«Лябараторыя Касьперскага» абскардзіць у судзе забарону на выкарыстаньне яе прадуктаў амэрыканскімі дзяржаўнымі структурамі. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе гэтай міжнароднай групы кампаній з цэнтральным офісам у Маскве, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня.
У прэс-рэлізе сьцьвярджаецца, што загад Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША «заснаваны на непацьверджаных паведамленьнях у СМІ, чутках і ілжывых абвінавачваньнях на адрас кампаніі» і нанёс шкоду рэпутацыі «Лябараторыі Касьперскага» і яе бізнэсу. Кампаніі не далі сумленнай і справядлівай магчымасьці абвергнуць абвінавачваньні, напісаў у сваім блогу ў Livejournal яе кіраўнік Яўгеній Касьперскі.
Улетку ўлады ЗША забаранілі ўрадавым структурам краіны выкарыстоўваць праграмы «Лябараторыі Касьперскага» праз падазрэньні у сувязях з Крамлём і расейскімі спэцслужбамі. «Лябараторыя Касьперскага» супрацоўніцтва адмаўляе. Кампанія паабяцала ў пачатку 2018 году раскрыць зыходны код праграм і іх будучых абнаўленьняў, каб іх маглі праверыць незалежныя экспэрты.
WSJ: расейскія хакеры атрымалі доступ да дадзеных АНБ з дапамогай «Антывіруса Касьперскага»
У канцы кастрычніка «Лябараторыя Касьперскага» прызнала, што іх прадукт загрузіў у «воблака» архіў з файламі, пазначанымі як сакрэтныя. Кіраўнік кампаніі Яўгеній Касьперскі заявіў, што файлы былі атрыманы «выпадкова» і выдалены адразу ж пасьля таго, як яму было ўказана на іх сакрэтны характар.
13 сьнежня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон аб забароне на выкарыстаньне прадукцыі «Лябараторыі Касьперскага» амэрыканскім урадам.