Тым часам на сайце petitions.by працягваецца збор подпісаў у абарону Даната Скакуна.
Згодна з афіцыйнай вэрсіяй, 23 траўня 2016 года вучань сталічнай гімназіі № 74 Данат Скакун зайшоў у клясу расейскай мовы і літаратуры і напаў з нажом на настаўніцу расейскай мовы Валянціну Губарэвіч. Зброя не была знойдзеная. 7 красавіка Менскі гарадзкі суд прысудзіў юнака да 8 гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў выхаваўчай калёніі. Менскі гарадзкі суд разглядаў справу Даната Скакуна ў закрытым рэжыме — на момант учыненьня злачынства яму не было 16 гадоў. Разгляд апэляцыі ў Вярхоўным Судзе таксама праходзіў у закрытым рэжыме, самога абвінавачанага ў судзе не было.
«Я напісала яму ліст з прапановай рыхтавацца да іспыту па беларускай мове»
Нядаўна Данат Скакун у Бабруйскай выхаваўчай калёніі здаў іспыты за 9 клясу на тры дзявяткі. Дапамагала яму рыхтавацца да іспыту па беларускай мове філёляг Святлана Богуш.
Гэта проста мая чалавечая неабыякавасьць да гэтага хлопчыка.
«Пра справу даведалася са СМІ, яшчэ калі не называліся імёны, а проста паведамлялася, што гімназіст напаў на настаўніцу, — згадвае Сьвятлана Богуш. Памятаю, што мяне вельмі зьдзівіла і ўразіла, як настаўніца пасьля 17 удараў нажом магла тэлефанаваць дачцэ і паведамляць, што на яе нехта напаў. Потым праз год, калі зьявілася старонка падтрымкі Даната ў Фэйсбуку, калі стала публікавацца розныя матэрыялы справы, мяне гэта закранула яшчэ больш, бо я пабачыла, што ў Даната ёсьць алібі, і ён ня мог гэта проста зрабіць па часе. Я ўяўляла сябе на яго месцы, што бы я адчувала, каб мяне ў 15 гадоў кінулі за краты. І я вырашыла падтрымаць хлопца ў няпростай сытуацыі. Я напісала яму ліст з прапановай рыхтавацца да іспыту па беларускай мове, паколькі яму не далі здаць іспыты за 9 клясу. Ад яго прыйшоў адказ, ён напісаў, што гэта яму цікава, што ён любіць родную мову. Такім чынам пачалася наша перапіска. Я яму высылала заданьні, Данат прысылаў адказы, гэта працягвалася некалькі месяцаў цягам гэтага лета».
«Бацькоў Даната я ня ведаю. Гэта проста мая чалавечая неабыякавасьць да гэтага хлопчыка»
Сьвятлана Богуш — філёляг паводле адукацыі, працуе рэдактарам.
«Зараз пад пэтыцыяй вельмі актыўна пішуць пра тое, што за Даната нібыта заступаюцца толькі тыя, у каго ёсьць дзеці, бо дзейнічае прынцып «Я ж маці», — кажа Сьвятлана. — У мяне дзяцей няма, але гэта мне не перашкаджае спачуваць людзям, спагадаць людзям. І тое, што Данату толькі 16 гадоў, гэта накладае нейкі адбітак, але падтрымліваць людзей трэба незалежна ад узросту. Мы проста камунікуем у межах справы зь Мікалаем Аўтуховічам, (былы палітвязень, ініцыятар кампаніі падтрымкі Даната Скакуна — РС), якога дагэтуль я асабіста ня ведала. І бацькоў Даната таксама я таксама ня ведаю. Гэта проста мая чалавечая неабыякавасьць да гэтага хлопчыка. Мне падаецца, што гэта несправядліва, і я раблю тое, што я магу зрабіць у гэты час для гэтага чалавека.
Нядаўна зьявілася інфармацыя, што Данат Скакун здаў іспыты за кратамі на дзявяткі.
«Сваёй заслугі ў гэтым ня бачу, — лічыць Сьвятлана. — Мне здаецца, што гэта было для яго больш падтрымкай, каб заняць час і засяродзіцца не на тым, што ён за кратамі, а што ў яго ёсьць будучыня, і дзеля яе трэба далей вучыцца. Мне ўдалося даслаць пяць лістоў з пытаньнямі, правіламі. Ня думаю, што гэта моцна паўплывала, бо матэматыку ён таксама здаў на дзявятку, а ёй мы не займаліся. Я вельмі рада. Данат — вельмі разумны хлопчык, старанны, заўсёды пачынаў і заканчваў лісты словамі падзякі. Ён вельмі тактоўны і інтэлігенты чалавек».
***
Сёлета 19 верасьня калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага Суду Беларусі разгледзела апэляцыю па справе былога вучня сталічнай гімназіі № 74 Даната Скакуна, пакінуўшы бязь зьменаў ранейшы прысуд — 8 гадоў у выхаваўчай калёніі. Скакун абвінавачваўся ў замаху на забойства настаўніцы з асаблівай жорсткасьцю (частка 1 артыкулу 14 і пунктамі 6, 10 часткі 2 артыкулу 139 Крымінальнага кодэксу). Прысуд пакінулі бязь зьменаў.
Між тым, паводле шматлікіх допісаў у інтэрнэце, у часткі грамадзтва засталіся пытаньні да сьледзтва і суду, на якія раней не было адказаў з прычыны закрытасьці працэсу. Сваёй віны школьнік не прызнаў і адмовіўся даваць паказаньні. У СК патлумачылі закрытасьць працэсу тым, што абвінавачаны быў непаўналетні.
У «Фэйсбуку» створаная старонка #Донат_невиновен #Данат_невiнаваты. На сайце petitions.by сабраныя амаль 1300 подпісаў пад пэтыцыяй у абарону Даната Скакуна. Абаронцы хлопца патрабуюць стварыць міжведамасную камісію для комплекснай праверкі працы ўсіх датычных да вынясеньня абвінаваўчага прысуду Данату Скакуну.