быў мэханізм вынясеньня сьмяротнага прысуду загінулым польскім палонным, як прымалася рашэньне на самым версе?
— Пытаньне аб тым, як паступіць з польскімі афіцэрамі, абмяркоўвалася ад канца 1939 году. Былі ідэі, напрыклад, частку з іх прапусьціць праз «особое совещание», гэта значыць, даць ім лягерныя тэрміны. Гаворка ішла пра вязьняў Асташкоўскага лягеру, таму што там сядзелі супрацоўнікі паліцыі, жандары, тыя, каго клясычна лічылі ворагамі. Адносна простых афіцэраў, якія сядзелі ў Казельску або Старабельску, была нават ідэя частку зь іх адпусьціць. Але ў рэшце рэшт, калі ўсе гэтыя прапановы былі прасумаваныя, Берыя падаў запіску Сталіну, і таго нешта не задаволіла. Я ня бачыў папярэдніх варыянтаў запіскі, якую падаваў Берыя, там, па-мойму, нават была прапанова забіць значна больш людзей, чым у той вэрсіі, якая нам вядомая. У рэшце рэшт 5 сакавіка 1940 г. была пададзена запіска, ужо ўдакладнены варыянт, які прадугледжваў забойства практычна 25 тысяч палякаў, сярод іх 15 тысяч зь лішнім афіцэраў, а астатнія — цывільныя асобы, якіх ужо арыштавалі або павiнны былi арыштаваць у заходніх абласьцях, гэта значыць, так званых клясавых ворагаў, якія не прынялі савецкую ўладу або якія мелі «клясава чужое» паходжаньне, або падазроных паводле сваіх сацыяльных сувязяў.
Сэлекцыя ішла на месцах — у лягерах ваеннапалонных і ва ўпраўленьнях НКВД па заходніх абласьцях Беларусі і Ўкраіны, а рашэньне адным махам прыняло Палітбюро 5 красавіка 1940 году. Гэтае рашэньне вядомае і апублікаванае, там ужо гаворка ішла аб фармаваньні тройкі і аб агульным ліміце на гэтыя расстрэлы — прыкладна 25 тысяч. На самай справе расстралялі менш — 22 тысячы. Тут разыходжаньне за рахунак не ваеннапалонных, а цывільных асобаў, якіх арыштавалі менш. НКВД толькі ў красавіку разгарнуў арышты цывільных асобаў, якія былі потым расстраляныя паводле рашэньняў спэцыяльна створанай тройкі ў Маскве.
— З чым зьвязанае цяперашняе нежаданьне расейскіх уладаў цалкам рассакрэціць архіўныя матэрыялы, зьвязаныя з Катыньню? Здавалася б, ужо столькі гадоў прайшло, і ў жывых не засталося нікога з тых, хто быў датычны.
— Ведаеце, раней у нас з калегамі, якія займаліся Катынскім злачынствам, было такое ўражаньне, што сьледзтва ідзе і будзе закрытае тады, калі памрэ апошні выканаўца. Апошні радавы выканаўца Катынскага злачынства, хто быў узнагароджаны гэтым загадам з 26 кастрычнiка 1940 году, яго прозвішча Паноў, памёр у 1996 годзе. З тых часоў можна было б, вядома, усё апублікаваць. Але тут ужо працавала іншая сыстэма, тут была інэрцыя. Сёньня Крэмль, з аднаго боку афіцыйна, безумоўна, прызнаў віну Савецкага Саюзу, Сталіна, органаў НКВД за Катынскае злачынства, з другога боку, ён усяляк ідэалягічна змагаецца зь цяперашняй польскай дзяржавай. Адсюль і гэтая зласьлівая ўпартасць у тым, каб не даваць матэрыялаў па Катынскай справе. Увесь час распаўсюджваюцца, мусіруюцца нейкія чуткі пра тое, што палякі абавязкова запатрабуюць грошай на кампэнсацыі або яшчэ чагосьці. Калі б яны хацелі гэтых кампэнсацый, то ўжо даўно запатрабавалі б, для гэтага ім ня трэба мець пакінутыя тамы справы, таму што ў іх дастаткова матэрыялаў, якія даказваюць савецкую віну. Але тыя больш за сотню тамоў, якія былі перададзеныя ў выглядзе копій пасьля смаленскай катастрофы 2010 году, яны больш не дапаўняюцца. Засталося 35 тамоў, якія расейскі бок не зьбіраецца рассакрэчваць, ці, як сказаў пракурор Фрыдынскі, не знайшоў магчымым рассакрэціць. Вось усе гэтыя формулы бюракратычныя, яны, з аднаго боку, ад упартасьці, а з другога — гэта тыповыя палітычныя маніпуляцыі. Вы паводзьце сябе добра, як бы намякаюць палякам, тады, можа быць, мы вам нешта яшчэ дамо па Катыні. Гэта, я б сказаў, вельмі благі палітычны мэтад, але тым ня менш ён, на жаль, выкарыстоўваецца.
Цалкам інтэрвію чытаць тут.