Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натоўпы турыстаў — норма. Што «бязьвіз» нарабіў у Горадні за год


За 13 месяцаў дзеяньня бязьвізавага рэжыму ў Горадні і на частцы тэрыторыі Горадзенскага раёну пабывала амаль 50 тысяч турыстаў з 66 краін сьвету, якія патрацілі каля 10 мільёнаў даляраў, рапартуюць улады. Свабода паразмаўляла з горадзенцамі, што зьведалі турыстычны бум на сабе, і зь іх дапамогай вызначыла 7 станоўчых зьменаў у горадзе.

1. Горадня — эўрапейскі горад. Натоўпы турыстаў на вуліцах — норма

Павольныя групы, якія перасоўваюцца паўз колішні Рынак або фатаграфуюцца каля замкаў, сталі для горадзенцаў звыклай карцінай. Апрача польскай мовы, вуха пачало лавіць на вуліцах ангельскую, нямецкую, літоўскую ды іншыя, менш пазнавальныя.

Крыху больш як за год амаль 50 тысяч замежнікаў скарысталіся мажлівасьцю паглядзець на Горадню бязь візы. Гэта прыкладна ў 20 разоў больш, чым летась, кажа намесьнік старшыні ГА «Рэспубліканскае турыстычна-спартовае таварыства» Сяргей Каляда.

Па выходных на турыстычным паркінгу каля сынагогі стаіць па 10–12 аўтобусаў. Раней бывала 3-4, кажа гісторык і экскурсавод Андрэй Вашкевіч.

Дзякуючы шматлікім гасьцям турфірмы пераарыентавалі сваю дзейнасьць. Як кажа дырэктарка турфірмы «Студия отдыха» Вера Карачанцава, бязьвіз дазволіў рэарганізаваць кампанію, стварыць дадатковы аддзел і перанакіраваць дзейнасьць на ўязны турызм.

За год фірма прывезла 12 тысяч турыстаў. Большасьць прыежджых — літоўцы, палякі, латышы, але ёсьць і немцы, французы, італьянцы, эстонцы, чэхі, амэрыканцы, датчане, галяндцы, партугальцы, нават маўрыкійцы.

Спачатку большасьць турыстаў была сталага веку. Пасьля горадзенскім кірункам зацікавілася і моладзь.

2. Ведаць ангельскую мову варта не дзеля адзнак у школе

Ангельскай мовы ў горадзе паболела. Яна стала больш натуральнай, чымся раней.

Ладзім экспэрымэнт: шукаем у горадзенскіх страўнях мэню па-ангельску і афіцыянтаў зь веданьнем мовы.

У пункце сеткі хуткага харчаваньня касірка паказвае на аўтамат, дзе можна выбраць ангельскую мову. Адмысловага «гаварушчага» афіцыянта няма, але абяцаюць, калі што, паразумецца: «Не хвалюйцеся, да нас заходзіць процьма турыстаў».

У рэстарацыі Горадзенскага мясакамбінату па-ангельску толькі мэню.

«Занадта мала плацяць, каб афіцыянты валодалі мовамі. Добра, калі 300 рублёў атрымаюць», — кажа супрацоўніца. Але абяцае, што замежнікаў абслужаць як мае быць.

У рэстарацыі-бістро, кшталту «Лідо», сытуацыя аналягічная. Мэню ёсьць, стравы падпісаныя на дзьвюх мовах, але «ін’язаў не канчалі». Супрацоўніца пакідае візытоўку з просьбай патэлефанаваць, у які час прыйдуць госьці, каб паставіцца да іх з большай увагай.

Назвы вуліц у цэнтры прадубляваныя беларускай лацінкай
Назвы вуліц у цэнтры прадубляваныя беларускай лацінкай

У кавярні на вуліцы Савецкай у самым цэнтры запэўніваюць, што іншаземцы зарыентуюцца па малюнках ангельскамоўнага мэню.

Адзінае месца, дзе знайшлі афіцыянта з ангельскай мовай, — новы гастрабар паблізу ад Савецкай плошчы. Праўда, па-ангельску ён загаварыў нягледзячы на тое, што кліенты гаварылі па-беларуску.

Назвы вуліц у цэнтры прадубляваныя беларускай лацінкай. Ангельскамоўныя надпісы ёсьць на чыгуначным вакзале. У транспарце пакуль толькі беларуская мова.

3. Імідж дзяржавы толькі палепшыцца

Паводле гісторыка Андрэя Вашкевіча, бязьвізавы ўезд — гэта «адзін вялікі мэгаплюс».

«Вельмі добра, што гэта адбылося. Па-першае, для гораду, па-другое, для іміджу дзяржавы. Тысячы людзей прыяжджаюць у Беларусь і бачаць яе на ўласныя вочы. Так яны робяць высновы пра краіну нажыва, а не праз прызму мэдыяў», — кажа гісторык.

Андрэй Вашкевіч
Андрэй Вашкевіч

Але ці не пагоршыцца імідж дзяржавы ад убачанага?

«Сёлета я сустракаўся з сотнямі людзей, і ніхто не сказаў: „Тут горш, чым я мог падумаць“. Усіх дзівіць беларуская чысьціня, вельмі клясныя дарогі. Ім прыемна пагутарыць з тутэйшымі людзьмі. Збольшага задаволеныя нашай ежай», — кажа Вашкевіч.

4. У Горадню едуць па гісторыю і па настальгію

Стала відавочна, што ў Горадню едуць дзеля памятак гісторыі. Мажліва, гэта падштурхнула ўрэшце заняцца аднаўленьнем Старога замку і рамонтам Калоскае царквы ХІІ стагодзьдзя. За апошні год зьявілася некалькі музэйных установаў.

Рэканструкцыя Каложы
Рэканструкцыя Каложы

Адкрыўся музэй пісанкі ў Сапоцкіне. У ім можна ўбачыць каля 400 чорна-белых велікодных яек, расьпісаных па старадаўняй традыцыі. Гэтая тэхніка ўнесеная ў сьпіс нематэрыяльных каштоўнасьцяў Беларусі. Для ахвотных ладзяць майстар-клясы.

У доме культуры Адэльску для турыстаў пачалі ладзіць цікавую традыцыйную імпрэзу з хатняй выпечкай і дударыкамі. Дарэчы, больш за 20 рэгіянальных страў з Адэльску (пончыкі, бабка, кішка) таксама належаць да нематэрыяльнай спадчыны краіны.

Улады зьвярнулі ўвагу на фарты горадзенскай крэпасьці часоў Першай усясьветнай вайны. Для наведнікаў адчынілі IV форт. Актывісты абмяркоўваюць, як можна выкарыстоўваць для турыстаў астатнія ўмацаваньні. Адзін з варыянтаў — распрацаваць віртуальную экскурсію па дотах.

Часовы мост, узьведзены для рэканструкцыі Старога замку
Часовы мост, узьведзены для рэканструкцыі Старога замку

У будынку былой лясной адміністрацыі часоў Тызэнгаўза ў цэнтры гораду плянуюць адчыніць музэй лясной гаспадаркі. У былым нацыянальным архіве, які належаў да Гарадніцы (гістарычны раён Горадні, створаны з ініцыятывы Тызэнгаўза) і таксама ўжо доўга стаіць закінуты ў цэнтры, зробяць канфэрэнц-залю, галерэю і кавярню — усё гэта за грошы Эўразьвязу.

У цэнтры павесілі шыльды са старымі назвамі вуліц. У старым горадзе паставілі інфармацыйныя стэнды пра гісторыю мясьцін і будынкаў на трох мовах — беларускай, расейскай і ангельскай.

Едуць у Горадню і па настальгію.

«Самымі блізкімі да нас аказаліся літоўцы. Яны едуць паглядзець на мясьціны сваёй маладосьці, калі ўсе мы жылі ў СССР. Мы да іх езьдзілі па каўбасу і сыр, а яны да нас па прамысловыя тавары. Нехта ідзе ў краму „Бирюза“, дзе ў 1980-х набываў заручальныя пярсьцёнкі», — кажа Андрэй Вашкевіч.

Па ягоных словах, прыяжджаюць габрэі з Ізраілю, Амэрыкі, Польшчы, Скандынавіі. Часта гэта людзі, якія або самі нарадзіліся ў Беларусі, або маюць тутэйшых продкаў. Прыяжджала жанчына, якая нарадзілася ў 1942 годзе пад Лепелем у партызанскім атрадзе і перажыла там Галакост.

На думку гісторыка, зону бязьвізу добра было б пашырыць. Палякам цікава было б наведаць Васілішкі, Багатырэвічы, Мількаўшчыну. Габрэям — колішнія штэтлы (габрэйскія мястэчкі), такія як Жалудок, Радунь, Лунна.

5. «Зроблена ў Беларусі» карыстаецца попытам у турыстаў

Ажылі ўсе сфэры эканомікі, зьвязаныя з турызмам. Горад пачаў зарабляць на гасьцях.

Па словах Веры Карачанцавай, турысты набываюць беларускае адзеньне, абутак, касмэтыку, алькаголь, лекі, цукеркі, сувэніры.

Супрацоўніца крамы з трыкатажным адзеньнем беларускай фірмы Mark Formelle пацьвярджае, што кліентаў з-за мяжы — больш за палову ад усіх наведнікаў.

«Найбольш літоўцаў. Больш пераборлівыя палякі і расейцы. Турысты купляюць усё: бялізну, шкарпэткі, адзеньне. Калі беларусы купяць адну-дзьве рэчы, то замежнікі — па дзесяць Іх сярэдні чэк — 150–200 рублёў», — сказалі Свабодзе ў краме.

Гаспадыня этнакрамы «Цудоўня», дзе гандлююць аўтэнтычнымі беларускімі рэчамі, Надзея Несьцяровіч-Вішнеўская кажа, што яны адчулі вялікі наплыў турыстаў улетку.

Надзея Несьцяровіч-Вішнеўская
Надзея Несьцяровіч-Вішнеўская

Замежнікі шукаюць ня столькі магніцікі і кітайскія вырабы, колькі рэчы, якія робяць месца падарожжаў адметным. Чым з далейшых мясьцін яны прыяжджаюць, тым больш цікавяцца традыцыяй і аўтэнтыкай. Нацыянальныя строі купляюць пераважна беларусы-эмігранты.

Падобных крамаў беларускіх вырабаў, блізкіх да аўтэнтыкі, у горадзе амаль няма. Але знайсьці гэтае ўнікальнае месца за 30 мэтраў ад галоўнай вуліцы турысту цяжка. Указальнікі або шыльды нельга ставіць далей, чым на сваім ганку.

«Мы, творчыя людзі, спадзяваліся, што і так усе нас ведаюць. Больш працавалі над зьмесьцівам, атмасфэрай крамы. Цяпер стала зразумела, што трэба больш укладаць у маркетынг, распаўсюд інфармацыі ў інтэрнэце», — кажа Несьцяровіч-Вішнеўская.

Гаспадыня крамы «Лёля», дзе прадаюць стылізаваныя вырабы беларускіх рамесьнікаў, Дар’я Фядотава-Вановіч кажа, што пакупнікі часта шукаюць ільняныя вырабы, палякі цікавіліся вышыванымі ручнікамі. Пыталіся, дзе можна набыць кружэлкі зь беларускай музыкай. Іншых перавагаў няма — цікавіць усё: і вязаныя лялькі, і біжутэрыя.

«Мы робім для іх атмасфэру — ня толькі нешта набыць, але каб яны адчулі, што тут жывуць такія людзі, яны працуюць у такім стылі. Для мяне ня толькі рэчы з арнамэнтам, але ўсе нашы прадметы — гэта ўсё Беларусь», — кажа горадзенка.

Дар’я Фядотава-Вановіч
Дар’я Фядотава-Вановіч

​У «Лёлі» хочуць зрабіць інфармацыйны пункт, дзе кожны зможа даведацца пра мясцовых майстроў і іх вырабы, а таксама — дзе паесьці, што наведаць, якія імпрэзы ладзяцца ў горадзе.

6. Музыка на вуліцах — не правапарушэньне, а лад жыцьця

На пешаходнай вуліцы Савецкай паболела музыкаў. Часамі ім там бывае нават цеснавата.

«Мы ня сварымся, дамаўляемся. Міліцыя нас не ганяе, — кажа гарманістка Алена. — Турыстам падабаецца. Палякі просяць зайграць польскія народныя песьні. Вялікага багацьця за выступы ня маем. Але прыемна, калі кінуць не 50 капеек, а 1–2 злотых».

На шпацыры ўсё часьцей відаць моладзь з кубкамі кавы. На думку ўласьніка адной з самых папулярных горадзенскіх кавярняў «Наша кава» Зьмітра Захаркі, цяпер у цэнтры хапае месцаў, каб выпіць кавы.

Іншаземцаў у кавярню раней заходзіла за месяц некалькі чалавек, цяпер — дзясяткі. Па назіраньнях Зьмітра, густы эўрапейцаў ня розьняцца ад горадзенскіх. Адмысловых прапановаў для замежнікаў няма: «Ня думаю, што беларусы настолькі кепскія, каб прыдумляць нешта толькі для турыстаў».

7. Ёсьць куды расьці

За год дзеяньня «бязьвізу» стала зразумела, што турыст можа вярнуцца, але толькі калі першы раз яму тут спадабаецца. Дзеля гэтага варта яшчэ папрацаваць.

Вера Карачанцава тлумачыць, што турыст шукае танных, але якасных варыянтаў у цэнтры гораду, каб паесьці і пераначаваць. Шэраг кавярняў гатовыя даваць зьніжкі, працаваць у зручны для кліентаў час, зачыняцца на спэцабслугоўваньне групаў. Аднак ёй хочацца, каб у цэнтры зьявіліся месцы харчаваньня зь беларускім калярытам. Каб прапаноўвалі болей страваў беларускай кухні, каб была лепшая сэрвіроўка, афіцыянты ў нацыянальных строях.

Па словах Веры Карачанцавай, застаецца пытаньне зь месцамі для начлегаў. Тры гатэлі ў цэнтры часта перагружаныя, а на гостэлы кліент пагаджаецца неахвотна.

«Турысты патрабуюць прыбіральню і душ у нумары. Прымальны для іх кошт — 15–20 эўра з чалавека. Мы чакаем трохзоркавы вялікі гатэль у цэнтры з прымальнымі коштамі, накшталт гатэляў сеткі Ibis, які адначасова зможа прыняць некалькі групаў турыстаў», — кажа прадстаўніца турфірмы.

Хостэл у Горадні
Хостэл у Горадні

Па словах Сяргея Каляды, сёлета ў Горадзенскім раёне пабудавалі 40 км роварных маршрутаў. На іх паставяць 12 інфармацыйных стэндаў, мапы. У наступныя два гады за грошы Эўразьвязу (2 млн эўра) мяркуюць стварыць роварны «Шлях Тызэнгаўза» ад польскай Саколкі да Горадні праз Кузьніцу. Налета ў вёсцы Радзівілкі каля Аўгустоўскага канала адкрыецца кавярня ў старапольскім стылі і гатэль на 40–50 асобаў.

А вось новых гатэляў у цэнтры за год не зьявілася. Толькі налета абяцаюць адкрыць гатэль на 40 месцаў на Вялікай Траецкай вуліцы.

5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе Беларусь

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG