У выніку магчымага выкіду радыяцыі пад расейскім Чалябінскам ў верасьні-кастрычніку радыяактыўнае воблака прайшло над Браславам і Пінскам, але радыяцыйнага забруджаньня тэрыторыі Беларусі не адбылося. Пра гэта Свабодзе заявілі ў Белгідрамэце.
Першы намесьнік начальніка Белгідрамэту Марыя Гермянчук пракамэнтавала карэспандэнту Свабоды паведамленьні пра магчымы выкід радыяцыі пад Чалябінскам і аб фіксаваньні радыяцыйнай хмары над Эўропай, якая можа сьведчыць пра аварыю з уцечкай рутэнію-106 на ядзерным аб’екце ў Расеі ці Казахстане ў канцы верасьня.
«Гэта было яшчэ ў канцы верасьня, калі ў паветры знайшлі рутэній-106. Гэта ўжо пройдзены этап. І тут ужо няма чаго асабліва абмяркоўваць. А на сёньняшні дзень радыяцыйнае становішча ў нас зусім нармальнае», — сказала Марыя Гермянчук.
Ці прайшла празь Беларусь хмара, якую зафіксаваў над Эўропай Інстытут ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Францыі (IRSN)?
«Мы паведамлялі, што 3-5 кастрычніка ў Браславе і Пінску мы бачылі рутэній-106. Гэта ўжо час прайшоў. Сытуацыя была і тады ня вельмі цяжкая, а цяпер яна ўжо зусім нармальная. Забруджваньня тэрыторыі Беларусі не было», — запэўніла прадстаўніца Белгідрамэту.
10 лістапада, пасьля паведамленьня IRSN, дзяжурны эколяг Белгідрамэтэацэнтру паведамляў Свабодзе, што «апошнімі тыднямі зьмены ў радыяактыўным фоне паветра не заўважаны».
Расейскія ўлады афіцыйна не інфармавалі Беларусь
Прэс-сакратарка Міністэрства прыроды Беларусі Алена Меляшкова паведаміла карэспандэнту Свабоды, што расейскія ўлады афіцыйна не інфармавалі пра выкіды рутэнію пад Чалябінскам.
«У міністэрства прыроды не паступала інфармацыі пра выбухі ці аварыйныя сытуацыі на расейскіх аб'ектах. Існуе сумесная беларуска-расейская праграма з згодна зь якой мы павінны папяржджваць адзін аднаго пра нейкія надзвычайныя сытуацыі», — сказала прадстаўніца Мінпрыроды.
«Росгидромет» паведаміў пра «экстрэмальна высокае» забруджаньне ізатопам рутэнія-106
У афіцыйнай зводцы «Росгидромет» заявіў пра перавышэньне ўзроўняў радыяцыі на ўсіх пастах Паўдёвага Ўралу і фіксацыю «экстрэмальна высокага» забруджаньня радыяактыўным ізатопам рутэнія-106 з 25 верасьня па 1 кастрычніка, і згадаў, што радыяактыўны рутэній фіксаваў шэраг эўрапейскіх краінаў.
Перавышэньне фону зафіксавалі ў пасёлках пад Чалябінскам, побач зь якімі знаходзіцца вытворчае аб’яднаньне «Маяк», што займаецца вытворчасьцю кампанэнтаў ядзернай зброі, захаваньнем і перапрацоўкай адпрацаванага радыяактыўнага паліва. Менавіта на «Маяку» ў 1957 годзе адбылася першая ў СССР тэхнагенная радыяцыйная аварыя (ніхто не загінуў, але тысячы людзей перасялілі зь небясьпечнай зоны).
Раней у Расеі не прызнавалі ніякіх здарэньняў у сувязі зь фіксаваньнем радыяактыўнага рутэнію эўрапейскімі маніторынгавымі станцыямі. «Росатом» заяўляў, што абстаноўка ў раёне расейскіх ядзерных аб’ектаў нармальная. З чым зьвязаныя падвышаныя ўзроўні радыяактыўнага рэчыва, афіцыйна нічога не тлумачылі.
«Грынпіс» зьвярнуўся да расейскіх уладаў з патрабаваньнем расьсьледаваць магчымае здарэньне са спасылкай на зьвесткі «Росгидромета». Міністар грамадзкай бясьпекі Чалябінскай вобласьці ў адказ заявіў «РИА Новости», што гідрамэтцэнтар не перадаваў зьвестак пра скачкі радыяцыі.
Французы фіксавалі ўцечку радыяцыі ў Расеі або Казахстане
Францускія навукоўцы раней падкрэсьлівалі, што калі б аналягічная ўцечка адбылася ў Францыі, уладам давялося б эвакуяваць людзей, якія жывуць на адлегласьці некалькіх кілямэтраў ад месца выкіду. Аднак пра тое, што падобныя эвакуацыі ў верасьні адбываліся ў Расеі (або суседнім Казахстане), да гэтага часу невядома. Як сьцьвярджалася раней, здароўю людзей у Эўропе ўцечка не пагражала.