Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснаваны Паўлам Шараметам. Гісторыя «Беларускага партызану», заблякаванага Мінінфармам


Разьвітаньне з Паўлам Шараметам, заснавальнікам сайту "Беларусі партызан", у Кіеве
Разьвітаньне з Паўлам Шараметам, заснавальнікам сайту "Беларусі партызан", у Кіеве

15 сьнежня Міністэрства інфармацыі паведаміла аб блякаваньні інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан» за публікацыю «забароненай інфармацыі». Свабода сабрала асноўныя факты пра папулярны ў Беларусі незалежны сайт.​

Заснавальнік

Сайт грамадзка-палітычнай скіраванасьці «Беларускі партызан» існуе больш за 10 гадоў — ён быў заснаваны зь ініцыятывы аднаго зь першых палітвязьняў Беларусі журналіста Паўла Шарамета ў лістападзе 2005 году і шмат разоў трапляў пад ціск беларускіх уладаў.

З кантэнтам Паўлу Шарамету дапамагалі журналісты ў Беларусі, іх калегі, якія з розных прычынаў зьехалі з краіны, найперш у Расею.

Працяглы час Шарамет фінансаваў «Беларускі партызан» з асабістых грошай. Паводле сяброў, ён разумеў, што гэта ўжо не ягоны пэрсанальны праект, а справа, скіраваная на дэмакратызацыю Беларусі.

20 ліпеня 2016 году Павал Шарамет загінуў у выніку падрыву аўтамабіля ў Кіеве. Ягоныя сябры і паплечнікі прынялі рашэньне працягнуць справу, сайт працягвае дзейнасьць да гэтага часу.

Тэмы

Сайт хутка набраў папулярнасьць, ад самага пачатку пазыцыянуючы сябе крытыкам беларускага рэжыму і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Сайт шмат перадруковаў крытычныя матэрыялы пра беларускую ўладу зь іншых незалежных СМІ, на ім зьяўляліся і эксклюзыўныя матэрыялы, якія мелі розгалас.

Перадусім гэта датычыць расьсьледаваньняў злоўжываньняў службовым становішчам з боку высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, публікацый пра прэзыдэнцкую сям’ю і набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў, пра «кухню» расейска-беларускіх адносін.

Пасьля анэксіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе сайт шмат пісаў пра агрэсію Расеі супраць Украіны.

Трыбуна

«Беларускі партызан» стаў трыбунай для шэрагу грамадзкіх дзеячаў, некаторыя зь якіх на працягу шэрагу гадоў публікуюць тут свае роздумы на актуальныя тэмы — пералік блогераў сягае паўтары сотні.

Улады Беларусі неадкладна занесьлі сайт у «чорны сьпіс», доўгі час ён быў першым сярод незалежных рэсурсаў, доступ да якіх правайдэры абавязваліся блякаваць. Падчас апазыцыйных акцый і важных палітычных кампаній «Белпартызан» цярпеў ад кібэратак разам зь іншымі незалежнымі СМІ.

Былі і папярэджаньні Міністэрства інфармацыі Беларусі, якія, зрэшты, ніяк не падзейнічалі на рэдакцыю.

Акцыі

Ладзіліся нават «антыпартызанскія» акцыі. У лютым 2010 году група вэтэранаў заявіла, што «Беларускі партызан» друкуе «правакацыйныя матэрыялы, якія носяць перадузяты, антыбеларускі характар».

Апроч таго, у звароце, надрукаваным ва ўрадавай газэце «Рэспубліка», а потым распаўсюджаным па каналах БелТА, падпісанты выказвалі незадаволенасьць, што само па сабе выкарыстаньне словазлучэньня ў назьве абразьлівае ў адносінах да сапраўдных чырвоных партызанаў.

У адказ на такую ўвагу кіраўніцтва сайту адказала, што выкарыстоўваецца звыклая схема: вэтэраны нібыта абураюцца, а ўлады пачынаюць рэагаваць, каб не пакрыўдзіць паважаных людзей.

Папулярнасьць

«Беларускі партызан» цягам многіх гадоў застаецца адным з самых наведвальных інфармацыйных рэсурсаў у байнэце.

Паводле незалежнага аналітычнага рэсурсу SimilarWeb, цягам апошняга паўгода сайт меў ад 1,9 мільёна да 2,3 мільёна наведваньняў у месяц. Гэта, напрыклад, значна болей, чым у галоўнай дзяржаўнай газэты «СБ. Беларусь сегодня» (максымум — 1,4 млн).

Больш як 80% наведнікаў belaruspartisan.org знаходзяцца ў Беларусі.

«Тое самае, што паперай затыкаць водаправодную трубу», — Калінкіна пра блякаваньне «Беларускага партызана»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG