Сьледчы камітэт Расеі сьцьвярджае, што інфарматар Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), былы кіраўнік Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі Грыгорый Родчанкаў меў магчымасьць аддаленага доступу да інфармацыйнай сыстэмы ведамства і мог зьмяняць допінгавыя паказчыкі расійскіх спартоўцаў ужо пасля свайго ад’езду ў ЗША.
У прэс-рэлізе Сьледчага камітэта Расеі гаворыцца, што WADA атрымала ў распараджэньне інфармацыйную базу Маскоўскага антыдопінгавага цэнтру аб тэставаньнях расейскіх спартоўцаў, аддалены доступ да якой мелі Родчанкаў і два іншыя інфарматары, былыя супрацоўнікі цэнтру Алег Мігачоў і Цімафей Сабалеўскі. «Валодаючы правамі доступу да базы і вынікаў тэставаньня спартоўцаў аж да чэрвеня 2016 году, яны мелі магчымасьць бескантрольна зьмяняць іх з мэтай стварэньня ілжывых доказаў», сьцьвярджаюць у Сьледчым камітэце і заяўляюць, што могуць даць WADA і Міжнароднаму алімпійскаму камітэту пацьверджаньні такіх маніпуляцый.
Нядаўна WADA не аднавіла ў правах Расейскае антыдопінгавае агенцтва, у тым ліку і таму, што яно адмовілася даць доступ да допінг-пробаў Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, якія апячатаныя ў межах крымінальнай справы, адкрытай Сьледчым камітэтам Расеі.
Незалежная камісія WADA ў 2015 годзе зрабіла даклад аб дзяржаўнай падтрымцы выкарыстаньня допінгу ў расейскім спорце. Падставай для падрыхтоўкі дакладу, у прыватнасьці, сталі паказаньні Родчанкава. Нацыянальныя антыдопінгавыя агенцтва семнаццаці краін патрабуюць адхіліць Расею ад зімовай Алімпіяды 2018. Канчатковае рашэньне па гэтым пытаньні, як чакаецца, будзе прынятае ў пачатку сьнежня. Улетку 2018 году ў Расеі таксама мае прайсьці чэмпіянат сьвету па футболе.
Родчанкаў цяпер жыве ў ЗША — у Расеі ён завочна арыштаваны. На мінулым тыдні ганаровы прэзыдэнт Алімпійскага камітэту Расеі заклікаў расстраляць Родчанкава.
Днямі брытанскае выданьне The Daily Mail паведаміла са спасылкай на Джыма Ўолдэна, адваката Родчанкава, што былы кіраўнік Маскоўскай лябараторыі гатовы даць інфармацыю аб ўжываньні допінгу ў расейскім футболе.
Паводле выданьня, Родчанкаў сьцьвярджае, што дзясяткі расейскіх футбалістаў, у тым ліку гульцы зборнай Расеі, былі ўдзельнікамі дзяржаўнай допінг-праграмы і што ён гатовы перадаць гэтую інфармацыю ў Міжнародную фэдэрацыю футбольных асацыяцыяў (FIFA). Улетку 2018 году ў Расеі мае прайсьці чэмпіянат сьвету па футболе.