Дасьледнікі з кампаніі Facebook Дэвід Гінзбэрг і Мойр Бурк распавялі пра ўплыў карыстаньня сацыяльнымі сеткамі на чалавека, у прыватнасьці, на яго настрой.
Артыкул дасьледнікаў апублікаваны ў блогу кампаніі.
Адно з дасьледаваньняў, пра якія распавядаюць Гінзбэрг і Бурк, праводзілася на выпадкова выбраных студэнтах Мічыганскага ўнівэрсытэту. Першая іх група цягам 10 хвілін у дзень была абавязаная чытаць стужку навінаў Facebook, а другая — публікаваць у ёй матэрыялы і кантактаваць са знаёмымі.
Як паказаў тэст, да канца дня першая група адчувала сябе горш, чым тыя аднагодкі, якія вялі актыўныя зносіны ў сацыяльнай сетцы.
Паводле яшчэ аднаго дасьледаваньня, на якое спасылаюцца Гінзбэрг і Бурк, людзі, якія хаця б удвая часьцей сярэдняга ставілі «лайкі» ў сацыяльнай сетцы, пакутуюць на вялікую колькасьць псыхічных расстройстваў.
Як рэзюмавалі дасьледнікі, уплыў сацыяльнай сеткі на псыхіку чалавека залежыць ад таго, якім менавіта чынам яна выкарыстоўваецца. У той час як пасыўнае чытаньне навіннай стужкі можа нэгатыўна ўплываць на псыхічны стан чалавека, актыўныя зносіны зь сябрамі могуць дапамагчы справіцца з дэпрэсіяй і стрэсам.