У апошнім слове Аляксандар Рымашэўскі назваў сваю справу сфальшаванай. Паводле Рымашэўскага, прызнаньне ў атрыманьні хабару ў 2700 даляраў, якое ён зрабіў адразу пасьля арышту 30 траўня, было зроблена пад псыхалягічным ціскам і ў вельмі дрэнным фізычным стане.
«У мяне быў ціск за 200, выклікалі „хуткую дапамогу“», — згадаў падсудны.
Аляксандар Рымашэўскі нагадаў, што пачаў працоўную дзейнасьць са старшых клясаў памочнікам камбайнэра і ўсё жыцьцё працаваў старанна і добрасумленна, у тым ліку на пасадзе старшыні райвыканкаму.
Паводле Рымашэўскага, пра гэта сьведчаць кіраўнікі гаспадарак раёну, якія зьвярнуліся зь лістом у ягоную падтрымку.
Прысуд Аляксандру Рымашэўскаму суд абвесьціць сёньня а 17-й гадзіне.
Адвакат Рымашэўскага Дзьмітры Гарачка пракамэнтаваў Свабодзе рашэньне суду абвясьціць вырак у той жа дзень, як прагучала апошняе слова падсуднага:
«Сутыкаюся з такім упершыню. Законам не агавораны час, за які суд мусіць прымаць канчатковае рашэньне ў справе, але, улічваючы даволі вялікі аб’ём справы і яе рэзананс, думалася, што суд возьме большую паўзу паміж апошнім словам і прысудам».
Экс-старшыні Салігорскага райвыканкаму Рымашэўскаму інкрымінуюць атрыманьне 16900 тысяч даляраў хабару. Пракурор патрабуе для яго 9 гадоў зьняволеньня.