Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спорт і палітыка: МАК адказаў за Крым


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Дакладней, за тое бязьмежнае нахабства ў допінгавай палітыцы, зь якім Расея дасягнула трыюмфу ў алімпійскім Сочы, на тле якога і адбылася анэксія Крыму.

Нягледзячы на першапачатковую гістэрыю сярод чынавенства і ў расейскіх СМІ (прынізілі Расею!), калі стала зразумела, што МАК мае адназначную пазыцыю, прагматызм расейскай улады ўзяў верх.

Рэч у тым, што сёньняшнія Расея — гэта не СССР, які мог дазволіць сабе байкот Алімпіяды ў Лос-Анджэлесе. Ды і Ўладзімер Пуцін не Адольф Гітлер, які мог, не вагаючыся, кінуць лёс цэлай нацыі ў пекла звышідэі.

Кіраўніцтва Крамля — выхадцы з 1990-х і разумеюць, што такое капітал, пільна лічаць прыбыткі-страты і ахайна ставяцца да ўласнага дабрабыту.

Пакуль можна было пры дапамозе і пад шум Алімпійскіх гульняў вырашаць свае прыбытковыя геапалітычныя справы, гэта рабілася, як той казаў, з асаблівым цынізмам. Пад час Алімпіяды ў Пэкіне — вайна ў Грузіі, пад час алімпійскага Сочы — Крым.

Апроч таго, гадаванцы 1990-х звыклі вырашаць праблемы нахабна й сыстэмна. Пад час анэксіі Крыму мусіў быць грандыёзны спартовы посьпех у Сочы. І ён быў дасягнуты, цяпер ужо вядома, якім чынам. Што праўда, гэтае нахабства стала апошняй кропляй, бо ў адрозьненьне ад Расеі, якая берагоў ня бачыць, Захад іх выдатна праглядае.

Менавіта за бязьмежнае спартова-палітычнае нахабства Расея атрымала тое, што атрымала.

Што тычыцца ўласна ўжываньня допінгу, то гэта праблема не адно расейскіх спартоўцаў. Прэзыдэнт Фэдэрацыі біятлону Ўкраіны Ўладзімер Брынзак:

Праблемы ёсьць ня толькі ў Расеі. Нават у нарвэжцаў астма была, у іншых спартоўцаў яшчэ нешта, нейкія даведкі, якія дазваляюць прымаць афіцыйна. Гэта значыць, заначкі, якія ўсе выкарыстоўваюць. І ў Аўстрыі былі праблемы, і ў Фінляндыі. Гэта ня толькі ў Расеі ці Ўкраіне такая праблема. Усе прыстасоўваюцца да гэтых шляхоў. Трэба, каб было аб'ектыўна, аднолькава для ўсіх. Калі астма, то спартовец трэнэруецца і бегае з паралімпійцамі — калі ён хворы. Калі ёсьць даведка, якая дае дазвол, то трэба ўсім дазваляць прымаць.

Нямецкі трэнэр Маркус Крамэр:

Раней я заўсёды казаў, што спорт і палітыка ніяк не зьвязаныя адно з адным. Але цяпер бачу, што ўсё па-іншаму. Рашэньне па спартоўцах са Швэцыі або Нарвэгіі, Нямеччыны ці Італіі было б іншым.

Было б іншым, бо ні адна з гэтых краін не дазваляла й не дазваляе сабе таго спартова-палітычнага нахабства, што дазваляе сабе Расея. Гэта як пакласьці ногі на агульны абедны стол.

Так што вырак МАК адэкватны й справядлівы, нягледзячы на лёс «чыстых» расейскіх спартоўцаў. Яны частка сваёй краіны, а пад Алімпійскім сьцягам выступаць ім ніхто не забараніў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG