Гісторыю пра тое, як салдаты NATO кінулі ў латвійскім лесе сьмецьце, з задавальненьнем падхапілі расейскія СМІ, прычым у іхным аповедзе вайскоўцы паводзіліся «як агрэсіўныя сьвіньні». Але ці была гэтая гісторыя насамрэч? Рэпартаж «Настоящего времени».
Гісторыя пра «натаўскіх сьвіней» пачалася з фатаграфіі, апублікаванай у фэйсбуку. Жанчына, якая, паводле ейных слоў, жыве ў Латвіі, апублікавала здымак: у лесе валяецца пустая ўпакоўка з-пад сухпайка войскаў NATO, а побач пустыя бляшанкі і бутэлькі. Пост адразу ж быў некалькі разоў перапошчаны, пасыпаліся камэнтары, фатаграфію тут жа перадрукоўвае латвійскі расейскамоўны партал Mixnews.
«Нас абараняюць натаўскія сьвіньні», — камэнтуе ён.
Навіну падхопліваюць расейскія СМІ. Адзінюткі пакет яны ператвараюць у горы сьмецьця, якім заваленыя балтыйскія лясы.
«Салдаты NATO ў Латвіі забруджваюць лясы побытавымі адыходамі», — паведамляе Regnum.
«Салдаты NATO насьвінячылі ў Латвіі», — інфармуе «Спутник».
«Самы жахлівы госьць: чаму натаўцы ў Прыбалтыцы паводзяцца, як агрэсіўныя сьвіньні», — задае рытарычныя пытаньні тэлеканал «Звезда».
Але ці быў выкінуты пакет насамрэч? Каб праверыць сапраўднасьць здымка, экспэрты Відзэмскай вышэйшай школы правялі цэлае расьсьледаваньне. У амэрыканскім пасольстве ім пацьвердзілі: на фота сапраўды ўпакоўка ад сухпайка NATO. Але вось апынуцца ў латвійскім лесе ён наўрад ці бы мог. Бо зусім побач месьціцца вайсковая база, дзе ёсьць сталовая і палявая кузня, на якой гатуюць гарачую ежу. Такім чынам, ніякіх пайкоў канкрэтна ў гэтай вайсковай частцы няма. Таксама на здымку відаць бляшанкі з-пад кансэрваў, якія натаўскія салдаты даўно не выкарыстоўваюць.
Выснова экспэртаў: гісторыя з сухпайком вельмі падобная да фэйку
«Гэта была добра скаардынаваная кампанія, дзе адпрацоўваюцца мэтады, як з мухі зрабіць слана, — апісвае сытуацыю палітоляг Філіп Раеўскі. — Для гэтых мэтаў можна выкарыстоўваюць крыніцы, якія не карыстаюцца даверам, а зь іх ужо можна разьдзімаць, і навіна ператвараецца ў рэспэктабэльную навіну».
Расейскія СМІ рэгулярна публікуюць гісторыі пра неналежныя паводзіны вайскоўцаў NATO ў Латвіі ды іншых краінах Балтыі.
Палітоляг Іварс Іябс тлумачыць гэта тым, што ўступленьне краінаў Балтыі ў NATO ёсьць адным з галоўных аб’ектаў крытыкі з боку расейскіх палітычных колаў.
«Калі адносіны паміж NATO і Расеяй абвастраюцца, мы гэта адчуваем у той жа момант і па СМІ, — заўважае ён. — Асабліва гэта тычыцца фэдэральных каналаў, якія наўпрост кантралююцца з Крамля».
У NATO да пагрозы расейскай дэзінфармацыі ставяцца вельмі сурʼёзна. Фэйкі, нават на першы погляд бяскрыўдныя, чэрняць вайскоўцаў у вачах насельніцтва краінаў Балтыі і ўскладняюць ім працу, — гэта прызнаюць ня толькі аналітыкі, але і асабіста генэральны сакратар Альянсу Енс Столтэнбэрг. Нядаўна ён абмяркоўваў гэтую праблему з Канадай, якая паслала ў Латвію 450 вайскоўцаў (амаль траціну ўсяго кантынгенту NATO): менавіта ейныя вайскоўцы і сталі галоўнай мішэньню гэткіх фальшывак.
Але пакуль бакі сышліся на тым, што супрацьстаяць расейскім мэдыяфэйкам найлепш не сустрэчнай прапагандай, а выкрыцьцём фэйкаў і добрымі адносінамі з тутэйшым насельніцтвам.