— Я ў шоку, — канстатаваў калега.
Сьледам вядомы беларускі літаратар, падняўшы чарку пасьля значнай літаратурнай імпрэзы, прызнаўся, што разглядае магчымасьць зрабіць тую карту для сваіх дзяцей.
— Але хіба ты б не хацеў, каб твае дзеці вучыліся й жылі ў нармальнай краіне? — запытаў ён у мяне ў адказ на мой зьдзіўлены позірк.
Я стаяў, глядзеў на яго й згадваў тыя часы, калі нацыяналіст-бізнэсовец яшчэ быў абцяжараны, так бы мовіць, картай беларуса, а вядомы літаратар дзяцей яшчэ ня меў, гэтаксама ж ня меў і спакусы павучыць іх у «нармальнай краіне».
Яшчэ згадваў, як пад час нейкага сэмінару, што праходзіў у Варшаве калісьці ў 1990-я, у дзьверы кватэры, дзе мы жылі, пагрукаліся дзьве беларускі-актывісткі, змагаркі за новую Беларусь, што былі на папярэднім гэткім жа сэмінары. Яны папрасіліся пажыць пакуль будзе доўжыцца наш сэмінар, бо пратэрмінавалі візу, спрабуючы ў любы спосаб застацца ў Польшчы. Адна рэалізоўвала плян праз магчымы шлюб, іншая пайшла ў найміты да гандляра-паляка, так ім не хацелася вяртацца. На той час іхныя пляны праваліліся, але паненкі былі ўпартыя і сёньня абедзьве стала жывуць у Польшчы. Як казаў адзін вядомы пэрсанаж, (праўда, зь іншае нагоды) жыхаркі Польшчы хоць і не «са знакам якасьці», але зь відам на яго. Спадзяюцца, што іх дзеці будуць палякамі праўдзівымі. Я думаю, што так — будуць.
Гэта апошнім часам — тыповыя выпадкі, я б сказаў, нават банальныя. Польшча ці Бэльгія, Швэцыя ці Гішпанія, Чэхія ці Нідэрлянды. У той ці ў іншы спосаб людзі, сьвядома ці не, карыстаюць ідэю незалежнае Беларусі, каб наладзіць свой побыт.
Мара ў канкурэнцыі з рэчаіснасьцю цярпіць паразу ўнутры чалавека, які хацеў у Беларусі Эўропы.
Рэальная карта паляка ўступае ў канфлікт з умоўнай, але ня менш рэальнай картай беларуса, бо карта беларуса — перадусім карта маральнага выбару, асабістай адказнасьці за сваю краіну. Гэта як клятва.
Дэкляруючы сябе палякам, ці можна пры тым заставацца беларусам?
Беларусы, вядома, вялікія майстры хадзіць паміж Сцылай і Харыбдай, але па вялікім рахунку доўга так не паходзіш, трэба будзе прыстаць да нейкага берага, і з картай паляка гэты бераг будзе, натуральна, польскі.
Некаторыя гістарычныя падзеі, датычныя Польшчы й Беларусі маюць радыкальна розную трактоўку, і карта паляка будзе схіляць прыняць польскую вэрсію гэтых падзеяў.
Напрыклад, ці можа картапаляк прызнаць палянізацыю шляхты ВКЛ за разбуральны працэс? Не. А несправядлівасьць рыскага пакту і акупацыю Заходняй Беларусі? Не. А што Wilno nasze? Так.
У выпадку з картай паляка і ўсімі магчымымі картамі іншых краін, якія могуць быць альбо ў тым ці іншым выглядзе ўжо прапанаваныя беларусам, працуе ўнівэрсальны закон: калі ты бярэш чужое, ты губляеш сваё. Трэцяга ня дадзена.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.