Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасадзіць нельга памілаваць. Пачынаецца суд над аўтарамі Regnum


Менскі гарадзкі суд
Менскі гарадзкі суд

18 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе пачнецца працэс па справе аўтараў пракрамлёўскага інтэрнэт-рэсурсу Regnum, якіх вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Гэта грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Паўлаўцу і Шыптэнку таксама выстаўленае абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Пры гэтым год яны ўжо адбылі ў сьледчым ізалятары КДБ.

Што вядома пра фігурантаў справы?

Юры Паўлавец
Юры Паўлавец

Юрыю Паўлаўцу 37 гадоў. Паводле адукацыі ён гісторык, працаваў дацэнтам катэдры гуманітарных дысцыплін у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР). Пра яго пішуць, што ён адзначаўся радыкальнымі прарасейскімі поглядамі, друкаваўся на такіх расейскіх сайтах, як Regnum, «Западная Русь», «Русправда» і нярэдка крытыкаваў беларускія ўлады за спрыяньне «нацыяналізму».

45-гадовы жыхар Берасьця Дзьмітры Алімкін — выпускнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. Да затрыманьня ў сьнежні 2016 году Дзьмітры Алімкін працаваў вартаўніком у школе і рэгулярна пісаў артыкулы на расейскія імпэрскія сайты. На сайце Regnum ён выступаў пад псэўданімам «Ала Бронь». Менавіта пад гэтым імем 25 кастрычніка быў апублікаваны матэрыял, дзе Беларусь называлася «звар’яцелай недадзяржавай», а беларускі акцэнт — «прыкметай нізкага паходжаньня».

Сяргей Шыптэнка
Сяргей Шыптэнка

Сяргей Шыптэнка, як і Дзьмітры Алімкін, — выпускнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. У інтэрнэце Шыптэнка часам падпісваўся псэўданімам Артур Грыгор’еў, але на сайце Regnum выступаў пад уласным прозьвішчам. Вось што паведаміла пра Сяргея Шыптэнку газэта «Наша Ніва» неўзабаве пасьля яго затрыманьня ў канцы 2016 году: «Чырвонай стужкай празь яго публікацыі праходзіла ідэя аб „сэпаратным“ характары беларускай дзяржаўнасьці і патрэбе „ўзьяднаньня“ з Расеяй. Сёлетні „Дзень вышыванкі“ ў Менску Шыптэнка параўнаў з прымусовымі мерапрыемствамі часоў нямецкай акупацыі». «Далей падаць няма куды. Альбо мы адновім краіну, узьяднаемся і адродзімся, альбо будзем праклятыя назаўжды, загінем у пакутах і станем гноем», — цытавала беларускамоўнае выданьне карэспандэнта расейскага агенцтва Regnum.

Старшыня БАЖ: «Свабода слова — таксама каштоўнасьць»

Крытычна ставіцца да справы аўтараў Regnum старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які называе яе «відавочным абмежаваньнем свабоды выказваньня».

«Нам могуць вельмі не падабацца іх меркаваньні, яны могуць супярэчыць нашым каштоўнасьцям, але ж свабода слова — гэта таксама каштоўнасьць, і забываць пра гэта нельга», — кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Паводле Андрэя Бастунца, БАЖ будзе ўважліва сачыць за працэсам над аўтарамі Regnum. Справай Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі зацікавілася таксама міжнародная журналісцкая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў».

Праваабаронцы: Іх варта разглядаць як кандыдатаў у палітвязьні

Зьбіраюцца ўважліва сачыць за працэсам у Менгарсудзе і беларускія праваабаронцы. Юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч напярэдадні суду не выключаў, што па выніках працэсу аўтараў Regnum давядзецца прызнаць палітвязьнямі.

«Трэба будзе адказаць на пытаньне, ці падпадае гэта пад дапушчальнае абмежаваньне свабоды выказваньня думак, ці не падпадае. Калі не падпадае, дык гэта будзе лічыцца палітычным перасьледам. Нам могуць не падабацца іхнія ідэі, мы можам іх абсалютна не падтрымліваць, але гэта не азначае, што за іх трэба саджаць у турму», — казаў Валянцін Стэфановіч.

Заступілася расейскае МЗС

Сёлета ў кастрычніку, калі стала вядома пра накіраваньне справы аўтараў Regnum у суд, за іх заступілася расейскае Міністэрства замежных спраў.

«Мы хацелі б заклікаць беларускі бок максымальна адказна падыходзіць да разгляду дадзенай крымінальнай справы, у строгай адпаведнасьці з узятымі на сябе Беларусьсю абавязаньнямі, найперш у пляне захаваньня свабоды выказваньня меркаваньняў», — казала прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава.

На Юрыя Баранчыка завялі асобную справу

Юры Баранчык
Юры Баранчык

Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі. Як пазьней паведаміла Cвабодзе прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова, справа супраць Юрыя Баранчыка выдзеленая ў асобную вытворчасьць, ён заставаўся ў вышуку, з Расеі яго так і не дэпартавалі ў Беларусь.

Працэс над Юрыем Паўлаўцом, Дзьмітрыем Алімкіным і Сяргеем Шыптэнкам будзе адкрыты. У Менгарсудзе чакаюць, што на працэс прыйдзе шмат журналістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці, у тым ліку аднадумцаў аўтараў Regnum.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG